Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымая новая дыпляматычная вайна?


Ці магчымая новая дыпляматычная вайна?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00

Ці магчымая новая дыпляматычная вайна?

Беларускія ўлады выслалі швэдзкага амбасадара Стэфана Эрыксана. У чым прычыны гэтага дыпляматычнага дэмаршу? Чаму афіцыйны Менск не пабаяўся нэгатыўнай рэакцыі Эўразьвязу? Чым адкажа Эўропа?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і намесьнік старшыні фонду «Свабода і дэмакратыя» Марэк Буцька з Варшавы.

У чым прычыны гэтага дыпляматычнага дэмаршу?


Валер Карбалевіч: «Высьвятляецца, што беларускія ўлады даўно тачылі зуб на Эрыксана. З траўня ён меў толькі трохмесячную візу. Але выкарысталі скандал з швэдзкім самалётам, каб выслаць яго зь Менску. Як можна пракамэнтаваць гэты скандал?»

Андрэй Фёдараў: «Сытуацыя даволі дзіўная. Тыя тлумачэньні, якія даў прэс-сакратар МЗС Беларусі Савіных, не вытрымліваюць крытыкі. Ён сказаў, што Эрыксан ужо сем гадоў працуе тут і ўвесь час імкнуўся сапсаваць беларуска-швэдзкія адносіны. Тое, што Эрыксан быў не даспадобы афіцыйнаму Менску, гэта відавочна. Нават сваёй беларускай мовай, на што паскардзіўся аўтар у „Советской Белоруссии“. Але, здаецца, іншыя амбасадары краін ЭЗ робяць тое ж самае.

Нагодай стала гісторыя з швэдзкім самалётам. Гэта дзіўна, бо ані ўлады Швэцыі, ані Эрыксан ніякага дачыненьня да яе ня маюць. Падаецца, што ў беларускага кіраўніцтва эмоцыі ўзялі верх над здаровымі разважаньнямі».

Марэк Буцька: «Высылка Эрыксана — гэта прапагандысцкі крок, які разьлічаны на беларускае грамадзтва, магчыма і на Расею. Гэта тыповыя паводзіны беларускіх уладаў.

У любой нармальнай краіне такі „плюшавы дэсант“ быў бы ўспрыняты як сьмешная гісторыя, і ўсё. А ў Беларусі гэта выклікала вялікі скандал, звальняюць генэралаў. І трэба яшчэ нешта зрабіць, каб задаволіць дыктатара. Вось выслалі швэдзкага амбасадара, хоць швэдзкія афіцыйныя органы да гэтай гісторыі дачыненьня ня мелі.

Усё гэта нагадвае тое, што было ў 2005 годзе. Тады ў Саюзе палякаў Беларусі зьмянілася кіраўніцтва, саюз выйшаў з-пад кантролю КДБ. Гэта выклікала вялікае незадавальненьне ўладаў Беларусі Пачалася беларуска-польская дыпляматычная вайна, з абодвух бакоў было выслана па некалькі дыпляматаў. Выслалі мяне як намесьніка амбасадара. Цяпер рэалізуецца тая ж схема».

Чаму афіцыйны Менск не пабаяўся нэгатыўнай рэакцыі ЭЗ?


Карбалевіч: «Абодва мае суразмоўцы кажуць, што ў аснове гэтага дыпляматычнага скандалу ляжаць псыхалягічныя прычыны. Гледзячы па ўсім, беларускія ўлады не баяцца новага канфлікту з Эўропай. Ці захаваньне іміджу важнейшае цяпер за дыпляматычныя канфлікты?»

Фёдараў: «Думаю, гэтае рашэньне было прынятае на самым палітычным версе. Перамаглі эмоцыі, бо Беларусь нічога не выйграе ад сапсаваных адносін з Швэцыяй. Што ад гэтага, палепшацца дачыненьні з Расеяй? Гэта зроблена дзеля задавальненьня ўласнага эга».

Карбалевіч: «Па БТ казалі, што, магчыма, да гэтай гісторыі ўсё ж маюць дачыненьне швэдзкія ўлады, што гэта правакацыя НАТО. Бо швэдзкі самалёт парушыў мяжу ня толькі Беларусі, але і Літвы — краіны-сябра ЭЗ і НАТО. Незаконнае перасячэньне мяжы — парушэньне закону ня толькі ў Беларусі, але, трэба меркаваць, і ў Літве, і ў Швэцыі».

Фёдараў: «Але да Літвы афіцыйна беларускія ўлады нібыта прэтэнзіяў ня маюць. У такіх абставінах існуюць пэўныя міжнародныя працэдуры. Напрыклад, можна было б падаць у нейкі суд на Літву ці Швэцыю. Але беларускія ўлады выдатна разумеюць, што з гэтага нічога не атрымаецца. Таму застаецца весьці прапагандысцкую кампанію для ўласнага насельніцтва».
Думаю, беларускія ўлады гатовыя да новага ад’езду эўрапейскіх амбасадараў. Лічаць, што горш ня будзе

Буцька: «Дачыненьні Беларусі з краінамі ЭЗ і так настолькі сапсаваныя, што любы новы скандал з амбасадарамі мала што мяняе. Думаю, беларускія ўлады гатовыя да новага ад’езду эўрапейскіх амбасадараў. Лічаць, што горш ня будзе.

Зь іншага боку, амбасадарам езьдзіць сюды-туды нязручна, гэта дэзарганізуе працу амбасад. Менск гэта разумее і робіць праверку, наколькі ўстойлівая тая салідарнасьць, якая была праяўленая ў лютым. Менск праводзіць дыпляматычны экспэрымэнт».

Чым адкажа Эўропа?


Карбалевіч: «Чым сапраўды можа адказаць ЭЗ? Падаецца, скандал цяпер мацнейшы, чым у лютым, калі беларускія ўлады папрасілі выехаць для кансультацый амбасадараў Польшчы і ЭЗ.

Зь іншага боку, Швэцыя запатрабавала выезду двух беларускіх дыпляматаў. Думаю, што ў амбасадзе Беларусі ў Швэцыі дыпляматаў мала. У выніку гэтага ад’езду праца амбасады Беларусі ў Швэцыі можа падвіснуць. Тое ж можа здарыцца з амбасадай Швэцыі ў Беларусі, калі беларускі бок адкажа сымэтрычна і вышле таксама двух швэдзкіх дыпляматаў. Тады ў лютым усе краіны ЭЗ адклікалі сваіх амбасадараў. Што будзе цяпер? Можа, беларускае пытаньне ўжо не такое важнае для ЭЗ і ўсё абмяжуецца заявамі пратэсту з боку афіцыйных асобаў у Брусэлі?»

Фёдараў: «У 2008 годзе Беларусь выслала амбасадара ЗША і вялікую колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў. Гэта прывяло да абвастрэньня дыпляматычных адносін, але не перапыніла іх. Пакуль рана казаць пра такое разьвіцьцё беларуска-швэдзкіх дыпляматычных адносін.

Згодзен, што цяпер скандал маштабам большы, чым той, што быў у лютым. Таму чакаю, што ЭЗ адкажа як мінімум так, як ён адказаў падчас папярэдняй дыпляматычнай вайны: амбасадары краін Эўразьвязу будуць адкліканыя зь Беларусі.

Іншая справа, што цяпер час адпачынку. Думаю шмат каго з амбасадараў ЭЗ цяпер проста няма ў Менску. Паслы Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Вугоршчыны і Літвы яшчэ не ўручылі даверчыя граматы. Так што ёсьць тэхнічныя складанасьці».

Буцька: «Была рэзкая рэакцыя міністра замежных спраў Швэцыі Карла Більта, віцэ-сьпікера Эўрапарлямэнту Яцэка Пратасевіча, вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу Кэтрын Эштан. Пратасевіч зрабіў намёк пра магчымыя новыя санкцыі на адрас беларускага кіраўніцтва.

Калі жорсткай рэакцыі з боку ЭЗ ня будзе, то атрымаецца, што беларускія ўлады вырашаюць, хто можа быць амбасадарам эўрапейскай краіны ў Беларусі. Усё гэта сьведчыць пра поўны тупік адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ. Прычым тупік з абодвух бакоў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG