У таго, хто сочыць за паведамленьнямі на мэдычную тэму, міжволі ўзьнікае шмат пытаньняў. Напрыклад, чаму ў наш час столькі людзей церпяць ад хваробаў, якія раней лічыліся рэдкімі? Чаму ў разьвітых краінах назіраецца эпідэмія атлусьценьня, нягледзячы на хуткі рост спартовых цэнтраў і штодзёны паток інфармацыі аб здаровым ладзе жыцьця?
Вялікі калектыў навукоўцаў у Злучаных Штатах Амэрыкі правёў сэрыю дасьледаваньняў з мэтай высьветліць сувязь паміж фізычнай актыўнасьцю і небывалым ростам колькасьці хранічных хваробаў у сьвеце. Вынікі дасьледаваньня апублікаваныя днямі ў часопісе Jornal of Applied Physiology і інтэрнэт-выданьні Science Daily.
Галоўная выснова, да якой прыйшлі амэрыканскія мэдыкі, такая: высокая колькасьць хранічных хваробаў у сьвеце выкліканая неадпаведнасьцю паміж генэтычным забесьпячэньнем чалавека і яго неактыўным ладам жыцьця сёньня. Гены, аб якіх ідзе мова, маюць храмасовы, запраграмаваныя прыблізна 10 тысяч гадоў таму. І вось якраз яны прадугледжваюць, што чалавек кожны дзень будзе рабіць значна больш фізычных намаганьняў, чым гэта ёсьць зараз. Такая структура геннай інфармацыі склалася яшчэ ў пэрыяд позьняга палеаліту, калі фізычныя высілкі былі неабходнай умовай выжываньня.
Першабытны чалавек павінен быў кожны дзень паляваць і зьбіраць сабе ежу, пры гэтым часта застаючыся без адпачынку і падмацаваньня па некалькі дзён. Большасьць працы выконвалася рукамі – будаўніцтва жытла, апрацоўка каменю, забесьпячэньне палівам і вадой. А ў вольныя хвіліны, як цяпер даказана, першабытныя людзі шмат танцавалі, гэта значыць зноў заставаліся ў руху. І вось тыя стандарты засталіся ў нашых генах аж да ХХІ стагодзьдзя.
Сёньня людзі вядуць дыямэтральна іншы лад жыцьця. Пры мінімальнай фізычнай нагрузцы, большасьць з нас увесь свой час праводзяць, седзячы на працы або дома ля тэлевізара. Сёньня, прынамсі ў разьвітых краінах, выжываньне чалавека ўжо не залежыць ад фізычнай актыўнасьці – дровы і ваду ў хату насіць ня трэба, а побытавая тэхніка небывала аблегчыла і жаночую долю ў хатняй гаспадарцы. Разрыў паміж генэтычна запраграмаванай фізычнай актыўнасьцю і рэальнай асабліва павялічыўся ў апошнія 100 гадоў.
У выніку аўтары дасьледаваньня зрабілі выснову, што сучасныя людзі трацяць значна менш энэргіі, чым здабываюць яе ад пажыўнай і смачнай ежы. Канкрэтна, яны сьцьвярджаюць, што сёньня мы спальваем менш за палову той колькасьці энэргіі, якую павінны былі б спальваць паводле нашых генаў. У выніку ўзьнікае празьмерная колькасьць энэргіі, якая ў арганізме ператвараецца ў тлушчы.
Арганізм першабытных людзей эпохі палеаліту быў уладкаваны такім чынам, што ён зьбіраў запасы энэргіі ў выглядзе адкладаньняў тлушчу. У такі спосаб людзі рыхтаваліся сустрэць пэрыяды голаду і празьмернай фізычнай актыўнасьці, напрыклад, войны або цяжкія пераходы і перасяленьні. Структура і схема гэтага назапашваньня тлучшчаў таксама прапісалася ў нашых генах. Людзі, такім чынам, схільныя назапашваць тлушч нават пры вельмі сьціплым харчаваньні. Што ж казаць ужо пра сёньняшнія часы, калі шмат хто мае магчымасьць смачна і дадушы наесьціся?!
У выніку, аўтары новага дасьледаваньня робяць выснову, што неадпаведнасьць геннай памяці і сёньняшняга энэргетычнага расходу прыводзяць да атлусьценьня і да парушэньня энэргетычнага балянсу ў арганізме. І гэта, паводле іх, галоўная прычны росту захворваньняў на хранічныя хваробы ў сучасным сьвеце. Паратунак – у балянсе энэргіі.
Энэргетычны дысбалянс прыводзіць да таго, што калі нехта мае, напрыклад, спадчынную схільнасьць да дыябэту, ён абавязкова захварэе на яго, калі ня будзе займацца спортам і не захавае добрую паставу. У выніку цукроўка сёньня лічыцца клясычнай цывілізацыйнай хваробай. Сёньня на яе хварэюць 120 мільёнаў чалавек, а ў 2015 годзе чакаецца 360 мільёнаў хворых – вось сапраўдная цана страты чалавецтвам фізычна актыўнага ладу жыцьця.
Рух і фізычная актыўнасьць – два камяні, на якія павінна абапірацца здароўе сёньняшніх людзей. Аднак, – гаворыцца ў артыкуле часопісу Jornal of Applied Physiology, – недастаткова, за дзень падняцца пешкі на адзін-два лесьвічныя пралёты і думаць, што вы выканалі праграму фізычных практыкаваньняў на дзень. Каб кампэнсаваць прыход энэргіі, трэба ад 30 хвілін да 1 гадзіны хадзіць пешкі або займацца іншым спортам чатыры-шэсьць разоў на тыдзень.
Аўтары новага дасьледаваньня склалі сьпіс хранічных хваробаў, выкліканых недастатковай фізычнай актыўнасьцю людзей. Ён уключае ў сябе хваробы сэрца і судзінаў – інфаркт, інсульт, пашырэньне і трамбоз судзінаў, ангіны, рак тоўстай кішкі, рак грудзей у жанчын, рак падстраўнікавай залозы і рак скуры, асабліва мэланома, а таксама парушэньні мэтабалізму – цукроўка і атлусьценьне.
Так што, – заключае аўтар нататкі ў Science Daily, – калі б нехта запытаўся, хто сёньня больш рызыкуе захварэць – лянівы ці працавіты, дык адказ відавочны – лянівы амаль ня мае шанцаў застацца задаровым.
***
Мала хто ня чуў, што хатнія жывёлы могуць выклікаць у людзей алергію. Самі хворыя на гэтую хваробу стараюцца ня мець дома катоў і сабак, а таксама ня ходзяць у госьці да тых, хто тыя жывёлы мае. Тым больш цікавым вглядае паведамленьне, зь якім выступілі навукоўцы Амэрыканскай Акадэміі алергіі, астмы і імуналёгіі. Яны заявілі, што калі нованароджанае немаўля, або і любое дзіця ва ўзросьце да аднаго году, жыве ў адной кватэры з сабакам, гэта можа рэзка зьніжаць рызыку разьвіцьця ў яго ў будучым алергіі.
Гэтая заява амэрыканскіх мэдыкаў грунтуецца на іх апошнім дасьледаваньні з удзелам 286 немаўлятаў. Вынікі назіраньняў паказалі, што 33 працэнты дзяцей, якія захварэлі на алергію, у першы год жыцьця ня мелі побач з сабой сабаку. У той жа час сярод тых, хто меў на пачатку жыцьця сабаку ў кватэры, толькі 19 працэнтаў захварэлі на розныя формы алергіі.
Зараз лекары спрабуюць зразумець, чаму так адбываецца. Адно з прыпушчэньняў такое. Калі дзіця ад нараджэньня знаходзіцца побач з жывёлай, гэта ўмацоўвае пэўную частку імунітэту. І якраз гэтая частка нашай імуннай сыстэмы пасьля не дазваляе ўзьнікнуць алергічнай рэакцыі.
Разам з тым, адзін з аўтараў дасьледаваньня, доктар Санджэй Гупта, заявіў, што ня трэба забывацца аб спадчынным характары алергіі. Калі на адзін зь яе тыпаў хварэюць і бацька і маці, дык верагоднасьць алергіі ў дзіцяці складзе 50 працэнтаў. Калі хворы толькі адзін з бацькоў, рызыка складае 25 працэнтаў.
***
А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.
1. Ежа можа быць добрым лекам. Лекары сьведчаць, што калі чалавек мае падвышаную адчувальнасьць да холаду, ён можа кампэнсаваць гэты недахоп ежай. Сам працэс яды і засваеньня ежы спрыяе імуннай сыстэме і дапамагае арганізму процістаяць холаду. Пасьля прыёму ежы выпрацоўваецца гама-інтэрфэрон, які змагаецца зь вірусамі. RealAge нагадвае, што актыўны клопат аб здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.
2. Людзі, якія маюць падвышаную вагу, павінны ведаць, што нават спроба схуднець азначае для іх больш доўгае жыцьцё. Адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што нават тыя з тоўстых людзей, якія спрабавалі схуднець, але няўдала, маюць большую працягласьць жыцьця, чым тыя, хто ніколі не спрабаваў скінуць лішнія кіляграмы. У гэтай сувязі RealAge нагадвае, што падтрыманьне нармальнай вагі цела можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.
3. Якасьць вашага сну можа быць нагэтулькі ж важнай, як і яго працягласьць. Нядаўна было праведзенае дасьледаваньне сярод людзей у веку 60-85 гадоў, якое паказала, што доўгія пэрыяды бяссоньня сярод ночы павялічваюць рызыку сьмерці. Для паляпшэньня якасьці сну трэба вытрымліваць яго графік, гэта значыць своечасова класьціся і ўставаць, пазьбягаць перад сном кафэіну і алькаголю і спаць у прахалодным і цёмным пакоі. RealAge сьведчыць, калі вы будзеце рэгулярна спаць па 6-8 гадзін, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа стаць на 3 гады маладзейшым.
4. Здароўе нашай сьпіны вельмі зьвязанае з нашым эмацыйным станам. Дасьледаваньні паказваюць, што стрэс ў два разы падвышае рызыку хваробаў пазваночніка. Так што трымайце свой псыхалягічны стан пад кантролем. У хвіліну раздражненьня паспрабуйце расслабіцца, глыбока падыхаць, зрабіць некалькі практыкаваньняў. RealAge сьведчыць, калі вы будзеце рэгулярна дбаць аб сваім здароўі, ваш рэальны біялягічны ўрост можа быць на 16 гадоў маладзейшым.
5. Паспрабуйце гэтай вясной даць сабе больш доступу да сьвежага паветра. Гэта можа дапамагчы вам пражыць даўжэй. Адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што людзі, якія жывуць побач з зялёнымі зонамі, маюць ў сярэднім большую працягласьць жыцьця чым тыя, хто ня мае побач з хатай парк ці і лес. Гуляйце па засаджаных дрэвамі алеях, па парослых травой парках, і не забывайце пра свой уласны двор ці гарод. Рэгулярныя практыкаваньні на паветры, паводле RealAge, могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.