Апошні ліст палітвязьня Мікалая Статкевіча зачытала Свабодзе ягоная жонка Марына Адамовіч.
«У гэтым месяцы ў мяне два крымінальныя юбілеі. Па першае, 17 кастрычніка будзе 15 год Маршу свабоды. Час тады быў жахлівенькі — пачалі зьнікаць дэмакратычныя лідэры, была створаная саюзная дзяржава і справа ішла да страты незалежнасьці. На Марш свабоды выйшла па розных ацэнках ад 20 да 60 тысяч чалавек. Дэманстрацыю я вырашыў па розных прычынах па праспэкце не весьці, а абыйсьці цэнтар па Першамайскай. Але прайсьці не атрымалася, бо ўлады пасьпелі перамясьціць спэцназ ад цырку і закрыць мост на Першамайскай. Мусіў разварочваць калёну, але калі яна разьвярнулася, спэцназ напаў ззаду. А там як раз тратуар пліткай выкладвалі, вось людзі і схапіліся за тую плітку. Былі параненыя з абодвух бакоў. Але рашучасьць людзей была наказаная настолькі вялікай, што пасьля Маршу свабоды выкраданьні палітыкаў спыніліся, а „інтэграцыйная“ рыторыка ўладаў стала мяняцца на „незалежніцкую“. З Валадаркі я тады выйшаў пасьля галадоўкі і яшчэ 2 гады на судах цягалі.»
За ўдзел у Маршы свабоды 1999 году Мікалай Статкевіч атрымаў вялікі штраф, а праз 5 год палітыка пакаралі зноў, але ўжо больш адчувальна — 2 гадамі «хіміі». Гэтак яго пакаралі за арганізацыю дэманстрацыі супроць рэфэрэндуму, які дазволіў Лукашэнку абірацца на прэзыдэнта больш як на 2 тэрміны. Угодкі тых крымінальных спраў і адзначае палітвязень Мікалай Статкевіч ў магілёўскай крытай турме. Там палітыка трымаюць паводле прысуду ў 6 год нібыта за арганізацыю масавых непарадкаў ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.