Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкоўнікаў ніхто ня сьпіша


Малюнак Павел Татарнікаў (с) 2014
Малюнак Павел Татарнікаў (с) 2014

Каму вайна, а каму маць радна, кажа прымаўка — ня наская, старая, як наскальны малюнак, але насамрэч па-першабытнаму мудрая. Амаль вайсковая дактрына — хоць і ня першай сьвежасьці. Праўда, родныя маці тых, каго яна мае на ўвазе, наўрад ці пагадзіліся б з такой пастаноўкай пытаньня. Але хто вашу маць будзе пытацца?

Вось жа, коскі забыў паставіць у патрэбных месцах... Недаравальная памылка. У міністэрстве міру з такімі рэчамі не гуляюць. Так, глядзіш, сёньня коскі, а заўтра і само слова «вайна» забудуць. Але беларусам пашанцавала: іх трымаюць у поўнай баявой гатовасьці — і «есьлі заўтра вайна, есьлі заўтра ў паход», усе будуць ведаць, у які бок ісьці, у каго страляць і дзе сьценка, да якой ставяць за лішнія пытаньні.

Бо ў нас ёсьць парад, а ў іх — толькі нейкія правы чалавека, якімі нікога не заб’еш і якія нават на празьнік па вуліцах не пацягаеш.

«Вайсковы парад на Дзень незалежнасьці... Чым будзем пужаць ворагаў?..» — ломяць галовы айчынныя экспэрты. — «Беларуская армія са сваім узбраеньнем выглядае больш моцна за некаторых нашых суседзяў... У выпадку вайны мы здольныя паасобку перамагчы і палякаў, і прыбалтаў... Калі ж ваяваць з усім блёкам НАТО, без Расеі мы доўга не працягнем».

Навошта нам перамагаць тых палякаў і прыбалтаў і як доўга мы працягнем без Расеі, калі ваяваць раптам давядзецца менавіта супраць яе, разам з палякамі і прыбалтамі — усё гэта мала каго цікавіць. Такое ў нашай дзяржавы ўяўленьне пра сувэрэнітэт — сувэрэннай дзяржаве бяз ворагаў нельга. Хаця б патэнцыйных. Праўда, лепш іх падзяліць з кім-небудзь напалам — разам з тым самым сувэрэнітэтам. Таньней выйдзе. І на парадзе будзе выглядаць больш паважна.

Парад, парад: парадантоз менскага асфальту, парадзіхі маўчаць, дзяржава замерла ў параксызьме жарсьці да самой сябе; парадыз ёсьць каму абараніць. Пара давесьці іншым краінам, што мы толькі выглядаем так мірна, а ў сапраўднасьці — тыя яшчэ зьвяры. Самы час адкапаць сякеру вайны, паказаць суседзям цераз плот — глядзіце, што ў нас ёсьць! Страшна? Ну добра, паглядзелі і хопіць. Сякера закопваецца назад, але так, каб абух зь зямлі тырчэў. Калі што — мы вас адным махам. Ладна, двума. Магчыма, нават трыма — але гэта ўжо панікёрства і сабатаж. Нявер’е ва ўласныя ўзброеныя сілы.

Вось жа, калі ў чалавека няма асаблівых талентаў, ён займаецца тым, што кантралюе іншых людзей. Калі дзяржаве няма больш чым ганарыцца, яна ганарыцца сваім войскам. Вайсковая моц — яна такая: пераважыць і культуру, і экалёгію, і адукацыю, ня кажучы ўжо пра легкадумную дэмакратыю. Беларусь ганарыцца сваімі парадамі — але, вядома, не да канца. Усё ж парад безь ядзернай зброі — не парад, а так — пара-тройка фокусаў, здольных зрабіць уражаньне на няўстойлівую народную псыхіку. Эх, а якая была б дэманстрацыя сілы — ня горшая за паўночнакарэйскія гістэрыкі. Якая была б карта ў рукаве...

Ясная рэч, беларусам без параду нельга — як і без вайсковага салюту. Інакш наша краіна пачне падазрона нагадваць эўрапейскую — а гэтага дапусьціць нельга. Вядома, там у іх таксама — НАТО. Штопраўда, уявіць сабе вайсковы парад па-беларуску на вуліцах эўрапейскіх гарадоў цяжкавата.

Але паспрабаваць можна.

Калёны бундэсвэру, якія крочаць бэрлінскімі вуліцамі. Вайсковая тэхніка ў цэнтры Лёндану. Ракетныя ўстаноўкі, горда нацэленыя ў неба над Прагай. Танкі, што паўзуць брукаванкамі Стакгольму. Якое было б відовішча! Як радаваліся б дзеткі! Ачмураныя рознымі «Кніжкамі пра сьмерць», разбэшчаныя блакітнымі лобі, зялёнымі пацыфістамі і, жах які, вызваленыя ад вайсковага абавязку. Трэба вярнуць ім мужнасьць.

Нам жыхароў гэтых гарадоў наогул шкада. Слабакі! Чаго тут саромецца? Парад — гэта прыгожа. Прыяжджайце да нас у Менск, павучыцеся, як ворагаў палохаць. Мастацтва майстраваць пудзілы тут яшчэ не забытае. У вашым НАТО гэтаму ня вучаць — таму Беларусь можа спаць спакойна. Пудзілаў няма, а ворагі ёсьць — гэта і называецца абарончай дактрынай.

Хаця ад НАТО, дарма што ў яго гардэробе няма параднага касьцюму, нічога добрага чакаць нельга. Гэта ведае кожны. Чаму? Таму што НАТО. Таму што так нада. Таму што кальцо ворагаў мусіць самкнуцца і яго трэба разарваць, таму што шпіёны ня сьпяць, а ў брусэлях і вашынгтонах толькі і мараць, што паўтарыць апэрацыю «Барбароса», гэтым разам супраць адной маленькай, але вельмі гордай партызанскай рэспублікі. Толькі называцца апэрацыя будзе інакш, у духу часу і ў адпаведнасьці зь іхнымі гнілымі слабацкімі каштоўнасьцямі. «Барбі ўроссып» ці «Баба з возу» — неяк так.

Але дарэмна яны там лічаць, што на гэтай шматпакутнай, сьвятой зямлі, пад нашым мірным супрацьпаветраным небам можна зладзіць буру ў пустыні ці іншы які бліцкрыг. Камандаваць парадам будзем мы. А намі — расейскія генэралы, у адстаўцы і без. Палкоўнікі, якіх ніхто ня сьпіша. Нашыя ўнутраныя палкоўнікі.

Кожны беларускі вайсковы парад — празрысты намёк суседзям на тое, што яны мусяць раз і назаўсёды пакончыць са сваімі мілітарысцкімі плянамі. Нават калі ніякіх плянаў адносна сінявокай краіны ў пагонах у іх няма. І хаця на пытаньне, «хацят лі рускія вайны», сьвет ведаў адказ задоўга да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну — у нас, на шчасьце, хапае суседзяў і апрача расейцаў.

І ўсе хочуць нешта ўварваць ад беларускага пірага.

Палякам, ясная рэч, не цярпіцца вярнуць свае крэсы. Верыць у гэта вельмі зручна — палёнафобія ў Беларусі лятэнтная і хранічная, а да таго ж мае выразнае адценьне зайздрасьці. Яны ж такія, як мы — дык што гэтыя палякі там зь сябе курчаць? Няйнакш, зноў крэсаў захацелі.

Літоўцы начэй ня сьпяць, усё думаюць-гадаюць: як бы гэта ім на нас напасьці. Вярнуць сабе Мінскас, Наўгардукас і аддаць нам ЭГУ. А ўсіх, каму Вільня наша, саслаць у Палангу.

Латышы падступаюцца падступным поступам да самых подступаў — відаць, адчуваюць недахоп у расейскамоўных неграмадзянах, якіх у Латвіі робіцца ўсё меней. Расейскамоўныя неграмадзяне патрэбныя Латвіі, як паветра — трэба ж кагосьці мучыць у сваіх засьценках.

Што ўжо казаць пра ўкраінцаў. Ня сёньня, дык заўтра нападуць. Прэвэнтыўна — бо адчуваюць, хто каму хаўрусьнік на гэтым лапіку сушы. Яны і так лічаць сваім нашае Палесьсе. Украіна ўжо даўно гадуе на Беларусі сваю пятую калёну — усіх гэтых нацыяналістаў, фашыствуючых малойчыкаў, якія шалеюць ад таго, што іх зноў не пусьцілі на парад. Празьнік жызьні і любві.

І толькі расейцам нічога ад нас ня трэба. У іх і так тут усё ўжо ёсьць.

Галоўнае — нагадваць ім пра гэта часьцей. У тым ліку парадамі — сумеснымі, як прадпрыемствы па вытворчасьці чаго-небудзь мірнага. Гарматнага мяса або вечнай братэрскай дружбы. На жаль, у нас няма свайго Львова — але і Крыму таксама няма, і Данбасу. І таму нам можна ладзіць парады колькі ўлезе — старэйшы брат і сусед дазваляе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG