Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Хашчавацкі: У чым я памыляўся, калі думаў, што сыстэма ўзарвецца знутры


Рэжысэр Юры Хашчавацкі, аўтар дакумэнтальнага фільму «Звычайны прэзыдэнт» і анімацыйнага вобразу Аляксандра Лукашэнкі ў перадачы «Экспэрт» на тэлеканале Белсат разважае, чаму беларуская сыстэма прадукуе абсурды і хто можа гэта спыніць.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:40 0:00
Наўпроставы лінк

Аляксандар Лукашэнка стаў ляўрэатам жартаўлівай Шнобэлеўскай прэміі міру 2013 году. Беларускага прэзыдэнта ўзнагародзілі за забарону публічных аплядысмэнтаў і арышт аднарукага, які нібыта пляскаў у ладкі. Спадар Юры, за якія дзеяньні, заявы, указы вы б вылучылі Аляксандра Лукашэнку на Шнобэлеўскую прэмію, акрамя забароны воплескаў?

Практычна кожны з 19 гадоў ён павінен быў як мінімум уваходзіць у намінацыю. А калі асудзілі глуханямога хлопца за выгукваньне антыпрэзыдэнцкіх лёзунгаў? А гістарычныя досьледы аб працы Скарыны ў Піцеры? А вершы Быкава? А ў галіне эканомікі — за тыя ж «100 даляраў», альбо ягоныя ўяўленьні аб тым, як фармуецца рынак валют — памятаеце, ён тлумачыў людзям: у мяне ёсьць мех даляраў, а вы мне прынесьлі два мяхі рублёў, і мы мяняемся?

Калі тыдзень таму прагучала заява Аляксандра Лукашэнкі пра ўвядзеньне выязнога мыта 100 даляраў для беларусаў, многім гэта падалося напачатку проста эмацыйнай заявай, але ўжо на гэтым тыдні чыноўнікі заявілі пра пачатак яе рэалізацыі. Як вы мяркуеце, любая, самая абсурдная прапанова кіраўніка Беларусі будзе рэалізаваная? Ці ёсьць магчымасьць на нейкім узроўні спыніць абсурд?

Я думаю, што спыніць гэты абсурд можа толькі той чалавек, які павіншуе Лукашэнку з прысуджэньнем Шнобэлеўскай прэміі. Патлумачу сваю думку: я ўпэўнены, што ён і ня ведае пра гэтую прэмію. Яму пра гэта ніхто не наважыўся сказаць. Гэтаксама, я думаю, ніводзін з эканамістаў, зь ягоных набліжаных, ня можа падыйсьці да яго і сказаць: «Гэтыя 100 даляраў, якія вы хочаце браць зь людзей — гэта нонсэнс, глупства і злачынства ў нейкім сэнсе. Нельга гэтага рабіць!» Так ён і жыве ў тым прыдуманым сьвеце, у тым крышталёвым сасудзе, які вакол сябе стварыў, а ўсе баяцца гэты сасуд разьбіць, бо баяцца наступстваў.

Таму ён проста ня можа слушна кантраляваць тое, што адбываецца, бо ён абсалютна выключыў сябе з навакольнага сьвету, у яго абсалютна няма зваротнай сувязі, і таму ён робіць тое, што робіць, і за гэта яму таксама варта даць Шнобэлеўскую прэмію.

Гадоў 15 таму я была на паказе вашай стужкі «Рускае шчасьце», і вы тады для характарыстыкі Аляксандра Лукашэнкі выбралі такі вобраз — сыстэма, якая сама ўзарвецца, ня вонкава, а знутры. Мінула шмат гадоў, гэтая сыстэма не ўзарвалася знутры. Які новы вобраз больш пасуе для кіраўніка Беларусі на 19 годзе кіраваньня?

15 гадоў таму я быў упэўнены, што гэтая сыстэма ўзарвецца сама па сабе знутры, і ў гэтым, вядома, была памылка. Бо ўсе гэтыя ўнутраныя вэктары сапраўды былі, але тады многія, у тым ліку і я, ня ўлічвалі расейскага фактару: што ўсе гэтыя гады Расея будзе рэгулярна велізарныя сродкі ўкачваць у існаваньне беларускай дыктатуры, падтрымліваць яе эканамічна, і да такой ступені, што на нейкі момант у Беларусі жыцьцё стала нават лепшае, чым у Расеі.

Зь іншага боку, мы ня вельмі добра разумеем наша грамадзтва. Мы разумеем кожнага канкрэтнага чалавека, але тады мы, мне здаецца, няслушна разумелі сукупнасьць людзей. Бо беларусы кожны сам за сябе, і той пратэст, які неабходна было выявіць на вуліцах, сыходзіў на нішто менавіта таму, што беларус у душы партызан, хаваецца ў зямлянку і чакае, каму трэснуць дубінай, калі той наблізіцца да ягонай зямлянкі, а суседа абараняць ня пойдзе. Вось мы і дажыліся да таго, што практычна да кожнага прыйшлі і залезьлі ў кішэню.

На які вобраз падобная цяперашняя сыстэма? Гэты вобраз нам дала афрыканская чума сьвіньняў, вірус, які паразіў усіх сьвіньняў. А тут — нейкая паранойя, якая паражае ўсю краіну, усю вэртыкаль, вось яны і выконваюць шалёныя загады, зьдзяйсьняюць ідыёцкія пляны. Але, можа, цяпер гэта і наўмысна робіцца, бо я ўпэўнены, што разумныя людзі ў вэртыкалі ёсьць, і яны разумеюць тыя згубныя крокі, якія цяпер робяцца. Значыць, многія зь іх проста вырашылі не пярэчыць, а паддавацца — то бок, пабароць праціўніка ягонай жа сілай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG