Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Освальд – чытач “Гісторыі Освальда”*


Освальд у дзяцінстве
Освальд у дзяцінстве
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Освальд мог ведаць імя Мэйлера. Яго першая кніга “Голыя і мёртвыя” выйшла ў 1948-м і карысталася велізарнай папулярнасьцю. Падзеі, якія там апісаныя, адбываюцца на Ціхім акіяне – там, дзе служыў марскі пехацінец Освальд.
Карабін Освальда

Як бы Освальд, калі б яго не забілі, успрыняў кнігу Мэйлера пра сябе, пра падслухоўваньне КДБ, пра сяброў, сябровак і жонку, пра сваё жыцьцё, вывернутае навонкі?.. І што бы ўдакладніў, што аспрэчыў? Ці адразу зарадзіў бы свой карабін Манліхер-Каркан і першым рэйсам вылецеў з Даласу ў Нью Ёрк – хаця не, са зброяй у самалёт ня пусьцяць, значыць, хутчэй, завёў бы свой аўтамабіль і паехаў, але не ў Нью Ёрк, і не таму, што задалёка, бо што такое паўтары тысячы міляў для 55-гадовага мужчыны на добрым аўто па добрай дарозе, а ў адвакацкую кантору – судзіцца з аўтарам, выдавецтвам і КДБ. Нават прасьцей – нікуды б не паехаў, а адвакаты самі прыйшлі б. Бо калі б яго не забілі і справа дайшла да суду і нават да сьмяротнага выраку, амэрыканскія юрысты адцягваюць выкананьне на гады.

Таксама верагодна, што за гэты час ён сам напісаў і апублікаваў бы свае мэмуары, і, можа, нават прадаў правы на экранізацыю ў Галівуд. І Мэйлер не паехаў бы ў Менск, і не дамовіўся б з КДБ, і не раскрыліся б такім чынам дагэтуль страшна сакрэтныя таямніцы мэтадаў апэратыўнай працы органаў у Менску, і не было б – ды мала чаго не было б.

Адзін зь вядомых заходніх гістарыёграфаў** сто гадоў таму так апісаў праблему прычыннасьці гісторыі: чалавек выпіў лішні кілішак, сеў за руль аўтамабіля са слабымі тармазамі і, калі паварочваў на неасьветленым скрыжаваньні, зьбіў чалавека, які выскачыў па цыгарэты. Хто вінаваты ў сьмерці? Кіроўца, які выпіў лішку? Мэханік, які не адрэгуляваў тармазы? Мясцовыя ўлады, якія не адрамантавалі ліхтар? Курэц, які перабягаў вуліцу, каб задаволіць шкодную звычку? Яго сяброўка, якая забрала сабе апошнюю цыгарэту?

Калі ведаеш фінал гісторыі Освальда, падобныя пытаньні можна задаваць яшчэ сто гадоў.

Але адно пытаньне ўсё ж нельга не задаць: які уплыў меў менскі пэрыяд жыцьця Освальда на ягоны ўчынак у Даласе?

Менскія знаёмыя Освальда, уключна зь яго пастухамі з КДБ, адзінадушна лічылі, што Освальд ня мог быць забойцам Кенэдзі. Так знаёмыя кажуць пра амаль усіх забойцаў: быў ціхі хлопчык у школе, прыстойныя бацькі, дапамагаў суседзям, меў добрыя характарыстыкі, мы разам гулялі ў парку... Гэта псыхалягічна просты і пашыраны фэномэн – абарончая рэакцыя ад нечаканага выкіду абсурду.

У менскім асяродку разыходзяцца хіба толькі ў прычынах, чаму ня мог: частка, уключна з КДБ, лічыла яго прымітыўным, неразьвітым, лянівым няздарам, іншыя – інтэлігентным, адукаваным, неардынарным маладым чалавекам.

У 1963-64 гадах Камісія Ўорэна карпатліва сабрала неверагодную колькасьць інфармацыі пра жыцьцё Освальда, ад здымкаў немаўляці ў сямейным альбоме да здымку трупа на стале патолягаанатама, ад ацэнак у трапнасьці стральбы ад яго сяржанта да апошняй старонкі нататніка, ад сьведчаньняў маці, брата і жонкі да паказаньняў асобаў, якія сустракаліся зь ім толькі аднойчы. Праз трыццаць гадоў, паводле пастановы Кангрэсу ЗША, Рада ў справе вывучэньня дакумэнтаў забойства рассакрэціла дадатковыя дзясяткі тысячаў папераў і ў 1998 годзе зрабіла ўсе чатыры мільёны дакумэнтаў даступнымі любому дасьледніку.

Рассьледаваньне забойства Кенэдзі – самая падрабязная і самая вялікая ў гісторыі чалавецтва сьледчая справа. Яе высновы вядомыя – прэзыдэнта забіў Освальд, і ён дзейнічаў адзін.

Літаратурнае сьледзтва, якое правёў Мэйлер, мела справу з дасьледаваньнем асобы Освальда і пошукам адказу на пытаньні, ня хто і як забіў прэзыдэнта, а – чаму.

Але першае дасьледаваньне ўнутранага сьвету Освальда зьявілася задоўга да Мэйлера, і задоўга да “Справы 34451”, заведзенай КДБ: “Справа № 26996” пабачыла сьвет у траўні 1953-га, і яе аўтарам быў псыхіятар.
Освальд у дзяцінстве

Першы канфлікт з правапарадкам Освальд меў у Нью Ёрку ва ўзросьце 13-ці гадоў: маці была няздольная справіцца з сынам, які прагульваў школу, і 16 красавіка яго зьмясьцілі ў “Юнацкі дом”, дзе зь цяжкімі падлеткамі працавалі лекары. 1 траўня Освальда аглядаў галоўны псыхіятар Рэнатус Гартагз, які пазьней прысьвяціў яму сэмінарскія заняткі, дзе мэдыкі абмяркоўвалі незвычайных пацыентаў.

Гартагз пісаў:

Гэта напружаны, адчужаны і ўхілісты хлопчык, які надзвычай ня любіць гаварыць пра сябе і свае пачуцьці. Яму падабаецца ствараць уражаньне, што яго не кранае меркаваньне іншых людзей, каб ад яго адчапіліся і ня трэба было прыкладаць намаганьні да гутаркі. Пераадолець эмацыйную сьцяну, за якой хаваецца гэты хлопчык, было цяжка, але ён даў дастаткова ключоў, якія дазволілі разгледзець напружаны неспакой, сарамлівасьць, пачуцьцё няўклюднасьці і неўладкаванасьці як галоўныя прычыны адчужанасьці і звычак самотніка. Лі сказаў: “Я не хачу мець сябра і не хачу гаварыць зь людзьмі”. Ён сам называе сябе ўпартым і прызнае, што любіць казаць “не”.

Гартагз выводзіць прычыну такога стану зь сямейнай сытуацыі: бацькі няма, маці занятая сама сабой, браты яго ігнаруюць, у школе ў Нью Ёрку да падлетка з паўднёвым акцэнтам ставяцца як да правінцыяла.

Лі жыве яркімі фантазіямі, якія круцяцца вакол тэмаў усемагутнасьці і ўлады, якімі ён спрабуе кампэнсаваць свае недахопы і фрустрацыі. Яму не падабаецца ні з кім быць разам, і на пытаньне, якой кампаніі – дзяўчат ці хлопцаў – ён аддаў бы перавагу, ён адказаў “Мне не падабаюцца ўсе”.
Освальд у школе

Гартагз адзначае “моцныя нэгатывісцкія рысы”, але як клінічны псыхапатоляг ня лічыць іх хваробай: “мэнтальны псыхозны зьмест” і “псыхічныя мэнтальныя зьмены” ім адмаўляюцца. Тым ня менш, ён ставіць дыягназ “асоба характэранага тыпу ўзрушэньняў з шызоіднымі рысамі і пасіўна-агрэсіўнымі тэндэнцыямі” і рэкамэндуе выпрабавальны пэрыяд пад наглядам дзіцячага псыхіятра.

У дзень забойства Кенэдзі да Гартагза зьвярнулася тэлебачаньне па камэнтар, хто, з пункту гледжаньня псыхіятрыі, мог забіць прэзыдэнта. Гартагз сказаў, што “вельмі верагодна гэта мэнтальна няўстойлівая асоба, якая мае асабістую непрыязь да людзей ва ўладзе, і, вельмі верагодна, гэта чалавек, які ў спробе пераадолець сваю нязначнасьць і бездапаможнасьць паспрабуе зьдзейсьніць учынак, які напалохае іншых, які страсяне сьвет, які прымусіць іншых людзей адчуць сябе неабароненымі, каб такім чынам пазбавіцца ад уласнага пачуцьця неабароненасьці”.***

Падлеткаў (дый дарослых), якіх можна апісаць падобнымі фармулёўкамі – процьма. Рэч ня ў тым, што ня ўсе потым робяцца злачынцамі – а хутчэй у тым, як складваюцца іх абставіны і магчымасьці, што зьмякчае, а што ўзмацняе і памнажае “нэгатывісцкія” рысы аж да прабаднога хаосу.

Вось што Мэйлер адказаў на маё пытаньне пра сувязь паміж Менскам пачатку 1960-х і Даласам 22 лістапада 1963 году:

– Я думаю, што трэба пайсьці значна глыбей. Освальд выехаў зь Менску і вярнуўся ў Амэрыку. І аднойчы ён сказаў сабе: я адзіны чалавек, які жыў параўнаўча каля самага дна, у сацыяльных нізах у абедзьвюх краінах. Я быў рабочым нізкага ўзроўню ў Савецкім Саюзе і я рабочы нізкага ўзроўню тут, у Амэрыцы. І я ведаю абедзьве краіны ад нізу да верху так, як ніхто болей ня ведае. Ніхто ў сьвеце ня ведае таго, што ведаю я. І гэта было сапраўды так. Адсюль прыйшло пачуцьцё сваёй велізарнай значнасьці.

Такі эфэкт меў на яго Менск.


Першапачаткова Мэйлер хацеў назваць сваю кнігу “Освальд у Менску”.

--------------------------------------------
*Слова “гісторыя” ў назьве ўжываецца ў значэньні “аповед”, “жыцьцяпіс”, па-ангельску – ня “history”, а “story”.

**Юджын Кар. “Што такое гісторыя?”

***Гартагз нярэдка выступаў у ролі экспэрта на тэлебачаньні, і ў той дзень ні журналісты ня ведалі, ні ён сам ня памятаў, што Освальд быў яго пацыентам. Цікава, як ацаніў бы амэрыканскі доктар высновы менскага прафэсара мэдыцыны Эрнста Цітаўца, якімі той завяршае праз паўстагодзьдзя сваю кнігу ўспамінаў:

«Ці быў Освальд шчасьлівым чалавекам? Калі шчасьце азначае здольнасьць свабодна выбраць жыцьцёвую місію і працаваць дзеля яе ажыцьцяўленьня, ён быў шчасьлівы. Яго місія была ідэалістычнай – паспрабаваць зрабіць сваю краіну лепшай. Надзіва адважна і мэтанакіравана вёў яго гэты ідэал. Ён лічыў, што ў Атэнскай сыстэме ён знайшоў трэці шлях па-за пасткамі камунізму і капіталізму. Гэта быў адказ, да якога ён прыйшоў як праз наўпроставы досьвед, гэтак і праз старанныя тэарэтычныя пошукі. Жыцьцё яго было поўнае прыгодаў і намаганьняў, якія ўсе былі скіраваныя да гэтай ідэалістычнай мэты. Ён бачыў сьвет, сустракаўся зь цікавымі людзьмі і зрабіў свае бясстрашныя высновы пра магчымасьць уяўленьня сьвету па-за фізычнымі, інтэлектуальнымі, палітычнымі і нават асабістымі рамкамі халоднай вайны. Ён быў шчасьлівы чалавек».




Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
Нататкі антысаветчыка. Працяг
Нашы на Месяцы
“Калектыў” пра калектыў
Злавіць матылька
Апошнія клопаты
Віза для Марыны
Лекі ад “Доктара Жывага”
“Лі Освальд” – 35 разоў па-беларуску
Памылка Мэйлера
Кніга без ілюстрацыяў
Далсты
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG