У выніку апошніх досьледаў Дортмуцкага мэдычнага інстытуту (Dartmouth Medical School, Hanover, New Hampshire, USA) пацьвердзілася, што адна з формаў вітаміну Д павялічвае дзейснасьць радыяцыйнага лекаваньня ракавых пухлінаў. Ён дае магчымасьць ўзьдзейнічаць на радыяцыйна-устойлівыя ракавыя клеткі, якіх не зьнішчае апраменьваньне.
Радыяцыйная тэрапія прызначаецца ў дадатак да хірургічнага выдаленьня ракавых пухлінаў, альбо перад апэрацыяй – дзеля зьмяншэньня памераў пухліны, альбо пасьля – каб прадухіліць аднаўленьне хваробы. Але заўсёды застаецца пэўная колькасьць ракавых клетак, якія супрацьстаяць радыяцыі і спрычыняюцца да ўзнаўленьня пухліны. Аналяг вітаміна Д – ЕВ 1089 – зьнішчае гэтыя радыяцыйна-устойлівыя клеткі.
Вынікі досьледу апублікаваныя у чэрвеньскім выпуску “Journal of Clinical Cancer Research”. Параўноўваўся стан ракавай пухліны у мышэй, якіх лекавалі толькі апраменьваньнем, і ў мышэй, якім радыяцыйную тэрапію спалучалі з ЕВ 1089. Камбінаванае лекаваньне з аналягам вітаміну Д выявіла ўдвая лепшыя вынікі – памер ракавай пухліны быў на 50% меншы, чым у мышэй з тае групы, дзе ўжывалася толькі радыяцыйная тэрапія.
Існуюць сьведчаньні, што вітамін Д, які натуральным шляхам выпрацоўваецца у арганізьме пад сонечнымі промнямі, папярэджвае і нават лекуе некаторыя формы раку. Але высьветлілася, што завялікая колькасьць вітаміну Д стымулюе, у сваю чаргу, надмернае павелічэньне колькасьці кальцыю, і гэта ўплывае на мэтабалізм і структуру костак. Аналяг вітаміну Д – ЕВ 1089 – мае мадыфікаваную хімічную структуру, якая значна зьмяншае пабочныя эфэкты, абумоўленыя ўплывам кальцыю. Як патлумачыў адзін з кіраўнікоў досьледу, др. Суята Сунадарам, “ЕВ 1089 – адносна нетаксычны, асабліва калі параўнаць з хіміятэрапіяй, якая спрычыняецца да страты валасоў, страты апэтыту і іншых шкодных дадатковых эфэктаў”.
Адмыслоўцы перакананыя, што новыя дадзеныя могуць быць насамрэч карысныя для пацыентаў, якія пакутуюць на рак грудзей, рак мозгу альбо рак прастаты. Пакуль досьледы падмацаваныя вынікамі экспэрымэнтаў на мышах, такім чынам, неабходныя яшчэ дадатковыя клінічныя досьледы. Цяпер аналяг вітаміну Д – ЕВ 1089 – у Эўропе праходзіць клінічныя выпрабаваньні з пацыентамі дзеля лекаваньня раку, але яшчэ ніколі не ўжываўся як дадатковая падтрымка радыяцыйнай тэрапіі.
І яшчэ – з апошніх досьледаў пра вітамін Д і сонца, якое яму спрыяе. Ад сонца цяпер многія хаваюцца як ад магчымае прычыны раку скуры альбо зморшчынаў. Ці могуць сонечныя промні спрыяць здароўю? Так, і нашмат болей, чым шкодзіць, – перакананы Міхаэль Голік, прафэсар мэдыцыны, дэрматалёгіі, біяпсыхалёгіі і псыхалёгіі з Бостанскага мэдычнага ўнівэрсытэту (Boston University School of Medicine).
Прафэсар Голік, які вынайшаў актыўную форму вітаміну Д, падмацоўвае гэтае сьведчаньне значным комплексам доказаў, якія ўражваюць. Ён прыйшоў да высновы, што адносна нядоўгае, але нічым не прыкрытае знаходжаньне пад сонечнымі промнямі некалькі разоў на тыдзень дапамагае супрацьстаяць многім цяжкім альбо і сьмяротным хваробам, у тым ліку остэапарозу, дыябэту, рэўматоідным артрытам, дэпрэссі і раку грудзей, простае кішкі і прастаты.
Іншымі словамі, сонечныя промні – дзейсныя лекі. Але, як і для любых лекаў, шмат вызначае доза – занадта вялікая доза стварае пабочныя шкодныя эфэкты.
Лекавае ўздьдзеяньне сонца абумоўліваецца тым, якія істотныя і разнастайныя ролі мае вітамін Д у арганізме. Яго асноўная крыніца – не харчовыя прадукты, а сонечныя промні. Вітамін Д, як вядома, фармуецца у скуры пад ўзьдзеяньнем ультрафіялетавых промняў. Вонкавая праява гэтага – загар. Чым цямнейшы колер скуры, тым больш патрабуецца часу правесьці пад сонечнымі промнямі, каб атрымаць належную колькасьць вітаміну Д для свайго арганізму.
Вітамін Д выконвае многія жыцьцёва істотныя біяхімічныя ролі у клетках цела, але найперш ён мае трансфармавацца у яго актыўную форму, гармон вітаміну Д. Ён вызначае фармаваньне і падтрымку нармальных костак і цягліцаў. Адзін з сымптомаў, якія сьведчаць пра недахоп вітаміну Д – гэта боль і слабасьць у цягліцах і костках. Праф. Голік мяркуе, што некаторыя парушэньні у арганізме, дыягназаваныя як фібраміялгія, могуць ўяўляць сабою праяву і вынік дэфіцыту вітаміну Д у арганізме.
Вынікі шматгадовых назіраньняў і досьледаў сьведчаць, што людзі, якія працуюць на вольным паветры альбо жывуць у сонечным клімаце, маюць значна меншы ўзровень сьмяротнасьці ад розных формаў раку, а таксама радзей хварэюць на склероз, рэўматоідныя артрыты, дыябэт.
Якая належная доза вітаміну Д? Хаця афіцыйна рэкамэндаваная доза ў дзень – ад 200 міжнародных адзінак для немаўлятаў да 600 ў дарослых, праф. Голік і іншыя экспэрты цьвердзяць, што неабходна 1000 адзінак ў дзень.
* * *
А цяпер новыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі “Real Age” – як жыць доўга і захаваць добрае здароўе:
- Калі вы маеце магчымасьць, заўсёды апранайце шалом пад час паездак на ровары. Гэта абароніць вас ад многіх шкодных наступстваў, у тым ліку ад рызыкі захварэць на хваробу Паркінсона. Раны галавы павялічваюць рызыку хваробы. Нядаўнія досьледы засьведчылі, што тыя, хто пацярпелі ад гэткіх ранаў, у 4 разы часьцей хварэюць на хваробу Паркінсону. Шалом пры паездках на ровары зьмяншае рызыку самых сур’ёзных ранаў на 85% . Болей за тое, – і чаму б не прыняць гэта з ўсёй сур’ёзнасьцю, якой насамрэч вартае нашае здароўе, – Real Age сьведчыць: калі вы будзеце апранаць шалом пры паездках на ровары, гэта зробіць ваш біялягічны ўзрост на 1 год маладзейшым.
- Прадукты, багатыя на клятчатку, зьмяншаюць рызыку ракавых хваробаў. Нядаўнія досьледы пацьвердзілі дакладна, што ежа, багатая на клятчатку, апрача іншае карысьці, зьмяншае рызыку захварэць на рак простай кішкі прынамсі на 40%. Real Age раiць: спажываньне 25 грамаў клятчаткі (альбо 38 грамаў, калі вам болей, чым 50 гадоў) можа зрабiць ваш бiялягiчны узрост як найменей на 2,5 гады маладзейшым.