Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Скасаваць сельсавет? Гэта нейкае глупства… »


Путрышскі сельсавет
Путрышскі сельсавет

І работнікі сельсавету, і жыхары вёскі Путрышкі сёньня ня вельмі ўяўляюць, як могуць ліквідаваць сельсаветы і хто зможа выконваць іх функцыі.

Путрыскі сельскі савет — усяго за некалькіх кілямэтраў ад Горадні. Старшыня сельсавету недзе ад’ехаў па справах, а я размаўляю з кіраўніцай спраў сельсавету спадарыняй Ірынай, спэцыялістам — спадарыняй Марыяй і бухгальтарам — спадаром Яўгенам.

Дакладна пра заяву Ярмошынай яны ня чулі, але кажуць, што чалавек на вёсцы ад самага нараджэньня і да сьмерці зьвязаны зь сельскім саветам і цяжка ўявіць, хто гэта заменіць.

«Вельмі шмат зваротаў штодня ад людзей, бо першае, куды на вёсцы ідуць, — толькі ў сельсавет. І ўсе пытаньні вырашаюць тут: даведкі розныя атрымліваюць і пасьведчаньні, і аб нараджэньні, і аб сьмерці. Усё выдаём, і пра зямлю, ды ўсё, з чым толькі людзі ні зьвяртаюцца. І са сьвятлом праблемы вырашаем, і з сабакамі, і вуліцы чысьціць, прыбіраць… Асабліва шмат людзей ідуць у прыёмныя дні».

Бухгальтар Яўген, які працуе ў сельсавеце ўсяго год пасьля вучобы, таксама сьцьвярджае, што безь сельсавету на вёсцы не абысьціся:

«Патрэбны ў вёсцы сельсавет, вельмі патрэбны. І тут шмат працы, у прыватнасьці ў маёй сфэры. Тут вялікая гаспадарчая частка: устаноўка платоў, абслугоўваньне дарог, азеляненьне, абкошваньне тэрыторый, догляд за могілкамі і шмат іншага».
Бухгальтар сельсавету спадар Яўген за працай
Бухгальтар сельсавету спадар Яўген за працай

Кіраўніца спраў сельсавету спадарыня Ірына дадае, што функцыяў у сельсавету значна болей, і чатырох чалавек, якія цяпер у штаце, яўна замала. Бо, акрамя розных гаспадарчых і юрыдычных спраў, у сельсавеце яшчэ адчынілі грамадзкі пункт аховы парадку:

«Вось у нас ёсьць свая камісія, і мы на ёй разьбіраем самых розных людзей, і сацыяльна небясьпечных, і нават калі сусед на суседа скардзіцца — усё да нас ідзе. Выклікаем і суседзяў, і п’яніцаў, і праводзім зь імі прафіляктычную работу. Штраф ня маем ім права даць, але працу праводзім».

Пытаюся ў спадарыні — ці заўважная ў сельсавеце праца дэпутатаў? Спадарыня Ірына кажа, што на іхнім узроўні дэпутаты працуюць бясплатна — і ў гэтым, на яе погляд, асноўны недахоп:

«І на пасяджэньнях выканкамаў, і на сэсіях яны кажуць, што і як трэба людзям зрабіць. Але ім таксама хочацца мець за сваю працу нейкі заробак. Тады і мы маглі б зь яго па-іншаму спытаць. А так — чаму я павінна кожны раз патрабаваць ад яго справаздачу аб выкананай працы? Ён кажа пра гэта, але не настолькі адказна, як гэта магло б быць».
Кіраўніца спраў сельсавету спадарыня Ірына
Кіраўніца спраў сельсавету спадарыня Ірына

Спадарыня Ірына дадае, што, вядома, у сельсавету на многія рэчы нестае грошай, таму што бюджэт невялікі. За кожнай справай даводзіцца ісьці да старшыні гаспадаркі. Часта людзі прыходзяць незадаволеныя і сварацца. Але ў самыя цяжкія хвіліны — калі трэба пахаваць блізкага, ці не дапамагаюць дзеці, — людзі таксама прыходзяць да іх па дапамогу.

Вясковец, спадар Мікалай, які заходзіў у сельсавет па даведку, кажа, што ўжо сёньня чытаў у інтэрнэце заяву Ярмошынай, але думае, што ліквідацыя сельсаветаў з жыцьцём не стасуецца:

«Ня ведаю, гэта нейкае глупства, ім няма чаго там рабіць. Я пастаянна зьвяртаюся ў сельсавет. Бывае, вядома, падоўгу не заходзіш, але нават калі ня іхнае пытаньне, то параяць, куды зьвярнуцца. А так што — едзь туды ў горад, даведвайся, цэлы дзень прасядзіш там у прыёмных. Чаго мне туды перціся?»

Маладая сям’я зь дзіцём прыйшлі па чарговую даведку. Пытаюся — як яны ставяцца да прапановы ліквідаваць сельсавет? Кажуць, што адназначна ў вёсцы ён патрэбен.

Спадарыня: «Я і даведкі тут брала, і дапамогу на дзяцей тут давалі…»

Спадар: «Натуральна, патрэбны. У мяне вось трое дзетак, і хаджу сюды даволі часта. І даведкі зьбіраем, і наконт працы… Канечне, патрэбны. Дый хто тут у вёсцы за ўсім глядзець будзе?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG