Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астапчук: Уражаньне, што нас рэальна закопваюць


Надзея Астапчук
Надзея Астапчук

Алімпійскі год адзначыўся для Беларусі ня толькі правальным выступам у Лёндане, дзе атлеты здабылі 12 мэдалёў ад заплянаваных 25, але і шматлікімі допінгавымі скандаламі.

За ўжываньне забароненага стымулятара ануляваны вынік штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук — да заканчэньня расьсьледаваньня залаты мэдаль давялося вярнуць у Міжнародны алімпійскі камітэт. Напярэдадні выступу адлучаны ад стартаў малатабоец Іван Ціхан — дала станоўчы вынік пераправерка допінг-пробаў яшчэ афінскай Алімпіяды. За тыя ж Гульні-2004 давядзецца адказаць і кідальніцы дыску Ірыне Ятчанцы. Зрэшты, беларусы аказаліся не адзінымі: кампанію ім склалі штурхальнікі ядра Юры Беланог з Украіны і Сьвятлана Крывялёва з Расеі. Дык ці насамрэч гаворка пра змову МАК і Ўсясьветнага допінгавага агенцтва супраць краінаў былога СССР, як гэта намагаюцца падаць спартовыя функцыянэры? На гэтую тэму — інтэрвію Ігара Карнея з «разжалаванай» алімпійскай чэмпіёнкай Надзеяй Астапчук.

— Ваша расейская калега Сьвятлана Крывялёва ўжо заявіла, што не зьбіраецца аддаваць бронзавы мэдаль Афінаў, назваўшы рашэньне МАК «бязьмежжам і трызьненьнем сабачым». А вы сваю ўзнагароду вярнулі?

— Так, я свой мэдаль вярнула. Але калі яна сваю ўзнагароду не аддасьць, то я яе цудоўна зразумею. Таму што чалавек гэты мэдаль выйграў. У спартоўца падчас спаборніцтваў нічога не знайшлі, яго ні ў чым не вінавацілі. У іх быў час праверыць цягам 2-3, максымум 4 гадоў — да наступнай Алімпіяды. Хай бы яны праверылі і праз 20 гадоў пазбавілі! Глупства поўнае. Тым больш, я насамрэч не разумею: які сэнс зараз усё гэта варашыць? Тое, што было 8 гадоў таму. Ірына Ятчанка, дарэчы, з 2009 году ўжо ўвогуле не выступае. Ну, праверылі, абвясьцілі. Сказалі б так: у той час у нас былі неадпаведныя тэхналёгіі, мы не маглі нічога знайсьці. Дык лепш бы спартоўцы ведалі, што нешта ўжываць бессэнсоўна, бо ў будучым іх таксама могуць вылавіць. Вось і ўсё. А навошта зараз займацца падзелам месцаў? Ня ведаю, бо ніякай радасьці ад гэтых мэдалёў у выніку дыскваліфікацыі іншых, я думаю, нікому ня будзе. Задавальненьня абсалютна ніякага.

— Ёсьць думка, што справа ня толькі ў састарэлых прэпаратах, якія пры новых тэхналёгіях лёгка фіксуюцца, але і ў нейкай змове супраць постсавецкіх краінаў. Вы як мяркуеце?

— Такой адназначнай пазыцыі ў мяне няма, але тое, што там цяпер творыцца, — гэта нейкая нелягічная сытуацыя. Дапусьцім, ва ўсім сьвеце кажуць пра парушэньні правоў чалавека. Гэта ж так: усе змагаюцца супраць таго, каб парушаліся правы людзей. Але калі сытуацыя тычыцца спартоўцаў, то гэта нібыта і ня людзі. То бок, у іх ніякіх правоў быццам і няма. Няма тэрміну даўнасьці, няма прэзумпцыі невінаватасьці. Нічога няма. Проста вось так захацелі, узялі, выкарысталі, выкінулі. Таму, як на маю думку, дык тэндэнцыйнае стаўленьне ёсьць. Тым больш, няма ніякіх законаў, якія дазваляюць пазбаўляць мэдалёў праз нейкі тэрмін. Нідзе ж не прапісана: мусіць прайсьці 4 гады, ці 8 гадоў, ці 20 гадоў. Захацелі — пазбавілі. І потым проста пра гэта напісалі. Нібыта пра лёс, жыцьці людзей гаворка нават не ідзе. Таму пакуль ня будуць ліквідаваныя ўсе гэтыя непаразуменьні, можна пра спартоўцаў думаць усё, што заўгодна.

— Але застаецца фактам, што ў прыцэл Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва ўсё часьцей трапляюць прадстаўнікі менавіта былых савецкіх краінаў.

— На жаль, гэта так. Што і наводзіць на пэўныя думкі. Канечне, ёсьць прыклады, калі ў прыцэл да іх трапляюць і амэрыканскія спартоўцы, але ў большасьці выпадкаў, гэта бясспрэчна, яны селі на нас. А паколькі людзі там ня любяць прайграваць, яны апрыёры лічаць, што заўсёды і ўва ўсім маюць рацыю, то і выглядае, што ўсялякае супраціўленьне практычна бяссэнсоўнае.

— То бок, на ўзроўні таго ж МАК неабходнае прыняцьцё пэўных юрыдычных нормаў, якія б гарантавалі правы спартоўцам?

— Канечне, ня меней важна, каб пэўныя правы павінны былі гэтаксама ў спартоўца, якія ён можа адстойваць. А ня так, як здараецца цяпер — узялі, і фактычна ні за што паламалі кар’еру, жыцьцё. Мала ці што яны знайшлі? Іх жа не хвалюе — адкуль і якім чынам нешта ўзялося. Разумееце, мы цяпер жывём у сьвеце, дзе шмат падробак, прадуктаў няякасных. Абсалютна любы
мяркуючы па сучасных патрабаваньнях, хутка ў ліку забароненых будзе і звычайная вада

чалавек на гэтым можа пагарэць. Прыкладам, пад’елі ў рэстаране. Вы ж ня можаце праверыць ежу ў рэстаране? Купілі ў краме бутэльку вады — вы што, павезяце яе ў лябараторыю правяраць? Не, не павезяце. А ўяўляеце, што якраз у гэтым выпадку ўзялі і нахімічылі, бо падробак надзвычай шмат. Купіў спартовец ваду, а там нейкі забаронены прэпарат, калі кіравацца цяперашнім сьпісам. Спартоўцы, як вядома, шмат вады ўжываюць, бо яна дапамагае выступаць, хутчэй аднаўляцца, рухацца. А, мяркуючы па сучасных патрабаваньнях, хутка ў ліку забароненых будзе і звычайная вада. Таму проста неабходна зрабіць, каб спартовец мог змагацца за сваё права выступаць. А не так, як зараз: у цябе знайшлі — гэта твае праблемы. Як што туды трапіла — іх не хвалюе. Вось і ўсё. І пакуль усё гэта ня будзе аформлена пісьменна і правільна, будуць заставацца і спрэчкі, і меркаваньні, што нас проста рэальна закопваюць...

— Калі ўжо пачалі караць за афінскую Алімпіяду, то, мабыць, не за гарамі і допінгавыя справы Гульняў-2008 у Пэкіне?

— Дык яны і самі ўжо кажуць, што пробы Пэкіну паўскрывалі таксама, так што сюрпрызы хутка пасыпяцца. Ну, няхай правяраюць, хто ж ім не дае? Іх права. Мяне больш насьцярожвае, як яны, прабачце, гэтыя пробы захоўвалі? Гэта таксама цікавае пытаньне: дзе гарантыя, што гэтыя пробы насамрэч ляжалі ў надзейным месцы, ніхто туды нічога не дадаў. Дзе гарантыя? Гарантыі ніякай няма. Яны ж сам мэханізм не раскрываюць, толькі канстатуюць: мы ўціхую захавалі, мы схавалі. Аказваецца, яны хавалі пробы яшчэ невядома адкуль, невядома з якіх спаборніцтваў. І калі яны хаваюць нейкі матэрыял на канкрэтнага чалавека, то павінны былі яго ўведаміць — мы тады і тады бралі аналіз, ён будзе захоўвацца столькі гадоў. Можна ж пра гэта сказаць? А так выходзіць, што мы схавалі, мы захацелі, мы ўскрылі, мы праверылі. Хочаце — верце, хочаце — не, але мы вас усё роўна пакараем. Неяк аднабакова ўсё атрымліваецца. Проста сапраўды незразумела: рэальна робіцца так, як ім захацелася. Нам захацелася сёньня зрабіць так, і мы вас праверым. Зноў жа кажу: няма юрыдычна абгрунтаваных схемаў і захадаў, як гэта ўсё мусіць адбывацца. Таму пакуль атрымліваецца, што вы, спартоўцы, нявольнікі, і мы з вамі зробім усё, што захочам.

— Надзея, якія крокі зробленыя ў вашай гісторыі? На якой стадыі аспрэчваньне вашай дыскваліфікацыі?

— Ды ў нас яшчэ столькі ўсялякіх ліставаньняў і допісаў, што, баюся, зацягнецца як мінімум на паўгода. З той жа Міжнароднай фэдэрацыяй лёгкай атлетыкі пакуль адны стандартныя перапіскі, вось і ўсё. Дайце нам нейкія зьвесткі, раскажыце тое, раскажыце гэта. Карацей, нічога цікавага няма.

Па іроніі лёсу ануляваная бронзавая ўзнагарода расейскай спартоўкі Сьвятланы Крывялёвай павінна перайсьці якраз Надзеі Астапчук, якая на Гульнях-2004 заняла 4 месца. Аднак з улікам, што Астапчук сама пазбаўленая алімпійскага золата за ўжываньне допінгу на лёнданскай Алімпіядзе, яшчэ не факт, што МАК пагодзіцца на падобную ракіроўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG