Амбасада Літвы ў Менску штодня выдае ў сярэднім 1100 візаў. Статыстыка за першае паўгодзьдзе сьведчыць: калі параўноўваць з тым жа леташнім пэрыядам, сёлета прырост выдадзеных дакумэнтаў — амаль 7%. Паводле колькасьці турыстаў, якія наведваюць Літву, Беларусь займае другое месца ў сьвеце, саступаючы толькі Расеі. Падлічана, што кожны беларускі турыст праводзіць у суседняй краіне ў сярэднім 3–4 дні, пакідаючы там 518 літаў.
«Аднак тэхнічныя магчымасьці амбасады дасягнулі мяжы. Электронная сыстэма рэгістрацыі ўвесь час атакуецца. Некаторыя людзі, магчыма, наўмысна, а магчыма, дзеля нажывы, ствараюць дадатковыя перашкоды для плённай працы візавай службы амбасады. І хоць візаў выдаецца болей, чэргі ў амбасады не зьмяншаюцца», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы МЗС Літвы.
Каб вырашыць праблему чэргаў, МЗС Літвы вырашыў скарыстаць усясьветны досьвед і адкрыць у Беларусі камэрцыйныя візавыя цэнтры. Будзе абвешчаны міжнародны тэндэр, і яго пераможца атрымае права афармляць неабходныя дакумэнты.
«У гэтым рашэньні літоўскіх уладаў ёсьць і пэўная наша заслуга», — кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, з ініцыятывы якога сустрэчы палітыкаў суседніх краін сталі рэгулярнымі:
«У пятніцу будзе магчымасьць пра пытаньні візаў, інфраструктуры мяжы размаўляць зь міністрам замежных спраў Літвы Лінкявічусам, які прыбывае з працоўным візытам у Менск. Падчас нашых шматлікіх сустрэч у Сэйме Літвы мы гаварылі і пра неабходнасьць пашырэньня інфраструктуры мяжы. Бо гэта вельмі дрэнна, калі беларусы 3, 5, 6 гадзін стаяць у чэргах, каб перасекчы мяжу.
А па-другое, вядома, найвялікшая праблема — атрымаць візу. Чэргі ў амбасадах — велізарныя. Ці вы́рашаць гэтую праблему цэнтры, трэба глядзець. Досьвед брытанцаў ня вельмі добры. Але калі літоўскія цэнтры дадуць больш магчымасьцяў атрымліваць беларусам шэнгенскія візы, то гэта, вядома, будзе плюс. Гэта тое, на чым мы ўвесь час настойваем. Чым болей беларусаў выяжджае за межы краіны, тым больш альтэрнатыўная ў іх думка».
Першы і пакуль адзіны візавы цэнтар у Беларусі адкрыла Вялікая Брытанія. З 18 чэрвеня 2014 году ў менскім «Прэзыдэнт-Гатэлі» кампанія «Тэлепэрформанс лімітэд» — пераможца брытанскага тэндэру — прымае дакумэнты ў беларусаў. Аднак чамусьці выйшла так, што амаль за тры месяцы да пачатку працы візавага цэнтру брытанская амбасада, якая раней сама выдавала візы, спыніла гэтую працэдуру. Яна пачала перасылаць дакумэнты беларусаў у амбасаду Вялікай Брытаніі ў Маскве. У выніку — афармленьне дакумэнтаў і вяртаньне іх у Менск зацягвалася надоўга.
Ахвярай гэтага непаразуменьня стаў, напрыклад, беларускі журналіст Андрэй Аляксандраў. Вось што ён апавёў Свабодзе:
«Я чакаў цяперашняй сваёй брытанскай візы 7 тыдняў. Я падаваў свае дакумэнты празь візавы аддзел амбасады Брытаніі ў Менску. Пасьпеў, як кажуць, у апошні момант. Вялікая праблема ў тым, што, па-першае, гэта робіцца ў Маскве. А гэта зацягвае апрацоўку дакумэнтаў. Па-другое, фактычна немагчыма пры ўзьнікненьні нейкіх пытаньняў зьвязацца з супрацоўнікамі ў Маскве. То бок натыкаесься на тэлефоны, якія распавядаюць агульную інфармацыю, альбо агульныя формы зваротнай сувязі на нейкіх сайтах. Я ведаю, што некаторыя мае калегі вымушаныя былі чакаць візы ад 6 да 8 тыдняў.
А знаходзіцца два месяцы ў Беларусі бяз пашпарта, які адначасова зьяўляецца і ўнутраным дакумэнтам, даволі складана з розных практычных меркаваньняў. І па-другое, мусіш заставацца амаль два месяцы ў абсалютнай невядомасьці».
МЗС Беларусі цяпер вядзе перамовы з Брусэлем аб спрашчэньні візавага рэжыму з краінамі Эўразьвязу.
«На гэтых кансультацыях разглядаецца ўвесь комплекс праблемаў, у тым ліку зьмяншэньня кошту самой візы і палягчэньня яе атрыманьня. Але працэдура выдачы віз рэгулюецца тым бокам, якія іх выдае. То бок функцыянаваньне візавых цэнтраў рэгулююцца краінамі, якія заключаюць зь імі адпаведныя дамовы», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.
У МЗС Літвы абяцаюць улічыць увесь досьвед. У тым ліку і працы з 2012 году літоўскіх візавых цэнтраў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Іх у розных гарадах Расеі ўжо 17. Дарэчы, як паведамляе партал delfi.lt, у літоўскім візавым цэнтры ў Маскве дакумэнты прымаюцца без папярэдняй рэгістрацыі. Рашэньне па візе павінна прымацца цягам 10 дзён з моманту падачы заявы.
Візавыя цэнтры ў Расеі ўжываюць два віды сэрвіснага збору — 18 эўра за афармленьне пашпарта безь біямэтрычных дадзеных і 19 эўра — зь біямэтрычнымі дадзенымі.
У прэсавай службе МЗС Літвы мне сказалі, што пытаньне пра кошт афармленьня дакумэнтаў у візавых цэнтрах на тэрыторыі Беларусі пакуль заўчаснае. А адзін з дыпляматаў, які прадстаўляе ў Беларусі краіну з Шэнгенскай зоны, выказаўся на гэты конт так:
«Падобна, што з 2015 году кошт шэнгенскай візы для беларусаў зьменшыцца да 35 эўра. Але з улікам апрацоўкі дакумэнтаў у візавых цэнтрах беларусу, мабыць, давядзецца выкласьці 50–55 эўра».