Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хаменка: «Аўтарадыё» — адзіная станцыя, якая давала 75% беларускай музыкі


На загад Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні сёньня анулявана права вяшчаньня ў FM-эфіры для «Аўтарадыё». У лісьце за подпісам кіраўніка камісіі Алега Праляскоўскага адзначаецца, што закрыцьцё зьвязанае зь «невыкананьнем заяўленай творчай канцэпцыі», а таксама з распаўсюдам напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў інфармацыі, якая ўтрымлівае «публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці». Прынятае рашэньне рэдакцыя зьбіраецца аспрэчваць праз суд.

Кіраўніцтва «Аўтарадыё» перакананае: падставай, каб спыніць вяшчаньне, стала трансьляцыя ў эфіры агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева. Зазначым, што «Аўтарадыё» стала адзінай пляцоўкай, дзе альтэрнатыўныя Аляксандру Лукашэнку кандыдаты атрымалі магчымасьць разьмясьціць свае перадвыбарныя ролікі. Пры гэтым рэкляма ішла на падставе гаспадарчых дамоваў. Агітацыйныя матэрыялы Някляева выходзілі 9–17 сьнежня, Саньнікава — 15–17 сьнежня 2010 году.

У распаўсюджанай сёньня заяве кіраўніцтва радыё сьцьвярджаецца: падчас гучаньня агітацыйных матэрыялаў у рэдакцыю не паступала ніякіх заўваг з боку Цэнтральнай выбарчай камісіі, не было ні вусных, ні пісьмовых папярэджаньняў ад Міністэрства інфармацыі. Аднак 12 студзеня ў офіс «Аўтарадыё» было дастаўлена прадпісаньне аб спыненьні дзеяньня дазволу на права выкарыстаньня радыёчастотнага спэктру і забароне на эксплюатацыю радыёэлектронных сродкаў. Апоўдні 12 студзеня вяшчаньне «Аўтарадыё» ў эфіры спынілася.

У чым канкрэтна выяўляецца невыкананьне канцэпцыі вяшчаньня і якія былі выяўленыя заклікі «да экстрэмісцкай дзейнасьці» — чыноўнікі не паведамляюць. Генэральны дырэктар станцыі Юры Базан кажа, што, відавочна, экстрэмісцкія заклікі былі пачутыя «задняй датай» у агітацыйным роліку Андрэя Саньнікава:

«У тым жа і справа, што ніякіх пісьмовых папярэджаньняў ні ад ЦВК, ні ад Мінынфармацыі не было. То бок у той час, калі ішла агітацыйная праграма, калі гучалі ролікі, заўваг не было. Спатрэбіўся цэлы месяц, каб чамусьці прыняць такое рашэньне. Потым, зноў жа, паводле закону трэба вынесьці папярэджаньне, канкрэтызаваць неяк рашэньне. А тут не было ніякага папярэджаньня, адразу рашэньне аб ануляваньні. Выпадак увогуле з шэрагу незразумелых! Запісана: неадпаведнасьць пункту закону аб СМІ, што выявілася ў распаўсюдзе 16 сьнежня ў эфіры інфармацыі, якая зьмяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці. Мы ўсё перагледзелі, уся ж інфармацыя ў нас захоўваецца, і знайшлі адзіную фразу Саньнікава: „Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы“.
Ну, калі гэта заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці, то што тады рабіць зь Беларускім радыё, Беларускім тэлебачаньнем? З тымі друкарнямі, якія друкавалі ўлёткі, з усімі газэтамі?
Ну, калі гэта заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці, то што тады рабіць зь Беларускім радыё, Беларускім тэлебачаньнем? З тымі друкарнямі, якія друкавалі ўлёткі, з усімі газэтамі? Прычым у гэтай фразе няма ні даты, ні месца. Няма самога закліку, прыкладам — прыйдзі ці яшчэ нешта. У чым экстрэмізм?»

Закрыцьцё «Аўтарадыё» востра перажываюць ня толькі супрацоўнікі рэдакцыі, але і шматлікія слухачы, а таксама музыкі і сьпевакі. Гэта была адзіная з паўтара дзясятка радыёстанцый, якая мэтанакіравана прапагандавала беларускую і беларускамоўную музыку. З выкананьнем патрабаваньня Міністэрства інфармацыі аб 75-працэнтнай прысутнасьці ў эфіры беларускіх выканаўцаў у «Аўтарадыё» праблемы не было ніколі. На аўтарскую праграму Алега Хаменкі імкнуліся трапіць найлепшыя прадстаўнікі беларускага музычнага Алімпу. Цяпер жа, кажа Хаменка, давядзецца браць неакрэсьленую паўзу:

«Якія тут ад мяне могуць быць камэнтары?.. Глыбока зьдзіўлены. Як чалавек, зьвязаны з „Аўтарадыё“, магу асабіста засьведчыць: нічога падобнага, што там пішацца, не існавала. „Аўтарадыё“ — адзіная з радыёстанцый, якая давала больш як 75% музыкі беларускіх аўтараў, і ў гэтым сэнсе „Аўтарадыё“ паказальнае ў параўнаньні з астатнімі станцыямі, гэта я таксама магу абсалютна дасьведчана пацьвердзіць. Гэта першае. Па-другое, гэта праўда, што перад пастаноўкай у эфір мы чыталі ўсе рэклямныя ролікі кандыдатаў у прэзыдэнты, якія меркавалася разьмясьціць на „Аўтарадыё“, і там знайсьці нейкі экстрэмізм нават пад мікраскопам немагчыма. Таму заява, якую я бачыў, цалкам не адпавядае сапраўднасьці. Таму што тут шкадаваць? Гэта ўсё няпраўда. Іншая рэч, як тую праўду патлумачыць і даказаць. Толькі ў гэтым можа быць нейкае шкадаваньне. Але тое, што няма ў чым дачапіцца да радыёстанцыі, дык у гэтым я абсалютна перакананы».

Генэральны дырэктар «Аўтарадыё» Юры Базан з рашэньнем уладаў ня згодны. Паводле ягоных слоў, застаецца толькі адзін шлях — падаць пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд аб прызнаньні рашэньня несапраўдным. А тым часам у эфіры «Аўтарадыё» будзе поўная цішыня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG