Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё ў галіне кантрацэпцыі: аўстралійскія навукоўцы прапануюць аэразоль заміж традыцыйных таблетак


Кастусь Бандарук, Прага

Першыя ў сьвеце выпрабаваньні жаночага кантрацэптыўнага аэразолю пачнуцца ў пачатку 2004 году ў Аўстраліі. Новая мэтодыка палягае ў распыленьні гармонаў па паверхні скуры, пры чым новы сродак зьмяшчае ў сабе адносна невялікую колькасьць гармонаў.

Асобныя дасьледаваньні кожнага з кампанэнтаў даюць падставы меркаваць, што ў спалучэньні яны будуць вельмі эфэктыўнымі. Гэтак лічыць Рада ў справах насельніцтва, амэрыканская некамэрцыйная арганізацыя, якая ўдзельнічае ў дасьледаваньнях. Аэразоль разьлічаны на штодзённае ўжываньне. У ім зьмяшчаецца сынтэчны прагестарын пад назвай “нэстарон”, ліцэнзіяй на выраб якога валодае Рада.

“Выпрабаваньні праведзеныя на жанчынах, якія выкарыстоўвалі нэстарон у выглядзе гелю, які наносіцца на скуру або ўводзіцца пад скуру, паказалі, што гэты мэтад эфэктыўны і бясьпечны”, – кажа Ян Фрэйзэр, экспэрт у галіне рэпарадукцыйнай мэдыцыны з Унівэрсытэту ў Сыднэі, дзе праводзяцца дасьледаваньні. Аднак, на думку аўстралійскіх вучоных, ужываньне новага кантрацэптыву ў выглядзе аэразолю дае жынчынам дадатковыя перавагі. Гармон амаль імгненна ўсмоктваецца ў скуру, і ў адрозьненьне ад гелю не змываецца. “Гэта гучыць надзвычайна, а карыстацца аэразолем вельмі лёгка”, – кажа Луі Саламонсэн з Інстытуту мэдычных дасьледаваньняў імя прынца Генры ў Мэльбурне. Адзіны недахоп у тым, што жанчына не павінна забавацца ўжываць аэразоль штодня.

У аэразолі аўстралійскіх вучоных скарыстаныя тыя ж уласьцівасьці хімічных рэчываў, што і ў водўстойлівых крэмах ад загару. Гэтыя кампанэнты мадыфікуюць верхні пласт скуры, дазваляючы крэму, у дадзеным выпадку гармонам, пранікаць пад скуру. Дасьледаваньні новай мэтодыкі гармоназаменнай тэрапіі жынчынаў ў пэрыяд мэнапаўзы паказваюць, што трапляючы пад скуру гармоны назапашваюцца ў рэзэрвуары і пасьля гэтага паступова пранікаюць ў крывезварот. “Гэта азначае, што мы маем дачыненьне з паступовым прыёмам прэпарату, працэсам, які адрозьніваецца ад таго, што адбываецца пры глытаньні таблеткі, калі яе дзеяньне хутка дасягае піку і затым рэзка зьніжаецца”, – паведаміў Эндру Гамбэрстоўн, дырэктар кампаніі Acrux зь сядзібай ў Мэльбурне, якая прыступае да камэрцыйнай вытворчасьці кантрацэптыўнага аэразолю.

Адкрыцьцё азначае, што для аэразольнай формы прэпарату будзе патрэбная значна меншая колькасьць гармонаў, чым ва ўжываных дагэтуль таблетках, а гэта зьмяншае рызыку зьяўленьня пабочных эфэктаў. Акрамя таго, нэстарон неабавязкова ўжываць ў адну і тую ж пару сутак, як гэта неабходнае ў выпадку таблетак.

У нэстарону наагул шмат перавагаў у параўнаньні з усімі ранейшымі кантрацэптывамі. Яго могуць ужываць маці, якія кормяць грудзьдзю, бо гармон, трапляючы ў малако маці, распадаецца затым ў кішэчніку дзіцяці. “Я лічу, што для некаторых жанчынаў аэразоль будзе ідэальным мэтадам кантрацэпцыі”, – кажа Ян Фрэйзэр.

Аўстралійсккія вучоныя лічаць, што іхнае вынаходніцтва не заменіць усе ранейшыя кантрацэптывы, але будзе эфэктыўным дадаткам да вядомых мэтадаў: натуральных і штучных. Да іх належаць: тэрмічны мэтад, вызначэньне плодных і няплодных дзён, гэтк званы “мэтад Білінгса”, хімічныя, гарманальныя кантрацэптывы, а таксама прэзэрватывы. Гэтыя апошнія, асабліва рэкамэндавала ўжываць Усясьветная Арганізацыя Здароўя напярэдадні міжнароднага Дня барацьбы са СНІДам, які адзначаўся ўчора, 1 сьнежня. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што супраць усіх штучных метадаў кантрацэпцыі, у прыватнасьці, прэзэрватываў, незважаючы на імклівае пашырэньне СНІДу па ўсім сьвеце, выступае рымска-каталіцкая царква. 25 лістапада ў Камэруне адбылася канфэрэнцыя з удзелам прадстаўнікоў усіх афрыканскіх цэркваў, якія агулам налічваюць 120 мільёнаў вернікаў. Афрыканскія біскупы заявілі, што ўжываньне прэзэрватываў не зьяўляееца надзейным сродкам у барацьбе са СНІДам, затое спрыяе лёгкадумнаму стаўленьню да сэксу, што зьяўляецца большым злом.

А зараз-найноўшыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.

- Надзвычай важна сачыць за папераджальнымі сыгналамі, якія могуць быць прадвесьцем інфаркту. Ужо за некалькі дзён да інфаркту 95% жанчынаў адчуваюць стомленасьць і бяссоньне. Толькі траціна жанчынаў адчувае боль у грудзёх, што зьяўляецца клясычным сымптомам набліжэньня інфаркту ў мужчынаў. Тыповыя сымптомы інфаркту – гэта пачуцьцё дыскамфорту або ціску ў грудзёх, кароткае дыханьне, празьмерная патлівасьць і млоснасьць. Згодна з дасьледаваньнямі, у жанчынаў значна часьцей, чым у мужчынаў, зьяўляюцца розныя дадатковыя прыкметы набліжэньня інфаркту, у тым ліку панос і пачуцьцё трывогі.

- Дастаткова адзін раз у тыдзень спажываць рыбу, каб ажно на 60% зьменшыць рызыку захворваньня на хваробу Альцгаймэра. Затое калі Вы рэгулярна спажываеце рыбу, выбірайце тыя віды рыбы, у якіх найбольшая колькасьць амінакіслоты пад назвай “амега-3” і адначасова найменшая колькасьць ртуці, таксычнай субстанцыі, якая назапашваецца ў рыбе. Як правіла, у рыбных кансэрвах меней ртуці, чым у сьвежай рыбе, аднак спэцыялісты рэкамэндуюць спажываць рыбу ў самым розным выглядзе.

- Хадзьба або бег на сьвежым паветры значна лепшыя за рутынныя фізычныя практыкаваньні на стабільных мэханічных прыладах і лепей засьцерагаюць ад астэапарозу. Крохкасьць касьцей выдатна прадухіляюць таксама кальцый і вітамін Д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG