Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі пасьля раку сьпяваюць, бегаюць маратоны, нараджаюць дзяцей


Сяржук Бахун на афішы прэзэнтацыі кнігі «Жыцьцё пасьля раку»
Сяржук Бахун на афішы прэзэнтацыі кнігі «Жыцьцё пасьля раку»

У кнізе «Жыцьцё пасьля раку» Свабода сабрала гісторыі людзей, якія дакладна ведаюць, што рак вылечваецца. Напярэдадні прэзэнтацыі мы даведваліся, якія перамены адбываліся ў жыцьці герояў пасьля.

Прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку» адбудзецца ў панядзелак 20 кастрычніка а 19:00. У кнізе — 22 гісторыі анкапацыентаў, якія пачулі страшны дыягназ, але здолелі перамагчы сваю хваробу. Імпрэза пройдзе ў малой залі к/з «Менск».

Сяржук Бахун: Глядзім з дачкой гандбол

Свой дыягназ Сяржук Бахун пачуў у 2005 годзе. Тады ж прайшла пасьпяховая апэрацыя, але праходзіць абсьледаваньні былы лідэр берасьцейскага «Маладога фронту» мусіць дагэтуль. Кажа, што хоць і ёсьць уяўленьне, што ён перамог рак, але гэта такая хвароба, зь якой трэба змагацца ўвесь час.

— Але рук я не апускаю. Ва ўсім астатнім зьменаў няма, жыцьцё працягваецца. Дачка расьце і цешыць, дзякуй Богу. Любім зь ёй падарожнічаць. Улетку езьдзілі ў Палангу, але ня толькі на мора, пасьпелі яшчэ і ваколіцы наведаць. Ходзім на шматлікія мерапрыемствы, напрыклад, у лялечны тэатар. Дачка мая любіць нават гандбол глядзець, а зборная ў нас акурат на добрым узроўні. Але найбольш хіба любіць рыцараў, таму наведваем розныя тэматычныя мерапрыемствы. Відаць, у кожнай дзяўчыне закладзеная любоў да рыцараў.

Антон Івашкевіч: Бегаю, але крыху меней

Антон Івашкевіч
Антон Івашкевіч

Яшчэ летась падчас размовы Антон Івашкевіч уразіў нас сваёй неверагоднай фізычнай формай. Антон Іванавіч займаўся плаваньнем у маладосьці, а пасьля хваробы пачаў бегаць. І ўжо трыццаць гадоў не спыняе сваіх трэніровак.

— Дзёньнік самакантролю вяду, абавязкова. Я запісваю там ціск, пульс і што я натварыў падчас трэніроўкі. Як бегаю, так і бегаю, толькі крыху меней, — шчыра распавядае Антон Іванавіч, але ня кажа, што ўсё гэта ён робіць у свае амаль восемдзесят.

Калі Антон Іванавіч даведаўся пра дату і час прэзэнтацыі кнігі, то нават расстроіўся — акурат у гэты час мае сход у пратэстанцкай царкве, якую ўжо даўно наведвае. Кажа, што падчас спатканьня хацеў падзяліцца досьведам і ідэямі з маладымі. У тым, што Антон Іванавіч яшчэ не аднаму маладзейшаму дасьць форы, сумнявацца не выпадае.

Барыс Шаравар: Жыву прыродай

Барыс Шаравар
Барыс Шаравар

68-гадовы Барыс Шаравар, акрыяўшы, цалкам прысьвяціў сябе сям’і і прыродзе. Год таму былы пацыент Бараўлянаў распавядаў, што кожную вольную гадзіну стараецца быць на прыродзе, а з вудай на возеры праводзіць фактычна па паўгода. Кажа, што за час пасьля інтэрвію ніякіх кепскіх наступстваў ня зьведаў і працягвае цешыцца жыцьцём:

— Увесь час намагаюся рухацца: ці то ў лес, ці на рэчку, ці на возера. Балазе, на Аршаншчыне прырода надзвычай багатая, разнастайная. Дый лета сёлета выдалася добрае. З жонкай і сябрамі выяжджалі, адпачывалі на азёрах, па цэлым тыдні нават удавалася стаць лягерам з намётамі. Рыбалка пастаянна, ледзь не ад сьнегу да сьнегу. А як толькі пайшлі грыбы — то ў грыбы, вядома ж, езьдзілі. Таму, яшчэ раз кажу, вяду абсалютна актыўны лад жыцьця. Можна нават сказаць, што толькі прыродай і жыву, бо, як на маё перакананьне, наўрад ці што яшчэ можа так пазытыўна ўплываць на чалавека.

Аляксандар Паляшчук: Тэатар і шпіталь

Аляксандар Паляшчук
Аляксандар Паляшчук

Саша захварэў на рак у 23 гады. Цяпер яму 29. Кажа, што, як і год таму, вядзе звычайнае жыцьцё, ходзіць у тэатар — апошні раз быў акурат на днях.

Але на мінулым тыдні трапіў у шпіталь з падазрэньнем на рэцыдыў анкалёгіі.

— Зьявіліся пэўныя сымптомы, і дактары мяне абсьледавалі, але абышлося. У лякарні я зразумеў, што людзі зусім мала ведаюць пра анкалёгію. Нават тыя, якія хварэюць, нічога пра хваробу не разумеюць. Гэта цяжкая навука — анкалягічная паталёгія. Чалавек, які перахварэў і вылечыўся, стаў такім дылетантам-лекарам без клінічнай практыкі. Ёсьць людзі, якія проста просяць парадаў. Я лічу, што варта слухаць дактароў і пачынаць лячэньне адразу, не чакаць некалькі тыдняў, месяцаў.

Люк Олнат: Сын даў мне надзею

Люк Олнат з сынам
Люк Олнат з сынам

Пра сваю хваробу брытанец Люк Олнат даведаўся летась у красавіку. Неўзабаве адбылася пасьпяховая апэрацыя, а потым Люк праходзіў курс хіміятэрапіі. 6 студзеня, яшчэ падчас лячэньня, у сям’і Люка нарадзіўся другі сын. Менавіта дзіця дало яму тады столькі надзеі, распавядае мужчына. І працягвае даваць надзею сёньня. Зусім нядаўна Люк прабег свой чарговы маратон і ўжо рыхтуецца да наступнага.

— Прайшло ўжо амаль 18 месяцаў ад таго дня, калі я даведаўся, што ў мяне рак. Але сёньня па-ранейшаму ня маю прыкметаў хваробы. Пасьля апошняга абсьледаваньня я ў поўным парадку, і мае дактары кажуць, што задаволеныя гэтым. Але пакуль што нельга сказаць, што ўсё выдатна. Бывае, што рак вяртаецца, і гэта дратуе.

Яшчэ некалькі гадоў давядзецца вельмі пільна ставіцца да ўсіх абсьледаваньняў. Для мяне гэта найцяжэйшае ў раку — ня хімія ці апэрацыя, але жыцьцё з пастаянным страхам, што гэты зьвер вернецца. Але як ёсьць, так ёсьць — і пакуль што я перамагаю.

Натальля Саматыя: «Акіян Эльзы» павышае адрэналін

Натальля Саматыя
Натальля Саматыя

Яшчэ адну нашу гераіню, Натальлю Саматыю, у жніўні звольнілі са школы, дзе яна працавала сацыяльным пэдагогам. Цікавасьць жа да музыкі і канцэртаў у спадарыні Натальлі застаецца.

— Жыцьцё працягваецца. Я жыву, хаджу на канцэрты. Вось ужо зусім хутка іду на легендарнага Лені Кравіца. Яшчэ маю квіток на канцэрт украінскага гурту «Акіян Эльзы». Не магу дачакацца! Я ўвогуле глыбока перажываю апошнія падзеі ва Ўкраіне, сачу за любымі здарэньнямі. Падабаецца тое, як сябе паводзіць Андрэй Макарэвіч. Вельмі яго падтрымліваю. А з «Акіянам Эльзы» я нават баюся, бо калі ўключаю, то адрэналін павышаецца. Старую музыку мне ўжо ня надта хочацца слухаць.

Ірына Жыхар: Сьпяваю пад гітару ў шпіталях

Ірына Жыхар на афішы прэзэнтацыі кнігі «Жыцьцё пасьля раку»
Ірына Жыхар на афішы прэзэнтацыі кнігі «Жыцьцё пасьля раку»

48-гадовая Ірына Жыхар чула анкалягічны дыягназ двойчы. Першы раз — яшчэ 20 гадоў таму, другі — у 2008-м. Хваробу ўдалося перамагчы, але спадарыня Ірына як ніхто ведае, як патрэбная дапамога хворым на анкалёгію. Некалькі гадоў Ірына займалася каардынаваньнем такіх групаў падтрымкі, а ў сакавіку нарэшце была зарэгістраваная сацыяльна-асьветніцкая ўстанова «Цэнтар падтрымкі анкалягічных пацыентаў „У імя жыцця“».

Яшчэ адной формай падтрымкі лічыць спадарыня Ірына сваё новае хобі — літаральна некалькі месяцаў таму жанчына пачала займацца сьпевамі ў Сержука Доўгушава.

— Я настолькі баялася хіміятэрапіі, што пачала вучыцца граць на гітары. Цяпер хачу навучыцца карыстацца сваім прыродным голасам. Развучваю зь Сержуком беларускі фальклёр, люблю хрысьціянскія псальмы, бардаўскія песьні. Ужо выступала перад анкапацыентамі ў Бараўлянах, Менску, нават Пінску. Заўсёды, калі наведваю кагосьці падчас хіміятэрапіі, бяру гітару і раздрукоўкі песень. Дактары, дарэчы, ніколі не замінаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG