Мэдыкі дагэтуль ня могуць перамагчы рак, але навукоўцы з усяго сьвету працуюць над новымі лекамі. Днямі амэрыканскія вучоныя паведамілі, што можна падоўжыць жыцьцё пацыентаў з ракам простай кішкі. Зьявіўся лек, які пазбаўляе ракавыя пухліны кіслароду і спажыўных рэчываў – і гэтак блякуе іхнае разьвіцьцё.
Рак застаецца невылечнай хваробай, але зьявіўся шанец падоўжыць жыцьцё хворых на некаторыя віды раку. Амэрыканскія спэцыялісты распрацавалі лек, які пазбаўляе ракавыя пухліны кіслароду і харчаваньня, і гэткім чынам можа падоўжыць жыцьцё пацыентаў з ракам простай кішкі. Такі вынік працяглых клінічных дасьледаваньняў абвесьціла амэрыканская фармацэўтычная кампанія “Генэнтэк” з Сан-Францыска ў Каліфорніі.
Для многіх спэцыялістаў гэтая вестка была даволі нечаканай, бо мэтад пазбаўленьня ракавых пухлінаў кіслароду не спрацоўваў падчас шматлікіх ранейшых экспэрымэнтаў. Сама кампанія “Генэнтэк” раней беспасьпяхова спрабавала скарыстаць свой лек “Авастын” для лячэньня раку грудзей.
Аднак жа ў панядзелак 19 траўня кампанія паведаміла, што пацыенты, якія прымалі “Авастын” побач з традыцыйнай хіміятэрапіяй, жывуць даўжэй, чым тыя, чыё лячэньне абмяжоўвалася толькі хіміятэрапіяй. Карысьць для здароўя пацыентаў аказалася значна большай, чым раней меркавалі.
Калі біржавыя аналітыкі, якія дагэтуль скептычна ставіліся да эфэктыўнасьці “Авастыну”, зьмянілі думку, акцыі кампаніі “Генэнтэк” адразу падаражэлі на 45%. “Наколькі я ведаю, гэта першае грунтоўнае дасьледаваньне, якое пацьвярджае канцэпцыю адносна “Авастыну” ды іншых лекаў”, – лічыць доктар Леонард Сальц з Ракавага цэнтру ў Нью-Ёрку, які зьяўляецца аўтарытэтам у галіне раку простай кішкі. Аднак, на ягоную думку, праўдападобна, “Авастын” падоўжыць жыцьцё ўсяго толькі на некалькі месяцаў. “Пакуль рак застаецца невылечным, але невялікімі крокамі мы набліжаемся да мэты”, – кажа Леанард Сальц.
“Авастын” блякуе фармаваньне крывяных сасудаў, якія пастаўляюць кісларод і спажыўныя рэчывы да пухліны, і гэтак не дае ракавай пухліне расьці. Такі мэтад лячэньня ў 1998 годзе выклікаў ажыўленыя дыспуты спэцыялістаў. Тады ў газэце “Нью-Ёрк Таймс” зьявіўся артыкул пра навуковы посьпех Джудаха Фолькмана, прафэсара Гарвардзкага ўнівэрсытэту і супрацоўніка дзіцячага шпіталю ў Бостане. Яму ўдалося ліквідаваць ракавыя пухліны ў мышэй з дапамогай іншых, чым “Авастын”, лекаў.
Аднак падчас трэцяй стадыі клінічных дасьледаваньняў, якія праводзілі на людзях, выкарыстаньне сямі розных лекаў не дало вынікаў, – паведаміў Уільям Лі, прэзыдэнт некамэрцыйнай арганізацыі “Ангіягенэтычная фундацыя” з Кембрыджу ў штаце Масачусэтс, якая прапагандуе гэты мэтад лячэньня раку.
Уільям Лі кажа, што ў часе дасьледаваньня былі скарыстаныя 65 розных лекаў, у тым ліку са швайцарскай фармацэўтычнай кампаніі “Novartis”, якія ў рознай ступені блякуюць фармаваньне крывяных сасудаў і не дазваляюць ракавай пухліне павялічвацца. “Мы ня ведаем, які лек аптымальны, які від раку, і для каго з пацыентаў найбольш прыдатны такі мэтад лячэньня, але мы працуем над гэтым”, – кажа Лі.
Джудах Фолкман, які 30 гадоў працуе якраз над гэтым мэтадам лячэньня раку, назваў вестку пра посьпех кампаніі “Генэнтэх” шматабяцальнай і падкрэсьліў, што сам ён заўсёды верыў у правільнасьць гэтага падыходу.
Станоўчыя вынікі клінічных дасьледаваньняў дазволілі кампаніі “Генэнтэх” спадзяецца, што ейны прадукт неўзабаве афіцыйна прызнае Адміністрацыя харчаваньня і лекаў. На рынку прэпарат можа зьявіцца ўжо ў пачатку 2004 году – раней, чым меркавалася.
* * *
А цяпер парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі “Real Age”:
Падчас ежы людзі, якія хварэюць на дыябэт 2-га тыпу, павінны як мага болей сьмяяцца. Дасьледаваньні паказалі, што ў іх значна павольней узрастае ўзровень глюкозы ў крыві, калі пасьля ежы яны глядзяць камедыю або нешта забаўнае чытаюць. Гумар і сьмех карысна ўплываюць таксама і на людзей без дыябэту. Некантраляваны ўзровень цукру ў крыві можа прывесьці таксама да хваробы сэрца, нырак і сьлепаты.
Не адмаўляйцеся падчас ежы ад традыцыйнай сядзячай позы. Найноўшыя дасьледаваньні сьведчаць, што яна выдатна дапамагае ў барацьбе з атлусьценьнем. Седзячы, людзі хутчэй адчуваюць сябе сытымі й зьядаюць значна менш, чым, напрыклад, лежачы. Паводле навукоўцаў, адчуваньне сытасьці ўзмацняецца, калі спажываныя харчы трапляюць у ніжнюю частку страўніка. Гэткім чынам, сьнеданьне ў ложку, якое падаецца рэдкай раскошай, можа быць карыснае для здароўя.