Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: «Не давайце Беларусі таннай нафты»


Расейскі Мінфін у праекце скарачэньня дзяржвыдаткаў прапануе адабраць у Беларусі ў наступным годзе нафтавыя льготы.

У якім аб’ёме, па якіх коштах Расея будзе прадаваць нафту Беларусі, пакуль інфармацыі няма. Наколькі гэта рэальна, чым гэта пагражае Беларусі, якія могуць быць наступствы для беларускай эканомікі?

Шэраг экспэртаў, і беларускіх, і расейскіх, зьвязваюць пагрозы Міністэрства фінансаў Расеі не з эканамічнымі праблемамі, а з палітычнымі пытаньнямі — з абвастрэньнем адносінаў паміж Беларусьсю і Расеяй. Вядучы спэцыяліст Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Агібалаў выказаў такое меркаваньне:

«У цэлым гэтае паведамленьне можна трактаваць у межах цяперашняга ўскладненьня праблемаў, выкліканых своеасаблівым перадзелам на калійным рынку. З аднаго боку, гэта, магчыма, і слоўная інтэрвэнцыя. З другога боку, аб’ектыўна, што расейская эканоміка цяпер запавольваецца, і, як адзначае міністар фінансаў Расеі спадар Сілуанаў, неабходны пэўны сэквэстар расейскага бюджэту».

Беларусі экспэрт у нафтагазавых пытаньнях Станіслаў Гусак таксама зьвязвае заявы расейскага ўраду аб скасаваньні льготаў па нафце для Беларусі з палітычнымі праблемамі. Але калі гэта адбудзецца, то, натуральна, адаб’ецца на эканоміцы краіны:

«Для Беларусі гэта азначае ўдар па эканоміцы. Я ня думаю, што такая дрэнная сытуацыя ў Расеі, каб яны на беларускіх капейках нешта наэканомілі. Не, гэта ўжо палітыка. Хутчэй за ўсё, гэта такі папярэдні крок, каб беларусы не падымалі хвост. Гэта такая своеасаблівая рэакцыя на такія паводзіны Лукашэнкі. Мне здаецца, ніякіх сур’ёзных зьменаў у адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй ня будзе».

Леанід Заіка
Леанід Заіка
Дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка кажа, што Беларусь купляе нафту па 380 даляраў за тону — гэта самая танная нафта за апошнія гады, таму нешта яшчэ бурчэць на расейцаў, што тычыцца нафты, проста сорамна. Два нафтаперапрацоўчыя заводы, Наваполацкі і Мазырскі, пабудаваныя яшчэ ў савецкі час, разьлічаныя на перапрацоўку 30 мільёнаў тон нафты ў год. На пачатку 1990-х яны перапрацоўвалі па 12–14 мільёнаў тон у год, а ў 2013 годзе Беларусь папрасіла ў Расеі 23 мільёны тон. Леанід Заіка выступае за тое, каб Беларусь купляла 7 мільёнаў тон нафты:

«Гэтага дастаткова — 7 мільёнаў тон, каб заправіць машыны і міліцыі, і хуткай дапамогі, пажарныя і КДБ. Астатняе няхай купляюць структуры бізнэсу: беларускія, канадзкія, амэрыканскія, і проста перапрацоўваюць. Я не разумею, чаму прэзыдэнт, прэм’ер і віцэ-прэм’ер павінны езьдзіць і выпрошваць нафту? Гэтая астатняя нафта ідзе трэйдэрам, фінансавым алігархам».

Леанід Заіка заўважыў, што два нафтаперапрацоўчыя заводы даюць 40% экспарту. З-за гэтага беларусы развучыліся працаваць. Адзіны шлях, які ацьвярэзіць, — трэба зьняць Беларусь з нафтавай іголкі:

«Нафты купляць толькі для ўнутраных патрэбаў. А сядзець і чакаць, што расейцы дадуць танную нафту, мы перапрацуем і будзем езьдзіць у Турцыю загараць — я лічу як эканаміст, што гэта небясьпечная рэч. Краіна развучылася працаваць, ня хоча працаваць — на нафце сядзім. Таму ў мяне просьба да Ўладзімера Ўладзімеравіча: не давайце таннай нафты. Трэба, каб Беларусь навучылася сама працаваць. Чым хутчэй здымеце з гэтага наркотыку, тым хутчэй мы зоймемся справай».

Ні канкрэтных тэрмінаў, ні новых коштаў на нафту для Беларусі пакуль абвешчана не было. Таму, на думку расейскага экспэрта Сяргея Агібалава…

«Наўрад ці можна казаць пра нейкае канчатковае рашэньне. У няпростых дачыненьнях Беларусі і Расеі, як сьведчыць шматгадовы досьвед, усё пераглядаецца, перазацьвярджаецца. І рэальныя тэрміны імплемэнтацыі — гэта даволі няпэўнае пытаньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG