Калі б не тэрарысты, сыбірская язва хвалявала б жывёлаводаў і вэтэрынараў. Хвароба атакуе перш за ўсё жывёлы і толькі зрэдку людзей, якія маюць кантакт з жывёламі. Тады на скуры ў людзей зьяўляюцца язвы, якія можна вылячыць антыбіётыкамі. Калі, аднак, тыя ж бактэрыі сыбірскай язвы з паветрам пранікнуць у лёгкія, напрыклад, калі іх нехта распыліць, тады яны становяцца сьмертаноснымі. У кастрычніку 2001 году ЗША 5 чалавек памерлі, а 13 чалавек цяжка захварэлі, пасьля таго як яны атрымалі лісты з парашком сыбірскай язвы. У краіне ледзь ня выбухнула паніка, паколькі гэта была цалкам новая і каварная форма тэрарызму. Цяпер зьявіўся шанец на абясшкоджаньне хваробы. Амэрыканскім біёлягам з мэдычнага факультэту Гарвардзкага ўнівэрсытэту і Мэдычнага цэнтру ў Бостане ўдалося блякаваць мікробы сыбірскай язвы.
Адкрыцьцё амэрыканскіх вучоных дапаможа, магчыма ў недалёкай будучыні, выратаваць ахвяры біялягічнага тэракту. Цяпер, калі чалавек ня ведае, што ў ягоным атачэньні распыленыя мікробы сыбірскай язвы, ён знаходзіцца ў сьмяротнай небясьпецы. Калі хворы скардзіцца на высокую тэмпэратуру, боль галавы і цягліцаў, а таксама сухі кашаль, лекар звычайна лічыць, што гэта грып, і рэкамэндуе паляжаць пару дзён у ложку, каб арганізм сам перамог хваробу. Сапраўды, празь дзень-два пацыент адчувае сябе лепш, аднак неўзабаве вяртаецца яшчэ мацнейшая гарачка, хвораму цяжка дыхаць, і пачынаецца крывацячэньне зь лёгкіх. У такой стадыі хваробы выжывае ўсяго кожны дзясяты пацыент. Пасьпяхова лячыць хворага можна не пазьней, як двое сутак да зьяўленьня тых злавесных сымптомаў, і гэта пры тым, што мікробы сыбірскай язвы можна зьнішчыць з дапамогай антыбіётыкаў, у тым ліку звычайнага пэніцыліну. Праблема ў тым, што бактэрыі сыбірскай язвы выдзяляюць выключна моцную і каварную атруту, якая застаецца ў арганізьме пацыента нават тады, калі ўсе мікробы зьнішчаныя.
Таксын, які пакідаюць у арганізьме бактэрыі сыбірскай язвы, гэта тры бялкі, якія цесна супрацоўнічаюць паміж сабою. Першы – абарончы антыген – дазваляе атруце пранікнуць ў чалавечыя клеткі, заміж быць імі зьнішчаным як чужы элемэнт. Два астатнія складнікі атруты пачынаюць разбураць клетку знутры. Гэтак званы “сьмяротны чыньнік” таксыну рэжа на кавалкі энзымы, якія адказныя за рост і падзел клетак. У той самы час трэці дывэрсант – “чыньнік апухленьня” пашкоджвае сыстэму перадачы сыгналаў у клетцы. Дагэтуль мэдыцына была бездапаможная перад такой хітрай атакай.
Аднак група вучоных на чале з праф. Луісам Кантлі, выкарыстоўваючы наватарскі мэтад супэрхуткага аналізу мільярдаў малекулаў бялка, выявіла некалькі малекулаў, якія блякуюць актыўнасьць сьмяротнага чыньніка. Заблякаваны, ён ужо ня можа шаткаваць ключавыя чалавечыя энзымы. Дарэчы, навукоўцам з Бостану ўжо ў 2001 годзе ўдалося знайсьці малекулу, якая блякуе бялок абарончага антыгену бактэрыі сыбірскай язвы. З дапамогай адпаведнага прэпарату пацукі перажылі ін’екцыю з атрутай, доза якой у 10 разоў перавышала сьмяротную.
Найноўшае дасягненьне амэрыканскіх дасьледчыкаў адкрывае новыя магчымасьці ў ратаваньні ахвяраў сыбірскай язвы. Пацыентам можна будзе адначасова падаваць антыбіётыкі і лекі, якія блякуюць сьмяротны чыньнік. “Мы абаранялі б хворага ня толькі ад бактэрыяў, але і ад пакінутай імі ў арганізьме атруты”, – кажа праф. Луіс Кантлі. Каб выратаваць чалавека, магчыма, дастатакова было б падаваць такі прэпарат ўсяго цягам некалькіх дзён, што дазволіла б зьменшыць і пабочны эфэкт прэпарату. Менавіта абмежаваньню магчымых непажаданых эфэктаў прысьвечаныя далейшыя дасьледваньні вучоных з Бостану. Яны шукаюць такой формы выяўленай імі субстанцыі, якая пасьпяхова блякавала б таксын і не пашкоджвала б функцыі арганізму.
Калі дасьледаваньні закончацца посьпехам, зьявіцца канкурэнт для існуючай вельмі недасканалай прышчэпкі супраць сыбірскай язвы. Яна патрабуе 6 уколаў цягам паўтара году і не дае гарантыі трывалага імунітэту. Таксама цяжка сабе ўявіць масавае прышчэпліваньне супраць хваробы, якая зьяўляецца ўсяго толькі патэнцыйнай небясьпекай, а біялягічны тэракт можа й не адбыцца. Затое прэпарат, які блякуе таксын сыбірскай язвы, мог бы чакаць на складах, і ў разе неабходнасьці, яго можна было б хутка скарыстаць.
А цяпер – найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі Real Age.
Магчыма, пасьля падоўжаных выходных і сьвятаў Вы крыху недамагаеце. Простыя практыкаваньні могуць падняць Ваш настрой і самаадчуваньне. Многія людзі адчуваюць пасьля сьвятаў зьніжэньне настрою і некаторую стомленасьць. Аднак, згодна з дасьледаваньнямі, фізычныя практыкаваньні пасьпяхова здымаюць пачуцьцё дэпрэсіі і трывогі. Існуе шэраг мэтадаў паляпшэньня эмацыйнага стану: масаж, глыбокае дыханьне, ёга і мэдытацыя. Калі ж настрой прыгнечанасьці працяглы, ён зьвязаны са стратай вагі цела, апэтыту і бяссоньнем, Вы павінны зьвярнуцца да спэцыяліста.
Калі Вы адносна зрэдку працягваеце руку па сальніцу, дык усё роўна ў Вашай дыеце можа быць зашмат натрыю. Аптымальная колькасьць натрыю – 2,400 міліграмаў ў дзень, аднак, напрыклад, амэрыканцы, з прычыны асаблівасьцяў іхняга харчаваньня, спажываюць яго 4,000 міліграмаў ў дзень. Найболей натрыю ў кансэрваваных і замарожаных прадуктах, а таксама ў такіх папулярных стравах, як чыпсы, піца і салёнае печыва. Высокі ўзровень натрыю бывае прычынай гіпэртаніі – падвышанага крывянога ціску. У каго схільнасьць да падвышанага крывянога ціску, той акрамя натрыю павінен абмяжоўваць таксама колькасьць выпітай кавы і алкаголю.
Эхінацэя, званая “цудоўнай кветкай індзейцаў”, – вядомы ў Эўропе з 17 стагодзьдзя моцны натуральны антыбіётык. Гэты папулярны зёлкавы прэпарат узмацняе імунную сыстэму, падвышае адаптацыйныя магчымасьці арганізму і мае супрацьзапаленчыя ўласьцівасьці. Эхінацэю шырока скарыстоўваюць пры хранічных, інфэкцыйных, вірусных, запаленчых станах, у прыватнасьці пры лячэньні прастуды, кашлю, насмарку і грыпу. Аднак, згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, эхінацэя неэфэктыўная для дзяцей ва ўзросьце паміж 2 і 11 годам жыцьця. Вось таму спэцыялісты раяць у выпадку моцнай прастуды з падвышанай тэмпэратурай адразу зьвяртацца да лекара і прасіць больш эфэктыўныя лекі.