Апошнія дзесяцігодзьдзі ў сьвеце традыцыйны інстытут шлюбу зазнае крызыс. Усё больш тых, хто выбірае самотнае жыцьцё або грамадзянскі шлюб, небывала расьце і колькасьць разводаў. І вось брытанскія навукоўцы вырашылі экспэрымэнтальна праверыць, як той ці іншы сямейны стан уплывае на псыхічнае здароўе мужчын і жанчын. І атрымалі сэнсацыйныя вынікі. Зь імі знаёміць чытачоў інтэрнэт-вэрсія часопісу New Scientist.
Брытанскія мэдыкі вывучылі жыцьцё чатырох з паловай тысяч мужчын і жанчын. Аказваецца, для мужчынскага здароўя найлепшай формай шлюбу зьяўляецца грамадзянскі шлюб, інакш кажучы сужыцьцё з жанчынай без афармленьня адносінаў. А для жаночага здароўя найлепшай формай зьяўляецца традыцыйны шлюб.
Яшчэ адзін вынік дасьледаваньня – даволі вядомы: мужчыны і жанчыны, якія жывуць у першым шчасьлівым шлюбе – маюць найлепшыя паказьнікі фізычнага і псыхічнага здароўя. Так што тут ангельцы толькі пацьвердзілі ўжо вядомы факт. А вось што датычыцца разводаў і разрываў з каханымі, дык тут брытанскае дасьледаваньне паказала, што мужчыны выходзяць з такіх сытуацыяў лепш, чым жанчыны. Фактычна, – піша часопіс New Scientist, – для жынчыны лепш застацца векавухай, чым выйсьці замуж, а пасьля разьвесьціся.
Па-рознаму ўплывае на жанчын і мужчын і жыцьцё ў грамадзянскім шлюбе. Жанчыны, якія жывуць у грамадзянскім шлюбе, маюць горшае псыхічнае здароўе і ніжэйшы інтэлектуальны ўзровень у параўнаньні з тымі жанчынамі, што жывуць у шлюбе. Гэта выклікана дэфіцытам пачуцьця бясьпекі, – заявіла кіраўніца дасьледаваньня доктарка Міхаэла Бэнзэвал зь коледжу Каралевы Мэры ў Лёндане. Недахоп фінансавых і маёмасных правоў, – сказала яна, – мае непасрэдную сувязь з ўзроўнем інтэлектуальнага разьвіцьця індывіда.
Наагул, пачуцьцё бясьпекі больш важнае для жанчын, асабліва для тых зь іх, хто нараджае дзіця. У гэтым выпадку актывуецца мацярынскі інстынкт і ўзрастае патрэба ў бясьпецы. Для мужчын бясьпека – меншая праблема, яны наадварот у шлюбе часта адчуваюць сябе як у пастцы. Таму для многіх зь іх лепш, калі яны жывуць у грамадзянсікм шлюбе.
Апрача дасьледаваньня згаданых чатырох з паловай тысяч жанчын і мужчын, каманда Міхаэлы Бэнзвэл на працягу 1991-2000 гадоў правяла іншае дасьледаваньне з удзелам 10 тысяч дарослых пацыентаў. Мужчыны і жанчыны ва ўзросьце да 65 гадоў давалі інтэрвію і запаўнялі спэцыяльна распрацаваныя анкеты. Зноў жа адна група вынікаў была традыцыйнаю: жанатыя мужчыны і замужнія жанчыны маюць большую працягласьць жыцьця, меншыя паказьнікі сьмяротнасьці і лепшае фізычнае і псыхічнае здароўе, чым тыя, хто застаецца нежанатым ці незамужняй.
Гэтае дасьледаваньне таксама паказла, што разрыў партнэрскіх адносінаў пагаршае пасыхічны і псыхалягічны стан як жанчын, так і мужчын. Але жанчынам трэба нашмат больш часу, каб цалкам акрыяць пасьля разрыву.
Разам з тым дасьледаваньне прынесла і сэнсацыйныя вынікі. А менавіта, калі жанчына зазнала ў сваім жыцьці не адзін, а некалькі разрываў, гэта яшчэ больш пагаршала яе псыхічнае і псыхалягічнае здароўе і наагул паніжала яе разумовыя здольнасьці. У той жа час мужчыны, якія зазналі ў жыцьці два і больш раўзрываў ці разводаў, мелі значна лепшыя паказчыкі псыхічнага здароўя, чым усе іншыя мужчыны. Што ж датычыць самотных жанчын-векавух, дык аказалася, што яны маюць нашмат лепшы псыхічны і псыхалягічны стан, чым мужчыны, якія ніколі не жаніліся, – заканчвае артыкул інтэрнэт-вэрсія часопісу New Scientist.
***
На чарзе парады амэрыканскай арганізацыі RealAge.
1. Доўгі час лічылася, што людзям, у якіх баліць сьпіна, лепш спаць на цьвёрдым матрацы. І вось як паказалі апошнія дасьледаваньні, людзі, што сьпяць на матрацах сярэдняй мяккасцьі, маюць у два разы большыя шанцы пазбавіцца ад боляў у сьпіне, чым тыя, хто сьпіць на цьёрдых матрацах. RealAge нагадвае, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабціь ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.
2. Практыкаваньні на расьцяжку карысныя на ўсіх этапах фізычнай нагрузкі. Раней лічылася, што расьцяжку цягліцаў і зьвязак лепш рабіць перад фізычнымі практыкаваньнямі. Але вось нядаўна высьветлілася, што яшчэ больш карысныя парктыкаваньні на расьцяжку ў канцы фізычнай нагрузкі. Калі вы пазаймаліся гадзіну-паўтары, то вашыя суставы і цяглі ўжо больш вольныя, таму расьцяжка дасьць большы эфэкт. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце рэгулярна займацца для выпарцоўкі сілы і гнуткасьці, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа стаць больш чым на 8 гадоў маладзейшым.