Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астапчук: Праверце на допінг памерлых!


Яшчэ два беларускія спартоўцы мусяць вярнуць узнагароды ў Міжнародны алімпійскі камітэт. Гэта малатабоец Іван Ціхан і кідальніца дыску Ірына Ятчанка. Абое — прызэры афінскай Алімпіяды 2004 году.

Пераправерка допінг-пробаў з ужываньнем новых мэтодыкаў выявілі ў арганізьме беларусаў забаронены прэпарат мэтандыенон. Кампанію ім склалі штурхальнікі ядра з Украіны і Расеі: алімпійскі чэмпіён Юры Беланог і бронзавая прызэрка Сьвятлана Крывялёва адпаведна. Нагадаем, што неўзабаве пасьля сёлетніх Алімпійскіх гульняў у Лёндане за ўжываньне допінгу залатога мэдаля пазбавілі беларускую штурхальніцу ядра Надзею Астапчук.

У Нацыянальным алімпійскім камітэце пацьвердзілі, што срэбны прызэр афінскай Алімпіяды Іван Ціхан і бронзавая мэдалістка тых жа спаборніцтваў Ірына Ятчанка атрымалі зь Міжнароднага алімпійскага камітэту паведамленьні, што мусяць тэрмінова вярнуць мэдалі і дыплёмы. Пакуль у НАК ніхто зь іх не прыходзіў, расказваць пра свае эмоцыі журналістам спартоўцы таксама ня маюць ахвоты.

Паказальна, што Іван Ціхан у пары зь іншым кідальнікам молата Вадзімам Дзевятоўскім патрацілі два гады і паўмільёна даляраў, каб аспрэчыць рашэньне Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва пазбавіць іх узнагародаў Алімпіяды ў Пэкіне 2008 году. У выніку беларусаў апраўдалі, але сёлета ў Лёндане Ціхану выступіць так і не ўдалося — паўторна пераправераныя допінг-пробы яшчэ афінскай Алімпіяды аказаліся станоўчымі.

Увогуле, у гісторыі зь пераразьмеркаваньнем мэдалёў у выніку допінг-скандалаў сюжэт робіцца ўсё больш заблытаным. Ануляваная бронзавая ўзнагарода расейскай спартоўкі Сьвятланы Крывялёвай паводле лёгікі павінна перайсьці беларусцы Надзеі Астапчук, якая на Гульнях-2004 заняла 4 месца. Аднак Астапчук саму пазбавілі алімпійскага золата за ўжываньне допінгу на лёнданскай Алімпіядзе; акрамя таго, яна фігурантка справы аб станоўчай допінг-пробе на чэмпіянаце сьвету 2005 году, дзе таксама была першай. У інтэрвію «Свабодзе» Надзея Астапчук так ацаніла пэрспэктывы страціць золата Лёндану, але атрымаць бронзу Афінаў:

Надзея Астапчук
Надзея Астапчук
«Вядома, гэта абсурд. Увогуле цяжка зразумець: які сэнс дзяліць гэтыя мэдалі праз 8 гадоў? Якая радасьць будзе ад гэтага мэдалю? Дапусьцім, чалавек, ня дай бог, памёр. Яму што, пасьмяротна мэдаль уручаць? Ці таму, хто далей па сьпісе? На маё перакананьне, трэба ўсё ж нейкі разумны, гуманны тэрмін вызначыць такіх вэрдыктаў — дапусьцім, да наступнай Алімпіяды. То бок — хоць бы чатыры гады. А тут — ажно восем!

Давайце тады 20 гадоў зробім. Давайце ўсіх падымем, хто памёр яшчэ ў Савецкім Саюзе, праверым на допінг-кантроль. Таксама нейкае трызьненьне атрымліваецца. Але калі так ужо пайшло, то трэба ануляваць усе рэкорды, усе спаборніцтвы, якія раней былі, і пачаць усё спачатку. Тады ж допінг-кантролю не было, некаторыя рэкорды такія, што да іх дагэтуль ня могуць і блізка падступіцца. Таму калі ўжо сапраўды так узяліся за допінг, то давайце сёньня правядзём рысу, абвесьцім новыя правілы і будзем гуляць ужо па новых правілах. А ня так, як яны сумясьцілі незразумела што — і мінулае, і цяперашняе, і будучае».

Міжнародны алімпійскі камітэт абвясьціў сапраўдную вайну допінгу. Адным зь першых крокаў Жака Раге, абранага прэзыдэнтам МАК 10 гадоў таму, стала павелічэньне да 8 гадоў тэрміну захаваньня пробаў, узятых на Алімпіядах — то бок, два алімпійскія цыклі. За гэты час, на думку Раге, павінны зьявіцца ці больш сучасныя мэтодыкі дасьледаваньня аналізаў, ці новая інфармацыя пра ўжываньне атлетамі забароненых прэпаратаў. Але, як лічыць адзін зь вядучых спэцыялістаў у галіне спартовай мэдыцыны, лекар нацыянальнай алімпійскай зборнай Беларусі Валеры Бялан, такімі захадамі чыноўнікі ад спорту ня столькі мацуюць алімпійскі рух, колькі яго разбураюць:

«На якой падставе яны прынялі рашэньне на 8 гадоў замарожваць усе пробы — зноў жа незразумела. Такое адчуваньне, што папросту ідзе нейкая ўнутраная барацьба. Гэта як Біл Гейтс сказаў: самае галоўнае — інфармацыя. Вынікае, што якраз тыя людзі, якія прыйшлі і зараз задаюць тон ва ўсясьветным алімпійскім
Гэтыя хлопцы не ўмацуюць алімпійскі рух, яны разваляць яго

руху, яны ўсё сабралі і будуць нешта вывучаць. Маўляў, нейкія тэхналёгіі прасунуцца, і праз 8 гадоў рэтраспэктыўна пра штосьці можна будзе гаварыць. Гэта значыць — заднім чыслом.

Хто яго ведае, але гэтыя хлопцы, якія туды прыйшлі, яны такім чынам не ўмацуюць алімпійскі рух, яны разваляць яго. Проста адкінуць усіх непажаданых. А ў такім выпадку хутка трэба будзе рабіць асобныя спаборніцтвы паміж бюджэтнымі краінамі і асобныя — паміж краінамі багатымі. І ў першым выпадку, трэба сказаць, будзе нашмат цікавей, таму што багатых краінаў меней — з кім спаборнічаць? Але такая, хай сабе пакуль фантастычная, сытуацыя — яна сапраўды пужае».

На думку экспэртаў, колькасьць допінгавых скандалаў з удзелам беларускіх спартоўцаў будзе толькі павялічвацца. Спартовая мэдыцына ў Беларусі адстае ад прасунутых у гэтым пляне дзяржаў на некалькі пакаленьняў лекаў, таму пры сучасных тэхналёгіях выявіць прэпараты з чорнага сьпісу не складае ніякіх цяжкасьцяў. У часе «разносу», які па выніках Алімпіяды ў Лёндане ўчыніў усёй галіне прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка, адказны ва ўрадзе за спорт віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік прызнаў: Беларусі патрэбная сур’ёзная школа ў навукова-фармакалягічным забесьпячэньні спорту вышэйшых дасягненьняў. У адваротным выпадку беларусы і надалей будуць трапляць у скандальныя хронікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG