У 1939 годзе беларускімі навукоўцамі было зроблена адкрыцьцё, якое так і хочацца назваць фундамэнтальным...
Але мала каму чаго хочацца. Каб раскідвацца такімі высокімі словамі, трэба, як казаў адзін вучоны, наважыцца на «сьмелае пранікненьне ў глыбіню сівых вякоў праз дылювіі, пліяцэны, міяцэны і іншыя напластаваньні».
Геніяльны палеантоляг і мужны герой антысавецкага супраціву Алесь Гарлахвацкі пліяцэнаў не пабаяўся, выйшаў сухім з дылювіяў і перад іншымі напластаваньнямі таксама не адступіў. Так сярод цудаў і дзівосаў Беларусі зьявілася напалову сьвіньня, напалову мамант, істота, якая адкладае яйкі, мае жабры і харчуецца нацыянальна сьвядомай чалавечынкай — вялікі і жахлівы svintus grandiosus.
Паколькі размова ідзе пра сур’ёзныя, навуковыя рэчы, дык ня лішне будзе зьвярнуцца да вартых даверу крыніцаў. А тыя недвухсэнсоўна сьцьвярджаюць, што костка сьвінтуса была ўпершыню знойдзеная ў 1939 годзе на заднім дварэ менскага рэстарана «Эўропа» асыстэнтам Цюлікам, які дарма што сабака, а прывалок тую частку дагістарычнай жывёлы не ў НКУС і не ў германскае консульства, а наўпрост у Інстытут геалёгіі. Знаходка выклікала ажыўленыя дыскусіі сярод беларускіх, дый ня толькі беларускіх вучоных.
Ня ведаю: у Менску мусіла б існаваць як мінімум дзьве вуліцы, названыя ў гонар згаданых герояў навукі. Вуліцай Гарлахвацкага магла б зрабіцца цяперашняя Карла Маркса, а вуліцай Цюліка — ну хаця б якая-небудзь у раёне сталічнага заапарку. Што да Акадэміі навук Беларусі, дык перад ёй цудоўна і сымбалічна глядзеўся б помнік Сьвінтусу, у поўны рост. Бо за ўсе астатнія гады беларуская навука так і не змагла зрабіць больш значнага адкрыцьця. Хаця старалася з усяе моцы. Ня там шукала, відаць. Ня ў тым рэстаране.
Пішуць, што цяпер нашы генныя інжынэры чалавечых і сьвінячых душ спрабуюць кланаваць сьвінтуса — ён добра прыдаўся б у сельскай гаспадарцы і іншых галінах эканомікі і грамадзка-культурнага жыцьця. Даручэньне ажывіць і прыручыць выкапня даў нядаўна беларускім навукоўцам сам прэзыдэнт, звыкла прапанаваўшы акадэмікам альтэрнатыву: або сьвінтус, або астрог. То бок ці костку на патрэбу наргасу, ці ўласныя косьці на нары. Вучоныя падумалі сэкундачку і выбралі сьвінтуса — інтэлектуалы ўсё ж, з галавой і жабрамі ўсё ў парадку. Аднак пашкадавалі, напэўна, што «не адстаюць ад сусьветнага ўзроўню, а ў некаторых галінах нават лідзіруюць», як прызнаўся ў адным інтэрвію старшыня прэзыдыюму НАН Беларусі.
У чым такім лідзіруюць беларускія вучоныя, ніякага сакрэту няма: аказваецца, акурат у галіне геномнага мэханізму і клетак. А яшчэ ў нанатэхналёгіях, нанаматэрыялах, парашковай мэталюргіі... Знайшлі чым ганарыцца. На-на, на-на, заладзілі, як дзеці — хіба гэта беларускі шлях? Грандыёзус — вось гэта наш, айчынны маштаб. Так ці іначай, пагалоўя маладых сьвінтусаў, якія мірна пасьвяцца ў мэтро, вызваляючы яго ў гадзіны пік ад празьмернага наплыву пасажыраў, на жаль, як не было, так і няма. Упушчэньне і недапрацоўка, як кажуць пісьменьнікі, якіх забылі павіншаваць зь юбілеем.
Але пісьменьнікі — гэта іншы акадэмічны інстытут. Палеанталягічны. Паспалітаму чалавеку да яго справы няма. Яму — дастань і пакладзі. Аднак дасягненьняў беларускай навукі ён неяк ня бачыць. Ці ён блізарукі, ці занадта ўжо яна на-на. Нананавука на нанаўзроўні. Цуды і дзівосы безь мікраскопу відаць, а навукі — днём з алімпійскім агнём не адшукаеш. Застаецца сьвінтус, на яго ўся надзея добранадзейных грамадзянаў.
Дарэчы, пра добранадзейнасьць. Сьвінтус мог бы вельмі добра прыдацца ў ахове грамадзкага парадку; галодны міліцэйскі сьвінтус з нумарам на баку глядзеўся б унушальна і аўтарытэтна: прынамсі, жалезам па шкле ніхто б у ягонай прысутнасьці маляваць ня стаў бы. І на камэру здымаць таксама. Можна было арандаваць яго расейцам за ўмераную плату, разганяць балотныя плошчы. Беларускім навукоўцам усё роўна, хто дае ім грошы.
Але галоўнае прызначэньне сьвінтуса — вядома, іншае. На яго, сьвінтуса, можна ўсё сьпіхнуць. Сьвінтус уладарыць у беларускай навуцы — як інакш патлумачыць, што ў краіне няма ніводнага беларускамоўнага ўнівэрсытэту? Дзе прычына таго, што акадэмікі, выступаючы па тэлевізіі, двух словаў зьвязаць ня могуць: ні па-расейску, ні па-беларуску? Адзін нядаўна памерлы заслужаны прафэсар мовазнаўства ня ведаў, што такое «вікіпэдыя», і ганарыўся гэтым, выкінуў са слоўніка такія незразумелыя беларусам лексэмы, як «фатэль», «вечарына» і «імпрэза», а што да мовы, дык агучваў сваю пазыцыю так: «Кожнаму шчыраму прыхільніку беларускай мовы неабходна абмежаваць свае жаданьні распаўсюдзіць яе ўжываньне ва ўсіх сфэрах».
Я бачу Беларусь недалёкай будучыні. Дзе падчас чарговага хакейнага чэмпіянату сьвету (спадзяюся, яны будуць праводзіцца тут кожны год і сьвінтус зноўку вымра, гэтым разам ад вечнай хакейнай мерзлаты) замест сымбалічных зубранятаў тут на кожным кроку будуць выявы сымпатычных, зусім бясьпечных і палітычна ляяльных сьвінтусаў. Сьвінтус, сьвінтус грандыёзус, гаўдэамус ігітур. Зрэшты, калі мы ўжо загаварылі на лаціне, цудус цудум розьніцум. Некаторыя цуды мы ствараем самі — а іншыя ствараюць нас.