Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Зісер: Не хачу аказацца ў ролі стваральнікаў тых мульцікаў


Юры Зісер
Юры Зісер
Новы законапраект пра абмежаваньне доступу да забароненых сайтаў, а таксама нядаўні скандал з адключэньнем простага этэру TUT.BY-TV падчас песьні Лявона Вольскага камэнтуе генэральны дырэктар парталу TUT.BY Юры Зісер.

Знаткевіч: Сп. Зісер, ці зьменіцца нешта ў жыцьці інтэрнаўтаў пасьля зацьверджаньня новага законапраекту?

Зісер: Не, нічога ня зьменіцца. Таму што пастановы, якія гэтыя штрафы прадугледжваюць, выйшлі і ўступілі ў дзеяньне яшчэ ўлетку мінулага году.

Знаткевіч: Як мэханізм гэтых забаронаў дзейнічае на практыцы?

Зісер: Па-першае, трэба адразу ўдакладніць, што гаворка ідзе толькі пра доступ зь дзяржаўных установаў і арганізацыяў, бо для ўсіх астатніх не абмяжоўваецца нічога. Ёсьць адмысловыя сьпісы абмежаванага доступу, іх фармуюць дзяржаўныя органы па заяўках сваіх супрацоўнікаў. Ну, дапусьцім, КДБ ці Міністэрства культуры ці нехта яшчэ вырашыў, што нейкі сайт зьяўляецца парнаграфічным ці экстрэмісцкім. Ён складае ліст і адпраўляе яго ў ААЦ (Апэратыўна-аналітычны цэнтар), а ААЦ рассылае інфармацыю інтэрнэт-правайдэрам, каб яны для дзяржаўных органаў гэтыя сайты блякавалі. Вось такая схема працуе. І зразумела, што ўстаноўленая адказнасьць правайдэраў за выкананьне заканадаўства.

Знаткевіч: А як такая самая схема працуе ў краінах Эўропы, у Злучаных Штатах ці там нічога падобнага няма?

Зісер: Там такое ёсьць. Найбольшая вольніца ў ЗША. Там доступ абмежаваны толькі ў бібліятэках, у пунктах калектыўнага доступу. А ў Эўропе дастаткова жорстка, асабліва ў Францыі. Там калі сайт не зарэгістраваны, дык любы правайдэр можа яго зафільтраваць. У Эўропе ў фільтрах стаяць сотні тысяч, мільёны сайтаў, а ў нас 30 зь нечым. У асноўным там фільтруюцца парнаграфічныя сайты, можа быць, 90 адсоткаў, ну і, вядома, экстрэмісцкія. Таму мы ў параўнаньні зь імі проста анёлы. У дзяржавы ёсьць пляны набыць заходнюю базу і нам яе паставіць. Гэта значыць, у нас будуць фільтравацца тыя ж сайты, якія фільтруюцца ў навучальных установах, напрыклад, Вялікабрытаніі ці Францыі.

Знаткевіч: Спадар Зісер, не магу не спытацца пра песьню Лявона Вольскага з цыклю «Саўка ды Грышка», на якой быў спынены просты этэр TUT.BY-TV. Скажыце, што менавіта ў ёй падалося зьняважлівым ці, можа быць, паклёпніцкім?

Зісер: Разумееце, заканадаўства сапраўды не парушана. Увечары юрысты гэта ўстанавілі. Але вы ж разумееце, што адна справа парушэньне заканадаўства, а іншая справа, як тыя ці іншыя канкрэтныя чыноўнікі паставяцца да нейкіх словаў. У мяне, напрыклад, на памяці гісторыя з мульцікамі, якія былі ў тым самым жанры, а што стала зь іх стваральнікамі і распаўсюднікамі, мы ведаем. Ну, неяк вельмі не хацелася аказацца ў гэтай ролі. Вось і ўсё.

Знаткевіч: А ўсё ж такі, што дало нагоду кансультавацца зь юрыстам?

Зісер: Я, шчыра кажучы, увогуле не разумею, што тут трэба тлумачыць. Ведаеце, як сказаў расейскі паэт: калі трэба тлумачыць, дык ня трэба тлумачыць. Некаторыя проста робяць выгляд, што не разумеюць.

Знаткевіч: Я вось папраўдзе не разумею.

Зісер: Уявіце сабе, што вы член Цэнтарвыбаркаму. І раптам чуеце гэтую песьню... «Нейкі там TUT.BY! Што ён сабе дазваляе! Узяць ды зьнішчыць!» Ніхто ня будзе разьбірацца. Я ўвогуле не разумею, чаму гэта выклікала такі страшны рэзананс. Урэшце гэта магло атрымацца ў выніку тэхнічнага збою ці мы маглі проста схлусіць, што гэта быў тэхнічны збой. А мы сказалі праўду і нас за яе проста спрабуюць зьнішчыць...

Гэтую гутарку можна паслухаць тут:

Гутарка зь Юрыем Зісерам 26 кастрычніка 2011 году
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:20 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG