Адказваюць эканамісты Дзьмітры Крук і Сяргей Чалы. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.
Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце. Цалкам перадачу можна паслухаць тут.
Галоўная эканамічная падзея году
Чалы: З усіх магчымых рашэньняў праблемаў беларускага рубля абралі адно з самых нечаканых і няўдалых.
Гэта было перадвызначана прэзыдэнтам напачатку 2014 году, які тады выхваляўся, што ён прадухіліў дэвальвацыю. Пазьней у яго выступах слова «дэвальвацыя» ішло праз коску са словамі «крах», «абвал», «Майдан».
Крук: Я лічу, што галоўная падзея году — тое, што беларуская эканоміка страціла патэнцыял росту і канкурэнтаздольнасьць. тое, што мы бачым сёньня на валютным рынку — хутчэй праява гэтай глябальнай праблемы.
Гэта як у хворага пацыента на фоне гаймарыту ўзьнікае насмарк. Галоўная праблема — гэта ўсё ж гаймарыт.
Крызіс імпартаваны ці ўласны?
Крук: Тое, што мы маем, гэта вынік структурных праблемаў. Расейскі фактар і іншыя зьнешнія фактары — другасныя.
Чалы: Падзеі ў расейскай эканоміцы — не прычына, а трыгер таго, што адбылося ў нас.
Залежнасьць ад Расеі вырасла. Памеры дапамогі ад Расеі былі ў рэшце завязаныя на цану на нафту.
Як паказвае вопыт, калі ў Расеі насмарк, то ў нас паўнацэнны грып. У 1998 годзе ў Расеі рубель абясцэніўся у 4 разы, а ў нас пасьля таго, як там усё супакоілася, адбылася дэвальвацыя ў 8 разоў.
«Два сцэнары — дрэнны і вельмі дрэнны»
Чалы: Абраны шлях, каб не пайсьці на простае і лягічнае рашэньне, якое ў 2011 годзе спыніла крызіс літаральна за дзень у верасьні, калі на біржы дазволілі вызначыць курс беларускага рубля. Зараз вынаходзяць масу мыліцаў.
У 2009 і ў 2011 годзе былі краіны, эканомікі якіх працягвалі расьці. Дзякуючы дэвальвацыі мы маглі «скрасьці» іх рост. Зараз патэнцыял росту беларускай эканомікі вельмі абмежаваны.
Крук: Я бачу два сцэнары — дрэнны і вельмі дрэнны.
Дрэнны — працяг таго, што ёсьць зараз. Ён рэальны, калі расейскі рубель замацуецца на ўзроўні 50-55 рублёў за даляр. Тады сцэнар 2015 году будзе падобны на 2014-ы. Гэта нулявы рост рэальных заробкаў.
Вельмі дрэнны сцэнар — новыя фінансавыя стрэсы. Нас можа чакаць скарачэньне ВУП на 4-5 працэнтных пунктаў, скарачэньне занятасьці і заробкаў.
Эканоміка і выбары
Дракахруст: 2015 год — год прэзыдэнцкіх выбараў. Як эканамічныя цяжкасьці, калі яны будуць, паўплываюць на хаду гэтай палітычнай кампаніі?
Крук: Галоўны лёзунг уладаў будзе — мы імкнёмся абараніць тое, што назапасілі за папярэднія гады. У параўнаньні з Украінай і Расеяй частка насельніцтва ўспрыме гэтае тлумачэньне.
Але эканамічная сытуацыя будзе незайздросным фонам для ўлады і адкрые пэўныя магчымасьці для апазыцыі.
Чалы: Другі крызіс за адну прэзыдэнцкую кадэнцыю — гэта поўны правал.
Але гісторыя 2011 году навучыла ўладу, што нават імклівае зьбядненьне ў 2-3 разы не прыводзіць да істотнага павялічэньне пратэстнай актыўнасьці.
Як той казаў, добра зафіксаваны пацыент ня мае патрэбы ў анэстэзіі, зь ім можна рабіць усё, што заўгодна. Адсюль і зьяўленьне грэблівага выразу «народзец» і таму падобнага.