Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі ад СНД бяруць старт


Ад 20 кастрычніка міжнародныя назіральнікі ад СНД пачынаюць афіцыйна адсочваць хаду прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Місію ачольвае выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. Менавіта ён атрымаў пасьведчаньне міжнароднага назіральніка за нумарам 1.

СНД стала першай міжнароднай структурай, якая накіравала заяўку на акрэдытацыю сваіх назіральнікаў на выбары прэзыдэнта Беларусі. 12 першых назіральнікаў атрымалі свае пасьведчаньні яшчэ два тыдні таму – 6-га кастрычніка. Гэта -- супрацоўнікі выканкаму СНД, якія працуюць у Менску і прадстаўляюць кіраўніцтва выканкаму і свае краіны. Але афіцыйны старт назіраньню даецца менавіта сёньня.

Кожная краіна СНД пасылае ў місію сваіх назіральнікаў. Найперш, доўгатэрміновых. Пакуль дакладнай лічбы іх колькасьці няма. Але іх будзе прыкладна 30, а можа, нават і болей.

Для Сяргея Лебедзева кіраваньне місіяй на выбарах у Беларусі – ужо другое. Менавіта ён выконваў гэтыя функцыі і падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе. Тады місія ад СНД дала высокую ацэнку выбарчаму працэсу. А назіральнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, наадварот, адзначылі: выбарчы працэс не адпавядаў міжнародным стандартам.

Калі спадар Лебедзеў атрымліваў з рук старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай сваё пасьведчаньне, ён казаў, што тая рыторыка, якая апошнім часам існуе ў кіраўнікоў Беларусі і Расеі, не адаб'ецца на працы місіі назіральнікаў: "Што тычыцца місіі назіраньня ад СНД, то мы заўжды кіраваліся і будзем кіравацца прынцыпамі аб'ектыўнасьці, добразычлівага падыходу, неўмяшаньня ва ўнутраныя справы і абавязковага выкананьня заканадаўства той краіны, дзе мы вядзем назіраньне. Гэтыя прынцыпы непарушныя, і мы іх будзем прытрымлівацца. Беларускія выбарцы мусяць быць упэўненыя, што ацэнкі нашай місіі будуць аб'ектыўнымі".

Сустаршыня Палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Сяргей Калякін лічыць, што сёньня цяжка спрагназаваць, якім будзе заключэньне назіральнікаў ад СНД на сьнежаньскіх выбарах: "Я пакуль адназначных ацэнак не даваў бы. Будзем спадзявацца, што місія будзе даваць усё-такі рэальную ацэнку. Але для таго, каб быць у гэтым упэўненым, нам патрэбна сустракацца з місіяй. І толькі пасьля такіх размоў можна больш канкрэтна казаць, як гэта будзе.

Але шанец на тое, што гэтым разам падыход будзе больш аб'ектыўным, ёсьць. Пра гэта сьведчаць некаторыя выказваньні расейскага боку. А менавіта Расея будзе дамінаваць, я так думаю, пры вызначэньні таго, што будзе прымаць місія СНД".
Што тычыцца місіі ад АБСЭ, дык яна мяркуе накіраваць у Беларусь 40 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць сачыць за ходам выбарчага працэсу па ўсёй краіне. Яны плянуюць прыбыць у Беларусь у сярэдзіне лістапада. Кіраўнік місіі і яе пэрсанальны склад пакуль ня вызначаныя.

На папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі працавалі з улікам доўгатэрміновага і кароткатэрміновага назіраньня больш за 400 назіральнікаў ад СНД і больш за 500 — ад АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG