Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Уладзімер Сулкоўскі


Уладзімер Сулкоўскі
Уладзімер Сулкоўскі

16 траўня ня стала знанага жывапісца, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і творчай суполкі «Пагоня» Ўладзімера Сулкоўскага. Ён пакінуў гэты сьвет на 63 годзе жыцьця пасьля цяжкай і працяглай хваробы.

Ён нарадзіўся 19 ліпеня 1950 году ў Берасьці. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Яшчэ студэнтам пачаў выстаўляць свае лірычныя краявіды і і празрыста-сьветлыя натурморты. З гадамі да іх дадаліся партрэты знаных асобаў Беларусі. Вельмі шмат твораў ён прысьвяціў Якубу Коласу. Гаворыць мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская.

«Валодзя Сулкоўскі быў ня проста фіксатарам тых мясьцінаў, дзе жыў і працаваў Якуб Колас. Ён стварыў менавіта архетыпы — архетыпы беларускай хаты, архетыпы беларускай сядзібы, вобраз беларускай жанчыны за ткацкім станком. У яго творах вельмі шмат вокнаў, якія зьяўляюцца правобразам асьветы, духоўнага адраджэньня».

Уладзімер Сулкоўскі быў ля вытокаў нацыянальна-культурніцкага руху 80-х, стаў адным з заснавальнікаў і дзейным сябрам творчай суполкі «Пагоня», актыўным удзельнікам шматлікіх пленэраў у мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём знаных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. Для сяброў і аднадумцаў ягоны адыход — непапраўная страта, — кажа намесьнік старшыні Саюзу беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца.

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца
«Я страціў блізкага мне чалавека, блізкага мне па духу, па сьветапогляду. Такім людзям замены няма. Як, урэшце, не бывае замены ўвогуле ніякаму чалавеку, а вось чалавеку яркаму, чалавеку глыбока нацыянальна сьвядомаму, актыўнаму, безумоўна, замены, на жаль, не бывае. Таму з гэтага мой вельмі шчыры і глыбокі смутак».

Разам са смуткам сябры выказваюць спадзеў, што творы Ўладзімера Сулкоўскага застануцца ў скарбонцы нацыянальнага жывапісу. Упэўненасьці ў гэтым дадае ягоная апошняя выстава з простай назвай «Мой жывапіс», — зазначае мастак Мікола Купава.

Мікола Купава
Мікола Купава
«Год таму была выстава ягоная, і тое, што ён пасьпеў зрабіць да гэтай выставы і наагул у сваім жыцьці, то гэта, канечне, адзнака проста геніяльнасьці».

Застануцца палотны «Мой бераг родны», «Раніца», «Люсінскае навакольле», «Успамін», «Зь мінулага», «За вышываньнем», «Старыя дрэвы», «Полацкі натурморт», «У палескай хаце», «Вечар», «Восеньскі дзень», «На родным Палесьсі», «Браслаў», «На рацэ Гарыні», «Возера Снуды», сэрыя палотнаў «Радзіма Якуба Коласа», партрэты Кастуся Каліноўскага, Рыгора Барадуліна, дзясяткі іншых твораў. А яшчэ — мастацтвазнаўчыя кнігі.Тацяна Гаранская працягвае:

«У апошнія гады ён выкладаў у пэдагагічным унівэрсытэце, быў дацэнтам і напісаў тры выдатныя таўшчэзныя падручнікі па выяўленчым мастацтве, пераацаніць значэньне якіх таксама немагчыма. Гэта сапраўдны ўклад у тэорыю разьвіцьця беларускага мастацтва на сёньняшнім этапе. Гэта быў адзін з апошніх рамантыкаў беларускага адраджэньня канца дваццатага — пачатку дваццаць першага стагодзьдзя».

Разьвітаньне з Уладзімерам Сулкоўскім адбудзецца апоўдні 18 траўня ў рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага, 12.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG