Так званы “францускі парадокс” не даваў спакою мэдыкам на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў. Пад гэтай зьявай разумелася загадка – нацыя, якая спажывае вельмі шмат алькаголю і пагалоўна захопленая гурманствам, застаецца худой і здаровай. У той час, як заклапочаныя сваім здароўем амэрыканцы ўсё больш таўсьцеюць і хварэюць на сардэчныя хваробы.
І вось днямі свой адказ прапанавала група амэрыканскіх і францускіх дасьледчыкаў, якія мэтадчына абсьледавалі амэрыканскія і францускія прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня. Іх адказ просты – французы спажываюць меншыя порцыі ежы, папросту кажучы, менш ядуць.
Сёньня на атлусьценьне хварэюць толькі 7 працэнтаў французаў і аж 22 працэнты амэрыканцаў. Ішэмічная хвароба сэрца зьяўляецца самай распаўсюджанай прычынай сьмерці ў Амэрыцы, але ня ў Францыі. Пры гэтым французы шмат кураць, сьнедаюць і абедаюць з тлустымі булкамі, ядуць тлустую качку, тлустыя каўбасы, тлустыя сыры-камамбэры і тлустую гусіную печань. Французы таксама лідэры ў спажываньні алькаголю – яны п’юць шмат віна і заканчваюць абед чаркай каньяку. Да таго ж цэлы дзень французы п’юць салодкую каву і ядуць апэтытнае печава.
Існуе шмат вэрсіяў адказу на францускую загадку. Адны мэдыкі знаходзілі прычыну ў надзвычайных якасьцях гусінага тлушчу. Іншыя сьцьвярджалі – што за “францускі парадокс” адказныя алькаголь, аліўкавы алей і салат. Трэція канкрэтна называлі прычынай чырвонае віно.
І вось група дасьледчыкаў з Парыжу і амэрыканскага штату Філадэльфія сталі вывучаць сыстэму грамадзкага харчаваньня ў абедзьвюх краінах. Аказалася, што сярэдняя вага порцыі ежы ў Парыжы складае 277 грамаў, а ў Філадэльфіі – 346 грамаў. Калі ж браць асобныя ўстановы, дык розьніца была яшчэ большая. Порцыі ў кітайскіх рэстаранах Філадэльфіі былі на 72 працэнты большыя, чым у Парыжы, пляшкі для безалькагольных напояў у Амэрыцы ў сярэднім большыя на 52 працэнты, а амэрыканскія ўпакоўкі ёгуртаў большыя за францускія аж на 82 працэнты. Сярэдняя лічба – 25 працэнтаў – менавіта на столькі менш спажываецца ежы ў Францыі ў параўнаньні з Амэрыкай. І хоць французы ядуць больш тлушчу за амэрыканцаў, але ў цэлым амэрыканцы спажываюць больш калёрыяў.
Чалавеку ўласьціва зьядаць усё, што яму прапануецца. Таму аўтары новага дасьледаваньня зьвяртаюць увагу на тое, што раней агітацыя ў ЗША супраць атлусьценьня і падвышанай вагі будавалася на закліку праяўляць сілу волі. А новае дасьледаваньне паказвае на важную ролю асяродзьдзя і традыцыяў.
Пры гэтым, ня трэба скідваць з рахунку і чырвонага віна. Апошнія некалькі месяцаў зьяўляецца ўсё больш аптымістычных паведамленьняў з розных навуковых цэнтраў аб надзвычайных якасьцях рэчыва пад назвай расвэратрол, якога шмат у чырвоным віне. Амэрыканскія мэдыкі даказалі, што расвэратрол можа на 70 працэнтаў працягнуць жыцьцё простых арганізмаў. Раней гішпанскія мэдыкі высьветлілі, што аматары чырвонага сухога віна практычна не хварэюць на прастуду. Расвэратрол ёсьць і ў белым віне, але там яго ў 10 разоў меней, чым у чырвоным. Больш за ўсё гэтага рэчыва ў вінаградзе, які вырас у халаднейшым і вільготным клімаце, напрыклад у Бургундыі і ў штаце Нью-Ёрк, а вось каліфарнійскія і аўстралійскія віны маюць яго менш. Найбольш расвэратролу ў віне Піно Нуар, а менш за ўсё – у Кабэрнэ Савіньён.
Агулам новыя дадзеныя амэрыканскіх і францускіх навукоўцаў аб колькасьці спажыванай ежы даволі высока ацэньваюцца ў навуковым сьвеце. Ужо даўно вядома, што меншая колькасьць ежы зьвязаная з большай працягласьцю жыцьця. Вядома таксама, што сёньня ў сьвеце 300 мільёнаў чалавек пакутуюць на атлусьценьне, і 1 мільярд людзей на плянэце мае падвышаную вагу. Задумацца аб колькасьці ежы могуць і беларусы, сярод якіх каля 40 працэнтаў маюць лішнія кіляграмы.
***
А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.
1. Калі ваш арганізм не атрымае кожны дзень порцыю вітаміну В12, пад пагрозай могуць аказацца вашыя косьці. Раней лічылася, што для здароўя касьцей важны кальцый, але вось нядаўнія дасьледаваньні паказалі, што яшчэ больш важны для іх вітамін В12. І асабліва гэта актуальна для пажылых людзей. Бо якраз у іх часьцей здараюцца цяжкія пераломы, якія горш зтрастаюцца. Неабходная доза вітаміну В12 – 800 мікраграмаў у дзень. Іх можна атрымаць зь ежай або зь вітаміннымі дадаткамі. RealAge нагадвае, што разнастайная дыета, нізкая ў калёрыях і багатая на вітаміны і мінэралы можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
2. Ня трэба забывацца на карыснае ўзьдезяньне плаваньня на чалавечы арганізм. У прыватнасьці адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што плаваньне мае станоўчы ўплыў на настрой чалавека. Удзельнікі экспэрымэнту адзначылі ня толькі зьніжэньне ўзроўню нэрвовага напружаньня, але і падвышэньне ўнутранай энэргіі пасьля плаваньня. Плаваньне таксама – выдатны тып нізкай нагрузкі, які спальвае шмат калёрыяў. RealAge нагадвае, што клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.