Верагодна ў хуткім часе будзе знойдзены рэцэпт “вечнага жыцьця”. Навукоўцы працуюць над праблемай старэньня ўжо вельмі доўгі час. Яны прыйшлі да высновы, што акрамя такіх чыньнікаў як гігіена, здаровы лад жыцьця, фізычныя практыкаваньні і наяўнасьць добрых лекаў, можна падоўжыць жыцьцё шляхам недаяданьня. Рычард Вайндрух з ўнівэрсытэту Мэдысан пераканаўся, што грызуны, якія атрымліваюць меней калёрыяў, здаравейшыя і жывуць даўжэй.
У 1990-я гады навукоўцы зьвярнулі ўвагу на антыаксыданты. Іхнае дзеяньне палягае ў нэўтралізацыі гэтак званых вольных радыкалаў. Вольныя радыкалы – гэта пабочны прадукт мэтабалізму, шкодныя субстанцыі, якія пашкоджваюць клеткі, выклікаюць розныя хваробы, рак, гіпэртанію і, наагул, прысьпешваюць працэс старэньня.
Найлепшымі антыаксыдантамі зьяўляюцца сэлен, магній, вітаміны А, С і Е. Адсюль адным з найбольш пасьпяховых мэтадаў падаўжэньня жыцьця традыцыйна лічыцца адпаведная дыета.
Аднак апошнім часам навукоўцы схіляюцца да думкі, што сакрэт доўгажыхарства абумоўлены генэтычнымі чыньнікамі і зьвязаны з гэтак званым унутраным “біялягічным гадзіньнікам” чалавека. Напрыканцы 1990-х гадоў вучоныя прыйшлі да высновы, што працэс старэньня арганізму можна толькі трохі запавольніць, аднак праз пэўны час біялягічны гадзіньнік папросту спыняецца.
“Несумнеўна, на працэс старэньня ўплывае шэраг чыньнікаў, у тым ліку дыета, але тое, што працэс старэньня запісаны ў нашым ДНК – гэта не выклікае сумневу,” – кажуць у прыватнасьці італьянскія навукоўцы.
Значным крокам у кірунку падаўжэньня жыцьця зьяўлюцца дасьледваньні Энрыкі Міглячыё і Марка Джорджыё з Інстытуту анкалёгіі ў Мілане. Яшчэ чатыры гады таму сэрыя адкрыцьцяў дазволіла Джузэпэ Пэліччы выявіць у сасуноў, а дакладней у мышэй, ген старэньня.
Гэты ген, адзін зь сямі тысячаў генаў, быў названы Р66. Ён здольны самастойна кантраляваць працягласьць жыцьця. Калі яго блякаваць, жыцьцё падаўжаецца. Доктар Марк Бэнэке з лябараторыі ў Кёльне заблякаваў ген Clock-1 (Гадзіньнік-1) адказны за мэтабалізм. Дзякуючы гэтаму, яму ўдалося падоўжыць жыцьцё аднаму зь відаў рабака. Прафэсар Гайнц Озывач з Франкфурту-на-Майне пасьпяхова вырасьціў доўгавечныя грыбы.
Упершыню ген старэньня быў выяўлены ў фруктовых мушак-дразафілаў. Аднак цяпер італьянскім вучоным удалося зрабіць наступны крок. Яны вывелі мышэй, якія жывуць даўжэй і не пакутуюць ад хваробаў зьвязаных з узростам, напрыклад артэрасклерозу. “Мышы, у адрозьненьне ад дразафілаў, гэта сасуны, і ў іх вялікае генэтычнае падабенства да чалавека. Колькасьць генаў ў мышэй амаль такая самая як у чалавека,” – патлумачыў П’ер Пэліччы, дырэктар аддзелу экспэрымэнтальнай анкалёгіі ў Эўрапэйскім інстытуце анкалёгіі ў Мілане. Яму належаць аўтарскія правы на новае вынаходніцтва.
Як вучоным удалося знайсьці гэты ген? “Мы вувучалі пухліны. У 1992 годзе нам выпадкова ўдалося знайсьці ген, які мы называем “шык”, і спрабавалі расшыфраваць ягоныя сыгналы. Гэты ген акрэсьлівае характар двух вельмі падобных адзін да аднаго пратэінаў, якія аднак маюць розныя функцыі. Р52 рэгулюе рост клетак, уключна з ракавымі, а Р66, гэта так званы “ген апаптозы”, або “самазьнішчэньня”. Калі ў арганізьме знайшліся клеткі на гэтулькі слабыя, што яны пагражаюць астатнім клеткам, ген Р66 дае арганізму сыгнал да зьнішчэньня гэтых клетак. Мы зразумелі гэты мэханізм і вывелі папуляцыю генэтычна мадыфікаваных мышэй, у якіх не выпрацоўваўся пратэін Р66. Выявілася, што яны здаровыя, правільна размнажаюцца і жывуць у сярэднім на траціну даўжэй, чым грызуны са звычайным генам,” – распавёў П’ер Пэліччы.
Пакуль цяжка сказаць, ці маніпуляцыя генам Р66 дазволіць падоўжыць чалавечае жыцьцё. Няма ўпэўненасьці, што гэты ген адыгрывае ідэнтычную ролю ў працэсе старэньня чалавечых клетак, як гэта адбываецца ў выпадку мышэй. У грызуноў, бадай, адзіным пабочным эфэктам заблякаваньня гену старэньня былі толькі невялікія зьмены ў лёгкіх, але не вядома, ці ў людзей гэтыя зьмены ня будуць болей сур’ёзныя. Умяшаньне ў мэханізмы выпраўленьня пашкоджаных клетак і апаптозы заўсёды зьвязане з пэўнай рызыкай. Пашкоджаныя клеткі, заміж таго, каб загінуць, могуць, напрыклад, ператварыцца ў ракавыя клеткі.
У кожным разе, калі б падобны эфэкт як ў мышэй, у найбліжэйшай будучыні ўдалося атрымаць і ў людзей, сярэдняя працягласьць жыцьця павялічылася б з 65 да 80 гадоў.
А зараз – найноўшыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.
– Адпаведная колькасьць магнію ў вашай дыеце можа выдатна зьменшыць рызыку хваробаў сэрца. Найлепшымі крыніцамі магнію зьяўляюцца: соевы боб, арэхі кеш’ю і таматная паста. Аптымальная колькасьць магнію, гэта 400 міліграмаў у дзень для мужчынаў, і 333 міліграмы для жанчынаў.
– Згодна найноўшым дасьледваньням, карыснае для вашага здароўя працяглае спажываньне мультывітаміну. Штодзённае ўжываньне мультывітаміну цягам 10 гадоў, зьмяншае на 30% рызыку захорваньня на некаторыя віду раку, у прыватнасьці на рак простай кішкі. Пасьля дасягненьня ўзросту ў 50 гадоў, неабходна праводзіць мэдычнае абсьледваньне простай кішкі – каланаскапію – як мінімум кожныя 5 гадоў. Яшчэ адзін спосаб, каб засьцерагчыся ад раку, гэта нізкакалярыйная дыета.
– У меру магчымасьці трэба часьцей есьці гарбузы. Гэтая даступная гародніна зьяўляецца выдатнай крыніцай амінакіслаты, званай тырасынам. Арганізм патрабуе тырасын для вырабу норэпінафрыну, а гэта ў сваю чаргу нэўрапераказчык, наяўнасьць якога ў мозгу ўплывае на бадзёрасьць, пільнасьць, актыўнасьць і канцэнтрацыю. Тырапіну багата ў больш экзатычных для беларусаў авакада і бананах, але варта памятаць, што у адным кавалку нашага звычайнага гарбуза ўтрымліваецца ажно 300 міліграмаў тырасыну.