У разьвітых краінах у шматпавярховых офісных будынках працуюць амаль 60% ад усяго занятага насельніцтва. Ня ўсе зь іх ведаюць, што сучасныя, дасканала абсталяваныя, кліматызаваныя офісныя будынкі могуць шкодзіць здароўю. Вельмі рэдка чышчаныя вэнтыляцыйныя, кліматызацыйныя і ацяпляльныя праводы і трубы – гэта ідэальнае месца для разьвіцьця небясьпечных бактэрыяў і цьвільных грыбкоў. “Вэнтыляцыйныя сыстэмы – дасканалае асяродзьдзе для размнажэньня ўсіх відаў бактэрыяў”, – кажа Рычард Джонс з брытанскага Інстытуту працоўнай бясьпекі і здароўя. Прысутнасьць бактэрыяў у паветры выклікае раздражненьне сьлізістых абалонак вачэй, горла і носа, а таксама праблемы з дыханьнем, частыя прастуды і кашаль. Як зь імі змагацца? Вучоныя з Унівэрстытэту МэкГіл напісалі ў навуковым часопісе “The Lancet”, што дастаткова скарыстаць добра вядомы ў мэдыцыне мэтад дэзінфэкцыі – ультрафіялетавыя лямпы.
Упершыню пра хваробы, зьвязаныя з вэнтыляцыйнымі сыстэмамі, загаварылі ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Дасьледаваньні гэтай праблемы паскорыла выяўленьне гэтак званай “хваробы легіянэраў”. У 1976 годзе ўдзельнікі зьезду амэрыканскіх вэтэранаў вайны, што праходзіў у Філядэльфіі, пачалі масава хварэць на няведамую дагэтуль хваробу. Апрача гарачкі, дрыжыкаў, пастаяннага кашлю, у некаторых разьвілося запаленьне лёгкіх. 29 удзельнікаў зьезду памерлі. У арганізмах хворых знайшлі бактэрыю, якая атрымала назоў Legionella pneumophila, значыць “хвароба легіянэраў”, ад назову “Амэрыканскага легіёну”, які праводзіў Кангрэс.
Хаця ў большасьці офісных будынкаў не даходзіць да заражэньня гэтай хваробай, аднак недамаганьні, зьвязаныя з працай у дрэнна праветрываных памяшканьнях, атрымала назву “сындром хворага будынку” – SBS. У 1982 годзе Ўсясьветная Арганізацыя Здароўя афіцыйна прызнала SBS важнай мэдычнай праблемай. Сымптомы SBS – гэта боль галавы і галавакружэньне, празьмерная стомленасьць, зьніжэньне настрою, сып на скуры, праблемы з дыханьнем і канцэнтрацыяй. Паводле некаторых ацэнак, гэтыя недамаганьні адчуваюць ад 20% да 30% усіх канцылярскіх работнікаў.
Канадзкія вучоныя на чале з праф. Дыкам Мэнзісам з Манрэальскага ўнівэрсытэту цьвердзяць, што з праблемай можна справіцца з дапамогай ультрафіялетавых лямпаў. Пераважна іх ужываюць у шпіталёх для дэзынфэкцыі апэрацыйных заляў і пакояў пацыентаў. Гэтым разам сыстэма бактэрыцыднага ўльтрафіялетавага выпраменьваньня была ўсталяваная ў трох офісных будынках ў Манрэалі, у якіх агулам працуюць 771 чалавек. Цягам чатырох тыдняў лямпы асьвятлялі сыстэму вэнтыляцыі і кліматызацыі. Затым іх праца была перапыненая на 3 месяцы, і гэты цыкль быў паўтораны тройчы. Аказалася, што з паверхні апраменьванага абсталяваньня зьніклі 99% усіх бактэрыяў. Адразу палепшыўся стан здароўя ўсіх людзей, якія працавалі ў гэтых трох будынках. Рэсьпіраторныя праблемы зьменшыліся на 40%, а раздражненьне сьлізістых абалонак вачэй, носа і горла – на 30%. Найбольш карыснай гэтая працэдура аказалася для тых, у каго і раней былі праблемы з алергіямі і хто ніколі не курыў. У іх розныя недамаганьні зьменшыліся ажно на палову.
Д-р Дык Мэнзіс лічыць, што ўсталяваньне сыстэмы бактэрыцыднага ўльтрафіялетавага выпраменьваньня і выкарыстаньне ўльтрафіялетавых прамянёў поўнасьцю бясьпечнае. “Гэта так натуральнае, як сонечнае сьвятло. Гэта не хімічныя прэпараты, якія заўсёды могуць выклікаць нэгатыўныя пабочныя эфэкты”. Станоўча ацаніў новы мэтад і праф. Эдвард Нардэл з Гарвардзкага ўнівэрсытэту. “Калі запусьціць ўльтрафіялетавыя праменьні ў трубаправоды і каналы, яны зьнішчаць усё, што ў іх цыркулюе, ад мікробаў, якія выклікаюць прастуду і грып, да бактэрыяў, якія могуць быць ужытыя ў якасьці біялягічнай зброі”.
З пункту погляду працадаўцаў, немалаважны кошт любой інвэстыцыі. У выпадку ўсталяваньня сыстэмы ўльтрафіялетавага апраменьваньня ў будынку з плошчай 11 тысячаў квадратных мэтраў, у якім працуюць 1000 чалавек, кошт складзе 52 тысячы даляраў плюс 14 тысячаў за гадавую эксплюатацыю. Ня цяжка палічыць, што на аднаго працаўніка атрымліваецца 66 даляраў ў год. Аднак на думку аўтараў праекту, гэта разумны выдатак, бо страты, якія ўзьнікаюць у выніку адсутнасьці супрацоўнікаў на працы з прычыны SBS, нашмат большыя.
А цяпер – найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі Real Age.
– Здаўна вядома, што адзін яблык штодня можа зьменшыць колькасьць візытаў да лекара. Цяпер навукоўцы з Гарвардзкага ўнівэрсытэту пацьвердзілі, што большая колькасьць магнію ў штодзённай дыеце выразна зьмяншае рызыку захворваньня на дыябэт. Багатыя магніям цэльназерневыя прадукты, арэхі і садавіна.
– Навукоўцы лічаць, што колькасьць вітаміну Б-12 і фоліевай кіслаты ў арганізьме цесна зьязаная з дэпрэсіяй. Навукоўцы з Унівэрсытэту ў Куопіё (Фінляндыя) выявілі, што лячэньне дэпрэсіі дае пажаданы эфэкт менавіта ў спалучэньні з гэтымі мікраэлемэнтамі. Вучоныя лічаць, што прысутнасьць вітаміну Б-12 неабходная для вытворчасьці ў арганізьме субстанцыяў, званых монаамінамі, якія ўзмацняюць дзеяньне антыдэпрэсіўных лекаў. Недахоп вітаміну Б-12 бывае пераважна ў вэгетарыянцаў. Багатымі крыніцамі гэтага вітаміну зьяўляюцца печань і ныркі, мяса, яйкі і малочныя прадукты.