Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларусам бязьвізавыя Манголія, Нікарагуа, Гандурас?


Статуя Чынгыс Хана ва Ўлан Батары
Статуя Чынгыс Хана ва Ўлан Батары

У той час як многія постсавецкія краіны шукаюць шляхі, каб скасаваць ці максымальна аблегчыць памежныя працэдуры, колькасьць візавых напрамкаў для беларусаў з кожным годам толькі расьце.

У лепшым выпадку бязьвізавы ўезд дазволены ў дзяржавы, якія месьцяцца на іншых кантынэнтах і ўяўляюць абмежаваную цікавасьць найперш з прычыны дарагога пералёту.

Абсалютная бальшыня дзяржаў на захад ад Беларусі захоўваюць візавы рэжым зь Менскам. Прычым ад «апошняй дыктатуры» эўрапейцы адгарадзіліся самымі высокімі коштамі ў рэгіёне — 60 эўра за візу. Тады як для расейцаў ці ўкраінцаў аналягічная працэдура каштуе 35 эўра. Рэдкае выключэньне — некаторыя краіны былой Югаславіі: маючы запрашэньне, ваўчэр ці пуцёўку, беларусы могуць бязь візы наведваць тэрмінам да 30 дзён Сэрбію, Македонію і Чарнагорыю.

Астатнія кірункі — суцэльная экзотыка. Вольны ўезд перадусім у ідэалягічна блізкія Вэнэсуэлу, Нікарагуа і на Кубу, а таксама ў Гандурас, Пэру і Эквадор. На іншых кантынэнтах — Кітай (у групавых турах), Манголія (пры наяўнасьці запрашэньня), Малайзія і Сынгапур. Гэтаксама свабодны ўезд у краіны былога СССР, за выключэньнем Туркмэністану. Заснавальнік турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка называе гэта відавочным перакосам:

«Мы знаходзімся ў эўрапейскай прасторы, дзе многія краіны можна назваць суседзямі, хай нават праз аднаго, праз двух. То бок ня толькі палякі нашы суседзі, але, у прынцыпе, і чэхі, і немцы, і французы. Іншымі словамі, у эўрапейскай сям’і можна практычна любую дзяржаву назваць краінай- суседкай ці суседам Беларусі. Адпаведна, трэба выбудоўваць добрасуседзкія адносіны з пэрспэктывай скасаваньня ці аблягчэньня візавых працэдураў. Іншыя краіны ў гэты пералік таксама можна і трэба заносіць, але — ня ў першую чаргу. Я маю на ўвазе краіны Блізкага Ўсходу, Паўднёвай Амэрыкі, азіяцкія краіны. Гэта экзотыка, і туды едуць найперш па экзотыку. Праблемы зь візай — што называецца, частка антуражу гэтых краінаў. Але з эўрапейцамі мы павінны быць больш прагматычнымі».

Ёсьць шэраг дзяржаў, якія, каб прыцягнуць як найбольш турыстаў, робяць візавыя палёгкі для замежнікаў. Так, беларусы могуць не афармляць візы ў кансулятах Эгіпту ці Турэччыны, а атрымаць адмысловыя маркі-налепкі проста ў аэрапортах. Праўда, усё часьцей курсіруюць чуткі, што, прынамсі для беларусаў, такая халява неўзабаве можа скончыцца. Ня выключана, што першым рэалізуе задуму прафільтраваць турыстычны паток Эгіпет. Нягледзячы на тое, што МЗС Беларусі не пацьвярджае, што парадак афармленьня эгіпецкай візы можа зьмяніцца, так што атрымліваць яе давядзецца не па прылёце, а загадзя ў консульскіх установах (што аўтаматычна падвышае яе кошт з 15 да 50 даляраў), ускосныя факты сьведчаць пра іншае.

Адна зь беларускіх турыстак расказала: у сярэдзіне лістапада яна зьбіралася адляцець на Чырвонае мора з Прагі, але чэскія памежнікі завярнулі яе назад. Ёй патлумачылі, што існуе адмысловая інструкцыя не выпускаць у Эгіпет менавіта грамадзянаў Беларусі, таму жанчына была абавязаная загадзя паклапаціцца аб эгіпецкай візе. Пры гэтым расейцы і ўкраінцы вылецелі на свае курорты без праблемаў. Пра новыя патрабаваньні паведамляюць і апэратары іншых краінаў. Так, калі вылет з Расеі для беларусаў пакуль не абкладзены дадатковымі патрабаваньнямі, то ў выпадку з Украінай, апроч пакету дакумэнтаў (ваўчар, страхоўка, авіябілеты) цяпер патрэбны гарантыйны ліст, які будзе дасылацца турапэратарам. Пры яго наяўнасьці візу будуць ставіць у аэрапорце Хургады ці Шарм-эль-Шэйху.

Экспэрт у сфэры турызму Лілія Кобзік кажа, што ў Беларусі існуюць нефармальныя дамоўленасьці з цэлым шэрагам дзяржаў, якія прапісваюць аблегчаны парадак заезду турыстаў. Таму насамрэч сур’ёзнасьць візавых рэжымаў — гэта не аксіёма, а здольнасьць дыпляматаў дамаўляцца:

«У выпадку з Эгіптам на ўзроўні дзяржавы прапісаныя дакладныя, строгія правілы — візавы рэжым. Але ёсьць пэўныя дамоўленасьці наконт зьмякчэньня гэтых правілаў, таму мы і плацім не 50, а 15 даляраў. Гэтаксама як у нас нядаўна лятаў чартэр на Ярданію — гэта была навінка. У нас зь Ярданіяй аблегчаны візавы рэжым. Але нашы апэратары дамовіліся з аэрапортам Акабы, куды прылятаюць турысты, каб яны ўвогуле запускалі беларусаў, якія прылятаюць такім чартэрам, бясплатна. Прыемна, гасьцінна. То бок многія пытаньні існуюць і вырашаюцца проста на двухбаковых дамоўленасьцях. І калі яны раптам парушаюцца, немагчыма адразу сказаць, на якім узроўні гэта парушана, хто з кім не дамовіўся. Таму ў сытуацыі з Эгіптам узьнікае шэраг пытаньняў: а як будзе з Кіева, а калі зь іншых партоў? Як будуць адлятаць турысты? Сказаць з дакладнасьцю пакуль нічога нельга».

Наяўнасьць візавых бар’ераў экспэрты называюць сур’ёзнай перашкодай для разьвіцьця любой краіны, уключна зь немагчымасьцю пашырэньня кругагляду для жыхароў ізаляваных куткоў сьвету. У гэтым зьвязку паказальны прыклад Украіны, якая ў аднабаковым парадку скасавала візавыя абмежаваньні для жыхароў Эўразьвязу, адчыніўшы сваю тэрыторыю для эўрапейцаў. І гэты пры тым, што недаатрыманы прыбытак ад страчаных візавых збораў ацэньваецца сама меней у 200 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG