Спадарыня: «Упэўненасьці ў сабе не хапае ўсім нам, беларусам. І болей трэба шанаваць сваю зямлю, там, дзе мы жывём, не аглядвацца на кагосьці. А ў нашай сям’і ўсяго хапае — двое дзетак, маем працу».
Муж: «Я салідарны зь ёю...»
Спадар: «Я сам шчасьлівы. А чаго беларусам не хапае? Мне здаецца, беларусы — шчасьлівы народ. Проста шчасьце трэба ў сабе ўнутры шукаць, гэта ж ня нешта матэрыяльнае. Гэта калі табе жыць хочацца, калі пасьля працы дамоў вяртацца хочацца, калі хочацца абняць сваіх дзетак, свайго коціка пагладзіць. Гэта калі ідзеш на бераг Нёмана і радуесься таму, што навокал бачыш».
Карэспандэнт: «І ўсё ж, чаму вы думаеце, што беларусы шчасьлівы народ?»
Спадар: «Таму што ёсьць народы, у якіх усё яшчэ горш...»
Спадарыня: «У меру я шчасьлівая, хаця ў жыцьці бывае па-рознаму. А што датычыць беларусаў, то ім, напэўна, усё ж не хапае свабоднага часу, каб патраціць яго на сваю духоўнасьць, культуру. Бо цяпер усе пераважна толькі зарабляюць грошы».
Хлопец: «Натуральна, мы шчасьлівыя, бо вучымся ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы, вучоба даецца добра, і мы ўжо нечага дабіліся. А цяпер яшчэ вясна, сонейка, і шчасьце папросту перапаўняе...»
Ягоны сябра: «Дый беларусам для шчасьця нічога не бракуе, усё ёсьць, што трэба, няма ніякіх мінусаў...»
Спадарыня: «Я думаю, што шчасьце ў мяне ўсё ж ёсьць. Самае галоўнае — гэта здароўе. Мне здаецца, што беларусам усё ж бракуе здароўя, бо быў Чарнобыль, розныя экалягічныя праблемы, дый узровень жыцьця ва ўсіх вельмі розны».
Спадар: «Я шчасьлівы, вось толькі здароўя трохі не хапае. Усім жадаю, каб дзеці былі здаровыя, сям’я і каб заробкі ў беларусаў былі вышэйшыя».
Дзяўчына: «Хутчэй за ўсё, я шчасьлівы чалавек. Кожнаму чалавеку, каб ён быў шчасьлівы, трэба мець сям’ю, бацькоў, братоў і сясьцёр, бабуляў і дзядуляў, ну і, вядома, мець болей грошай, бо бяз гэтага нельга ў наш час».
Спадарыня: «Я лічу, што беларусы абсалютна шчасьлівыя. А калі нам усё ж нечага не хапае, то ўсё залежыць толькі ад нас саміх».
Міхал Карневіч, Горадня