“Не турбуйцеся, будзьце шчасьлівыя, а тады Вы будзеце здаравейшымі”, – такі вынік найноўшага дасьледаваньня праведзенага д-рам Шэльданам Коэнам і ягонымі калегамі з Унівэрсытэту Карнэгі Мэлан. Вынікі свайго дасьледаваньня яны апублікавалі ў навуковым часопісе “Псыхасаматычная мэдыцына”. Пра гэта таксама паведамляюць, у прыватнасьці, інфармацыйнае агенцтва ABCNews, а таксама газэта “Daily Telegraph”. Вучоныя лічаць, што толькі жыхары ЗША мільярд разоў у год прастуджваюцца, гэта значыць, што ў статыстычнага амэрыканца, прастуда здараецца ў сярэднім тры разы ў год.
Арганізм шчасьлівых людзей мае большы імунітэт супраць прастудаў – вынікае з дасьледаваньня амэрыканскіх вучоных. У людзей, якія знаходзяцца ў стане дэпрэсіі, нэрвуюцца або злуюцца, верагоднасьць прастудзіцца ў тры разы большая, чым у людзей энэргічных, шчасьлівых і бястурботных. Каб выявіць уплыў “станоўчага эмацыйнага стану” на здароўе, д-р Шэльдан Коэн і ягоныя калегі сьпярша папрасілі 334 здаровых людзей апісаць свой эмацыйны стан. Яны павінны былі адказаць на пытаньне, як часта адчуваюць сябе шчасьлівымі, бестурботнымі і расслабленымі, і ці часта ім здараецца быць злоснымі, прыгнечанымі або раздражнёнымі. Затым кожнага з валанцёраў з дапамогай спэцыяльным капляў заразілі рынавірусам, адным зь вірусаў, якія выклікаюць прастуду.
“Мы выявілі, што людзі, у якіх дамінуе добры настрой, значна менш падатлівыя на ўзьдзеяньне віруса прастуды”, – паведаміў д-р Коэн. Апрача таго, прадстаўнікі першай групы больш схільныя да таго, каб скардзіцца на свой стан здароўя, нават калі аб’ектыўна, яны не адчуваюць сябе горш за астатніх. “Калі ў Вас добры настрой, Вы будзеце менш зьвяртаць ўвагу на пагаршэньне стану свайго здароўя і менш гаварыць пра сымптомы прастуды”, – падкрэсьліваецца ў дасьледаваньні.
Якім чынам нашы настроі і эмоцыі ўплываюць на фізычнае здароўе? “Найпрасьцей кажучы, калі наш мозг адчувае сябе здаровым, шляхам нэрвовай сыстэмы і гармонаў ён накіроўвае ў астатнія органы цела імпульсы, якія дапамагаюць ім засьцерагчыся ад хваробы” – кажа прафэсар з мэдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Эмары Нэйл Шульман. “Верагоднасьць прастуды, запаленьня лёгкіх і нават раку будзе значна меншая, калі будуць здаровыя Вашы мазгі”, – інакш кажучы, калі Вы будзеце здаровыя ў псыхалягічным сэнсе.
На думку амэрыканскіх вучоных, ёсьць яшчэ адна прычына таго, чаму здаровы дух спрыяе здароўю цела. Справа ў тым, што поўныя аптымізму і шчасьлівыя людзі вядуць больш здаровы лад жыцьця, чым пэсымісты і няшчасныя людзі. Першыя лепш за астатніх сьпяць, ахвотней выконваюць фізычныя практыкаваньні, і ў іх ніжэйшы ўзровень гармонаў стрэсу. “Вынікі найноўшага дасьледаваньня такія, кажа д-р Шульман, што каб палепшыць самаадчуваньне і агульны стан здароўя, існуе вельмі просты спосаб, які не патрабуе візыту ў лекара”.
А зараз – найноўшыя мэдычныя парады.
- Калі Вам здараецца больш чым гадзіну ў дзень працаваць або займацца фізычнымі практыкаваньні пры гарачым надвор’і, невялікая колькасьць спартовага напою можа быць болей карысная, чым звычайная вада. Электраліты, якімі багатыя энэргетычныя напоі для спартоўцаў, дазваляюць лепш пераносіць гарачыню, чым звычайныя напоі, – лічыць мэдычная амэрыканская арганізацыя Real Age. Аднак, паводле навукоўцаў, злоўжываньне спартовымі напоямі з прычыны вялікай колькасьці натрыю ў іх пагражае хваробай, вядомай пад назовам гіпанатрэмічнай энцэфаляпатыяй, з прычыны якой штогод паміраюць каля дзясятка спартоўцаў (напрыклад, два гады таму з гэтай прычыны загінула ўдзельніца Бостанскага Марафону). Празьмерная колькасьць натрыю спрыяе назапашваньню вады ў клетках і можа прывесьці да пухліны мозгу. З гэтай прычыны, а таксама каб зьменшыць колькасьць калёрыяў, пажадана мяшаць спартовыя напоі з вадою.
Калі Вы дрэнна бачыце ў цемры або калі Вашы вочы хутка стамляюцца, працягніце руку па моркву. Хаця гэтая гародніна зьяўляецца адным з асноўных складнікаў харчаваньня для малых дзяцей, дыетэтыкі рэкамэндуюць моркву і старэйшым людзям. Паводле спэцыялістаў, з прычыны вялікай колькасьці каратыну, інакш кажучы, правітаміну А, морква прамывае вены, рэгулюе працу страўніка, утрымлівае ў належным стане печань і паляпшае зрок. Паводле вучоных, людзі, якія спажываюць шмат гэтай гародніны, маюць 40 разоў меншы шанец захварэць на рак печані. Вітамін А абясшкоджвае бэнзыпрэн, канцэрагенную субстанцыю, якой шмат ў тытунёвым дыме. Вітамін А выгладжвае моршчыны і лічыцца вітамінам маладосьці. Сто грамаў морквы забясьпечвае дзённае запатрабаваньне на гэты вітамін. Акрамя вітаміну А, у моркве шмат кальцыю, калію, жалеза, ёду ды іншых мінэралаў.
Для здароўя надзвычай карысны яшчэ адзін агульгадаступны прадукт – мёд. Паводле брытанскіх навукоўцаў, мёд паўстрымлівае разьвіцьцё бактэрыяў, у тым ліку тых, якіх не зьнішчаюць антыбіётыкі. З дасьледаваньняў вынікае, што натуральны мёд зьнішчае бактэрыі ў тры разы болей пасьпяхова, чым штучны мёд. Паводле навукоўцаў, растворы некаторых мёдаў зьмяшчаюць ў сабе перакіс, які ўжываецца для прамываньня ранаў. Вучоныя лічаць, што супрацьбактэрыйныя ўласьцівасьці мёду зьвязаныя таксама з энзымамі, якія вырабляюць пчолы, а таксама зь нектарам, які яны зьбіраюць з расьлінаў.