Як адзначаецца ў паведамленьні, квіткі можна набыць на аўтавакзале «Цэнтральны», а таксама на інтэрнэт-пляцоўках: infobus.by, infobus.eu, intercars-tickets.com.
Аўтобусы будуць езьдзіць па маршрутах у Вільню, Коўна і Рыгу.
19 лістапада ўрад Літвы вырашыць, ці адкрываць два закрытыя памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Нацыянальная камісія па бясьпецы рэкамэндавала аднавіць памежны рух. Гэтаму папярэднічала сустрэча на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных службаў Літвы і Беларусі.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі). Якраз тады краіны Балтыі прынялі рашэньне ўмацоўваць усходнюю мяжу на фоне мігранцкага крызісу і ў сьвятле патэнцыйных ваенных пагроз, якія паходзяць ад Масквы і Менску.
- Урад Літвы стаў задумвацца пра закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка. А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машынаў з дыпляматычнымі нумарамі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа зачыняецца да 30 лістапада з магчымасьцю падаўжэньня ў выпадку, калі становішча з кантрабандай не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня беспасьпяхова спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве альбо адмяніць рашэньне аб закрыцьці мяжы, альбо выйсьці на палітыка-дыпляматычнае вырашэньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацый зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адбылося адкрыцьцё двух пунктаў у Бераставіцы (Баброўніках) і Кузьніцы (Брузгах). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю яшчэ да раней названай даты 30 лістапада.
Форум