Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былую кіраўніцу эўрапейскай дыпляматыі Магерыні вызвалілі пасьля затрыманьня


 Фэдэрыка Магерыні
Фэдэрыка Магерыні

Бэльгійскія праваахоўныя органы вызвалілі Фэдэрыку Магерыні, рэктарку Каледжу Эўропы і былога вярхоўнага прадстаўніка ЭС па замежных справах, пасьля яе затрыманьня.

Пра гэта паведаміла агенцтва AFP з Брусэля. Былая кіраўніца зьнешняй палітыкі ЭЗ Фэдэрыка Магерыні была абвінавачаная разам з двума іншымі асобамі ў рамках расьсьледаваньня «махлярства і карупцыі» ў сувязі з кантрактамі на падрыхтоўку будучых эўрапейскіх дыпляматаў.

«Тры асобы былі афіцыйна апавешчаныя аб абвінавачваньнях супраць іх, — гаворыцца ў заяве Эўрапейскай пракуратуры (EPPO) у сераду праз дзень пасьля іх затрыманьня ў Бруселі. —Абвінавачваньні тычацца махлярства ў закупках і карупцыі, канфлікту інтарэсаў і парушэньня прафэсійнай таямніцы».

«Іх вызвалілі, бо яны ня лічацца такімі, што могуць уцячы», — дадалі ў пракуратуры.

Раніцай 2 сьнежня бэльгійская паліцыя правяла ператрусы ў дыпляматычнай службе ЭЗ у Брусэлі, у Каледжы Эўропы ў Бруге і некалькіх прыватных дамах.

Магерыні з 2020 году займае пасаду рэктара Каледжа Эўропы — вышэйшай школы ЭЗ для дыпляматаў і дзяржаўных службоўцаў. Euractiv з спасылкай на чатыры крыніцы, знаёмыя з расьсьледаваньнем, піша, што гаворка ідзе пра абставіны набыцьця каледжам будынку ў Бруге за 3,2 млн эўра праз тэндэр.

Сьледчыя лічаць, што Каледж Эўропы і ягоныя прадстаўнікі мелі доступ да інфармацыі пра тэндэр, якая павінна была заставацца канфідэнцыйнай для забесьпячэньня сумленнай канкурэнцыі паміж установамі, якія прэтэндуюць на разьмяшчэньне новай Дыпляматычнай акадэміі Эўразьвязу.

Федэрыка Магерыні — у 2014 годзе займала пасаду кіраўніка МЗС Італіі. У 2014–2019 гадах была вярхоўным прадстаўніком Эўрапейскага зьвязу ў замежных справах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG