Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла: Навумчык піша пра тое, што перажыў


Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла

Водгук на кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацьверты» старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

У адрозьненьне ад гісторыкаў, якія пішуць пра падзеі і перажытае іншымі людзьмі, Сяргей Навумчык піша пра тое, што сам бачыў, сам перажыў і сам асэнсоўваў. Ягоныя сьведчаньні, ягоныя спасьцярогі і перажываньні, якія так яскрава перадаюцца чытачу, замалёўваюць перад ягонымі вачыма жывы вобраз апісанага пэрыяду. А пэрыяд гэты ў нашай гісторыі найважнейшы — Адраджэньне, якое прыпала на 90-я гады мінулага стагодзьдзя.

У мэмуарнай літаратуры мінулае набывае характэрныя рысы жыцьця — падзеі адчуваюцца знутры. Безумоўна, гэтае мінулае — перажытае адным чалавекам, у колерах, уласьцівых менавіта гэтаму чалавеку. Нехта нават можа сказаць, што такі погляд на мінулае ня можа быць аб’ектыўным. У кнігах Сяргея Навумчыка, аднак, рэчаіснасьць апісаная ня толькі дакладна такой, якой аўтар яе бачыў і асэнсоўваў у якасьці дэпутата Вярхоўнага Савета, з пазыцыі ў самым цэнтры падзеяў, але і з абапіраньнем на вялікую дакумэнтальную, архіўную базу тых часоў.

Чытаньне мэмуарыстыкі мне заўсёды прыносіла вялізнае задавальненьне, бо дазваляла бачыць у цяперашнім часе даўно прайшоўшае мінулае. Але мэмуарныя кнігі Сяргея заўсёды чытаю з асаблівым даверам і захапленьнем.

Тут, у Канадзе, увогуле на Захадзе, такі жанр non fiction вельмі папулярны і запатрабаваны. Выглядае, што ён набывае прызнаньне і ў Беларусі. Мне таксама колькі гадоў таму давялося выдаць сваю кніжку «Дарога» ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды», за што я безумоўна ўдзячная рэдакцыі.

Дык дзякую Сяргею Навумчыку за гэты такі цэнны дар народу, пра які распаўсюджваецца звонку столькі хлусьні і варожай прапаганды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG