Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыйнае адкрыцьцё шатляндзкіх і японскіх генэтыкаў або як зрабіць клетку вечна маладой


Сяргей Абламейка, Прага

Так званыя камлёвыя эмбрыянальныя клеткі ўнікальныя тым, што могуць разьвіцца ў любы орган чалавека і здольныя аказаць магутнае аздараўленчае ўзьдзеяньне на пашкоджаныя і хворыя органы. Таму і ўтварылася іх назва ад ангельскага слова ‘stem’, або па-нашаму ‘камель’, гэта значыць асноўная частка дрэва, што прылягае да кораня.

Аздараўленчы і амаладжальны эфэкт камлёвых клетак быў заўважаны яшчэ 50 гадоў таму, калі прыватныя швайцарскія клінікі пачалі зь іх дапамогай амаладжваць багатых кліентак. У апошнія дзесяцігодзьдзі з чалавечых эмбрыёнаў пачалі выпрацоўваць рэдкія і дарагія лекі, для лячэньня шмат якіх цяжкіх хваробаў, у тым ліку хваробы Паркінсона і рака.

Летась мэдыкі знайшлі, што ня ўсе поліпатэнтныя камлёвыя клеткі ператвараюцца ў розныя тканкі і органы чалавека, частка іх застаецца ў нязьменным выглядзе ў тых жа печані ці мозгу, але асабліва іх шмат захоўваецца ў нашым шпіку (або касьцявым мозгу). Ужо першыя экспэрымэнты далі фантастычныя вынікі. Летась амэрыканскія мэдыкі ўзялі камлёвыя клеткі з касьцявога мозгу хворай на цяжкую форму эпілепсіі дзяўчыны і пасьля пэўнай апрацоўкі перасадзілі іх ёй у мозг. У выніку хворая ўжо 11 месяцаў ня мае ніводнага прыпадку!

І вось новае адкрыцьцё. Знойдзены адначасова ў Шятляндыі і Японіі ген зьяўляецца як бы камандным, ён кіруе іншымі генамі і можа дазволіць клетцы неабмежавана дзяліцца пры захаваньні магчымасьці будучай дыфэрэнцыяцыі. Новы ген назвалі Nanog – гэтак паводле кельтскага міту называецца краіна, дзе жывуць вечна маладыя людзі.

“Nanog прымушае ў лябараторных умовах камлёвыя клеткі размнажацца, – заявіў адзін з аўтараў новага адкрыцьця, супрацоўнік Інстытуту дасьледаваньня камлёвых клетак у Эдынбургу Ян Чэмбэрс і дадаў. – Фактычна, гэта робіць такія клеткі несьмяротнымі”.

Nanog быў знойдзены ў клетках эмбрыёну мышы і ў аналягічных клетках чалавека. Падчас экспэрымэнту ў Эдынбургу, перасадка дадатковага гену Nanog у эмбрыянальныя тканкі мышы прадухіліла тыя клеткі ад дыфэрэнцыяцыі.

Навукоўцы таксама паведамілі, што Nanog, верагодна, дзейнічае не адзін, а ў пары зь іншым ужо адкрытым генам – так званым Oct4. Але галоўную ролю адыгрывае ўсё ж ён сам.

Кіраўнік калектыву шатляндзкіх навукоўцаў Аўстын Сьміт заявіў, што магчымасьць ператварэньня звычайнай дарослай клеткі з дапамогай гена Nanog у эмбрыянальную камлёвую існуе, але для гэтага трэба яшчэ вельмі шмат працаваць. Значна лягчэй, паводле Сьміта, пры дапамозе перасадкі ў камлёвую клетку дададтковага гана Nanog вырасьціць зь яе мільёны і мільярды падобных для пасьпяховага лячэньня людзей. Такая магчымасьць існуе ўжо зараз.

***

У эфіры Радыё Свабода. Вы слухаеце перадачу “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Піце чай кожны дзень – гэта можа дапамагчы вашаму арганізму змагацца зь інфэкцыямі і падвысіць імунітэт. Нядаўна мэдыкі знайшлі, што рэчыва эЛ-тэнін, якога шмат у лісьцях чая, дапамагае арганізму змагацца са шкоднымі бактэрыямі. Прычым няважна, п’яце вы чай чорны ці зялёны – кожны зь іх дзейнічае на імунную сыстэму аднолькава. RealAge сьведчыць, што абарона свайго імунітэту можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

2. Нядаўна навукоўцы заўважылі, што чым больш гнуткае вашае цела, тым меншая рызыка захварэць на артрыт (або запаленьне суставаў). Апрача таго заўважана, што гнуткія людзі маюць і большую шчыльнасьць патрэбных мінэралаў у касьцях. Таму RealAge заклікае вас у любым узросьце штодзень займацца фізычнымі практыкаваньнямі, у тым ліку і на расьцяжку цела. Вядома, што калі вы будзеце займацца практыкаваньнямі для выпрацоўкі выносьлівасьці, сілы і гнуткасьці, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа стаць больш чым на 8 гадоў маладзейшым.

3. Рэгулярна кантралюйце ціск крыві. Нядаўна амэрыканскі ўрад перагледзеў рэкамэндаваныя лічбы, якія дасюль лічыліся нормай. Адгэтуль нават калі ў вас ціск 120/80 – вы павінны пачынаць рэгулярна кантраляваць яго і зьвярнуцца да лекара. Новая лічба нормы – 115/76. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце трымаць свой крывяны ціск у норме, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа зьменшыцца на цэлыя 12 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG