Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя ЭГУ арганізоўвае конкурс сярод выкладчыкаў


Сэнату, які стаў у апазыцыю рэктарату ЭГУ, абяцаюць магчымасьць намінаваць двух вонкавых прадстаўнікоў конкурснай камісіі.



Адміністрацыя Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту выступіла з заявай, у якой паведамляе, што пагадзілася на просьбы выкладчыкаў, якія хочуць працаваць паводле доўгатэрміновых працоўных дамоваў:

«Мы згаджаемся, што асноўны выкладчыцкі склад павінен быць працаўладкаваны на іх аснове. Каб заключыць такія дамовы, закон патрабуе правесьці адкрыты конкурс. Каб пасьпець падпісаць дамовы своечасова да пачатку наступнага навучальнага году, мы пераходзім да арганізацыі адкрытага конкурсу. Нашае рашэньне падтрымана Кіраўнічай радай і адпавядае Статуту ўнівэрсытэту і законам Літвы. Новыя вакансіі будуць абвешчаныя неўзабаве. Мы будзем выкарыстоўваць крытэры адбору, зацьверджаныя Сэнатам у 2010 годзе — пастолькі, паколькі яны адпавядаюць літоўскім законам, а Сэнат будзе мець права намінаваць двух зьнешніх навукоўцаў у Конкурсную камісію».

Адміністрацыя ЭГУ выступіла з крытыкай дзейнасьці сябраў Сэнату ЭГУ на чале са звольненым прафэсарам Паўлам Церашковічам:

«На жаль, група выкладчыкаў выкарыстоўвала свае пасады ў Сэнаце, каб перашкодзіць арганізацыі адкрытага конкурсу. Мы, адміністрацыя, шматкротна прасілі Сэнат зрабіць унёсак у гэты працэс і хацелі б абмеркаваць пункты непаразуменьня. Нашыя прапановы абмеркаваць непаразуменьні былі збольшага не пачутыя.

Чыненьне перашкодаў суправаджалася адкрытым ачарненьнем кіраўніцтва і кіраўнічых органаў Унівэрсытэту; скажэньнем палітыкі Ўнівэрсытэту, у тым ліку неабгрунтаванымі публічнымі абвінавачваньнямі, быццам бы Ўнівэрсытэт мае намер звольніць і дыскрымінуе беларускіх выкладчыкаў; патрабаваньнямі, каб зь некаторымі выкладчыкамі былі заключаныя доўгатэрміновыя працоўныя дамовы бяз конкурсу; ультыматумамі кіраўнічым органам Унівэрсытэту і пагрозамі арганізацыяй незаконных страйкаў, зрывам набору студэнтаў і адносінаў са стэйкхолдэрамі і донарамі; нагнятаньнем страху і маніпуляваньнем студэнтамі».

Адміністрацыя ЭГУ запэўнівае, што прымае захады для забесьпячэньня бесьперапыннасьці навучальнага працэсу, што ВНУ цалкам прытрымліваецца акадэмічных свабодаў, у тым ліку і свабоды выказваць нязгоду з рашэньнямі адміністрацыі.

«Мы перажываем пэрыяд пэўных выклікаў, але мы ўпэўненыя, што пераможа розум. Ад імя як выкладчыкаў, так і адміністрацыі мы б хацелі запэўніць студэнтаў у нашай адданасьці ім. У нас ёсьць упэўненасьць у будучыні нашага Ўнівэрсытэту, а таксама падтрымцы нашых донараў і прыхільнікаў», — гаворыцца ў заяве.


Канфлікт у ЭГУ


Канфлікт адміністрацыі ўнівэрсытэту і выкладчыкаў ЭГУ, якія аб’яднаныя ў прафсаюз выкладчыкаў «Плятформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.

13 студзеня рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэньне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэньне 17 выкладчыцкіх пасадаў.

Старшыня сэнату ЭГУ Павал Церашковіч выказаў сумнеў у справядлівасьці і празрыстасьці гэтага конкурсу. Асноўная асьцярога, якую маюць прадстаўнікі сэнату, — гэта тое, якім чынам будзе фармавацца конкурсная камісія.

9 лістапада прайшлі выбары ў сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які працуе ў Вільні. Сэнат — галоўны орган акадэмічнага самакіраваньня. У сэнат прайшло 12 з 13 прадстаўнікоў дэмакратычнай плятформы «За новы ЭГУ». Яна аб’яднала выкладчыкаў, нязгодных з прапанаваным адміністрацыяй ВНУ плянам разьвіцьця ўнівэрсытэту.

«Плятформа» хоча вярнуць праекту ЭГУ ягоны першапачатковы сэнс — эфэктыўнай беларускай гуманітарнай ВНУ з эўрапейскай якасьцю адукацыі і навуковай працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG