Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: "Гэта ня старт, а ціск..."


Сёньня а 15-й гадзіне старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына прымае місію назіральнікаў ад СНД. Яе ачольвае старшыня выканкаму Садружнасьці Сяргей Лебедзеў. За дзень да гэтай сустрэчы старшыня Цэнтарвыбаркаму выказала спадзяваньні, што расейскія назіральнікі падыдуць аб'ектыўна да ацэнкі прэзыдэнцкіх выбараў і ня будуць выконваць чыйсьці палітычны заказ.

У выканкаме СНД гавораць, што іх місія афіцыйна пачынае назіраць за выбарчай кампаніяй у Беларусі ад 20 кастрычніка. Таму я спытаў Лідзію Ярмошыну -- ці можна ў такім выпадку лічыць яе сёньняшнюю размову з назіральнікамі стартам іх дзейнасьці?

"Па сутнасьці справы, не зусім. Гэта рабочы ціск кіраўніка місіі, паколькі ён ужо прызначаны".

У прызначэньні кіраўніком місіі ў Беларусі выканаўчага сакратара Садружнасьці Сяргея Лебедзева нічога надзвычайнага няма. Гэта – даніна традыцыі. Менавіта выканаўчы сакратар заўжды ачольвае місіі на прэзыдэнцкіх выбарах у любой краіне СНД. А самі назіральнікі ад Садружнасьці ў прыватных размовах прызнаюцца, што выніковае заключэньне фармуюць назіральнікі з Расеі. Ды і колькасна расейцаў звычайна ў місіі больш, чым прадстаўнікоў нейкай іншай краіны СНД.

Гэтыя абставіны і далі мне падставу спытаць спадарыню Ярмошыну, ці будзе і гэтым разам заключэньне аб выбарах напісанае пад дыктоўку Масквы альбо могуць быць выказаныя і розныя меркаваньні? Старшыня ЦВК адказала:

"Я пра гэта не бяруся меркаваць. Заяў можа быць многа. Я бы наагул не хацела гэта абмяркоўваць".

У панядзелак, аднак, спадарыня Ярмошына адказала агенцтву "Інтэрфакс-Захад" на пытаньне аб тым, ці варта разглядаць апошнія заявы з Крамля як падрыхтоўку да непрызнаньня беларускіх выбараў місіяй ад СНД. Яна заявіла: "Місія ад СНД - гэта ня толькі Расея. Я ня буду меркаваць горшае. Мы паглядзім, якія будуць перад намі ставіць пытаньні, якія будуць рабіць прамежкавыя справаздачы ".

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначае: падабаецца гэта ці не, але трэба прызнаць – Расея дамінуе ў СНД:

"І гэта так ці інакш, непасрэдна ці ўскосна, аказвае свой уплыў. Усё-такі ёсьць краіны з больш моцным уплывам. І гэта тычыцца ня толькі ўсходняга кірунку, дзе Расея – прызнаны лідэр у СНД.

Гэты тычыцца, няхай і не ў такой ступені, але ж тым ня менш і АБСЭ. Усё-такі, калі выступае з праектам рэзалюцыі, напрыклад, амэрыканская альбо нямецкая дэлегацыя, то на прыняцьце дакумэнтаў шанцаў болей, чым калі б іх прапаноўвалі, напрыклад, Кыргызстан альбо Латвія. Так было і так ёсьць. І гэта нават пры тым, што на Захадзе дамінуе плюралізм і кожны можа выступаць і адстойваць свае погляды. Але нават там ёсьць краіны, да голасу якіх больш прыслухоўваюцца.

Ну, а Расея тым больш. Так што спадарыня Ярмошына сама сябе цешыць. Але, відаць, ведае, што калі будзе моцная прысутнасьць расейцаў нават па колькаснаму складу ў місіі СНД, то рашэньне будзе прымацца нават, сыходзячы з колькаснага складу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG