Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя палітвязьні — бяз працы або за мяжой


Былыя палітвязьні, якія былі памілаваныя, зь цяжкасьцю адаптуюцца да звычайнага жыцьця. Усе яны знаходзяцца пад пільным наглядам крымінальна-выканаўчых інспэкцыяў, шмат у каго праблемы з працаўладкаваньнем. Некаторыя вымушаны шукаць працу за межамі Беларусі.

Аляксандар Малчанаў пасьля вызваленьня ўжо двойчы адбыў адміністрацыйныя арышты: адзін раз адседзеў трое сутак, другі — 10 сутак. На яго завялі крымінальную справу па падазрэньні ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў:

«Выклікаюць у межах крымінальнай справы на розныя допыты, але я адмаўляюся даваць паказаньні. Пэрыядычна праводзяцца рознага кшталту экспэртызы, вось зараз чакаю вынікаў. Кампутар канфіскавалі на экспэртызу, зараз у мяне праблемы нават з выхадам у інтэрнэт. На працу пакуль не ўладкаваўся, займаюся ўсялякімі падпрацоўкамі. Пашпарт зусім нядаўна вярнулі».

Маці Аляксандра Малчанава Галіна Андрэеўна ўжо зьбілася зь ліку, колькі ператрусаў было ў яе хаце:
Сіл ужо ніякіх няма. Калі ў Барысаве нешта здараецца, абавязкова прыйдуць да нас

«Сіл ужо ніякіх няма. Калі ў Барысаве нешта здараецца, абавязкова прыйдуць да нас».

Аляксандар Класкоўскі таксама пакуль не ўладкаваўся на працу. Адчувае на сабе пільны кантроль з боку праваахоўных органаў:

«Я на ўлік стаў у крымінальна-выканаўчай інспэкцыі. Калі плянуюцца нейкія акцыі, кшталту акцыяй салідарнасьці, маўклівых серад, да мяне прыходзяць напярэдадні і папярэджваюць, каб і ня думаў туды ісьці, бо тры разы заўважаць мяне на такіх акцыях — тры пратаколы, і буду ўжо пад пільным наглядам. Да прыкладу, перад Народным сходам прыходзілі ўвечары напярэдадні, і за паўгадзіны да сходу таксама прыйшлі праверыць, ці паслухаўся іх. Што да працаўладкаваньня — ёсьць пэўныя цяжкасьці. Займацца тым, чым займаўся да арышту — нерэальна, бессэнсоўна пакуль. З працай пакуль ня вызначыўся».

У маладых людзей, якія былі выключаныя з навучальных устаноў пасьля падзеяў 19 сьнежня, шанцаў больш: ім прапануюць атрымаць адукацыю па-за межамі Беларусі. Былы студэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Фёдар Мірзаянаў і былы навучэнец Менскага палітэхнічнага каледжу Ільля Васілевіч тыдзень таму зьехалі ў Лодзь — пакуль што вывучаць мову, а з новага навучальнага году стаць польскімі студэнтамі.

За межы зьяжджаюць і людзі старэйшага веку, але шукаюць працу самі. 45-гадовы Яўген Сакрэт, які да арышту займаўся ляндшафтным дызайнам, распавёў:

«Жыву ў Польшчы цяпер. Я знайшоў аднаго гаспадара, які трымае аграсядзібу для турыстаў, і ўладкаваўся на працу ягоным памочнікам».
Трэба зьяжджаць адсюль, што тут мучыцца?

Карэспандэнтка: «А зьехалі таму, што тут былі складанасьці, ціск?»

«Ну так. Мне неабходна было зьехаць, я вымушаны быў зьехаць».

50-гадовы Алег Федаркевіч, які раней працаваў у будаўнічай фірме, таксама зьбіраецца за мяжу:

«Пакуль спраў хапае ў сваёй хаце, раблю рамонт. А так — трэба зьяжджаць адсюль, што тут мучыцца? Што да працы — я ня буду ў гэтай краіне нават і спрабаваць працаўладкоўвацца».

Карэспандэнтка: «Вы думаеце, што не дадуць працаваць?»

«Мяне на 5 гадоў паставілі на прафіляктычны ўлік у міліцыі і папярэдзілі, што за тры адміністрацыйныя спагнаньні могуць пасадзіць. Гэта я, ня дай Бог, тры разы дарогу перайду ня ў тым месцы — і на мяне зноў крымінальная справа будзе заведзеная. Тут бачыце, якая сытуацыя — толку пакуль ня бачна ніякага».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG