Як паведамляе тэлеграм-канал Палаты прадстаўнікоў, паводле праекту рэспубліканскага бюджэту на будучы год даходы прадугледжваюцца ў суме 54 384,3 млн рублёў. Асноўныя крыніцы падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту — падатак на дабаўленую вартасьць, акцызы, падатковыя даходы ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.
Расходы па праекце бюджэту на 2026 год сфармаваныя ў суме 58 733,2 млн рублёў. На 2026 год фармаваньне праекта рэспубліканскага бюджэту праведзена з дэфіцытам у памеры 4 348,9 млн. рублёў. Дэфіцыт плянуецца закрыць за кошт фінансавых астаткаў зь бюджэтаў мінулых гадоў, заявіў міністар фінансаў Юры Селіванаў.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні прынялі і законапраект «Аб зьмене законаў па пытаньнях падатковых праваадносін».
З інавацый — стаўка ПДВ 10% на яблыкі, вырашчаныя ў дзяржавах, зь якімі ўстаноўлены мытны кантроль. Да канца гэтага году да імпартных яблыкаў прымянялася нулявая стаўка ПДВ у сувязі з неўраждаем.
Таксама перагледзеныя стаўкі падаходнага падатку. Для большасьці грамадзян ён застаецца ранейшым — 13%. Падаходны падатак падвышаецца да 25% для даходаў у памеры звыш 350 тысяч рублёў, але ня больш за 600 тысяч рублёў; падатак 30% устаноўлены для даходаў у памеры звыш 600 тысяч рублёў. У адносінах да дывідэндаў стаўка падаходнага падатку складзе 13% для даходаў у памеры да 350 тысяч рублёў і 25% для даходаў у памеры звыш 350 тысяч рублёў. У ранейшым варыянце, прынятым у першым чытаньні, падаходны падатак на даходы, большыя за 600 тысяч рублёў, складаў 40%. Такі варыянт Палата прадстаўнікоў не прыняла без тлумачэньняў.
Форум