Сібір, бронзавы салдат і няўцешная Лінда
Эстэр таксама была ў Сібіры. Я ня памятаю таго расказу ў дэталях, а менавіта па каго прыйшлі раней – па Эстэр ці па Тыніса. Жанчына ня вельмі ахвотна расказвала пра гэта, тым больш што па-расейску яна размаўляла кепска. Агульная гісторыя яе сям’і склалася ў маіх успамінах з урыўкавых аповедаў падчас нашых прагулак па Вызу ды Таліне, а таксама па Менску.
У сярэдзіне 1980-х яна гасьцявала ў мяне. У маім доме і дагэтуль захоўваецца яе падарунак – мэталічныя ў чырвоны гарошак слоікі з надпісамі па-эстонску “соль”, “цукар”, “перац”, “мука” і г.д. – такія рабіліся выключна ў Таліне. Калі я расказвала пра лёс Эстэр знаёмым у Менску, мяне не адразу разумелі. Нярэдка пыталіся: “Яна была ў Сібіры ў эвакуацыі?” Падчас вайны людзі эвакуаваліся за Ўрал, у Сярэднюю Азію... У 1980-я многія шмат чаго ня ведалі.
Дэпартацыя эстонцаў у Сібір
...Падаецца, што гэта здарылася ў чэрвені 1941-га, але яшчэ да пачатку вайны. Ні Тыніс, ні Эстэр фармальна не падыходзілі да той катэгорыі эстонцаў, якую згодна з савецкім указам трэба было дэпартаваць, арыштоўваць, рэпрэсаваць. Яны не былі ні дзецьмі прадстаўнікоў былога ўраду, ні вайскоўцамі, ні судзьдзямі, ні палітыкамі. Проста ў НКВД было вядома, што Эстэр мае сваякоў хоць і ў нэўтральнай, але цалкам варожай для саветаў Швэцыі, а яе муж мае дыплём юрыста.
“У дзьве гадзіны ночы ў нашыя дзьверы пастукалі. Мне сказалі, што мяне павязуць у Сібір. Зачыталі ўказ, згодна зь якім я падлягала дэпартацыі без усялякага судовага разбору ці пастановы суду. Паводле ўказу канфіскацыі падлягала ўся нашая маёмасьць. На зборы мне была дадзена гадзіна”, – прыпамінала Эстэр.
Людзей груба кідалі ў перапоўненыя для перавозу быдла вагоны: разам апынуліся цяжка хворыя старыя людзі, цяжарныя жанчыны (Эстэр таксама чакала дзіця), маці зь дзецьмі і нават дзеці бяз мам. Многія проста не дабраліся да месца прызначэньня. Эстэр трапіла кудысьці пад Новасібірск.
Дэпартаваныя ў Сібір эстонскія дзеці
Яе падсялілі да нейкай расейскай сялянкі. Эстэр нічога ня ведала па-расейску. Хутка там у хаце нарадзілася Анья. З таго эшалёна на радзіму вярнуліся нямногія – ад голаду, холаду і цяжкай працы многія сасланыя загінулі.
Толькі падчас аднаго тыдня 1941-га ў розныя раёны Расеі былі дэпартаваныя каля 95 000 чалавек з далучаных да СССР Эстоніі, Латвіі, Літвы, Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны ды Малдовы.
Сёньня ў Вызу думаю пра нерэальнае: ізноў бы сустрэцца тут з Эстэр. Я так пра многае ў яе не спытала. Але... Яе ўжо даўно няма.
...Паміж аўтобуснай станцыяй у Вызу і поштай знаходзіцца невялікі самадзейны музэйчык. Ён узьнік там нядаўна. Даглядчыца музэю, адна немаладая жанчына, якая ў свой час, як Эстэр ды Анья, была ў Сібіры разам з маці, а потым праз шмат гадоў вярнулася ў Вызу. Разам зь іншымі мясцовымі жыхарамі ёй удалося сабраць розныя рэліквіі – старую паштовую скрынку, дакумэнты савецкага і дасавецкага часу.
У музэйчыку ёсьць сьпіс усіх жыхароў пасёлку, якія пацярпелі пасьля прыходу савецкай улады. З сасланых да вайны загінула большасьць, прычым ёсьць і чалавек з расейскім прозьвішчам, які адмовіўся працаваць з новымі ўладамі. З дэпартаваных у 1944 і 1949 гадох выратавалася болей народу...
Бронзавы салдат на талінскіх ваенных могілках
...Акрамя мяне, у вызуўскім музэі яшчэ адзін наведнік. Масквіч. Кажа, што таксама робіць настальгічнае падарожжа ў Эстонію праз 30 гадоў. Ён пытаецца ў жанчыны пра помнік бронзаваму салдату.
Жанчына адказвае, што лічыць перанос правільным:
“У гэтым месцы зьбіраліся розныя дэманстрацыі з абодвух бакоў, і існавала магчымасьць для пэўнага канфлікту. У выніку нейкіх, крый Божа, ахвяраў у цэнтры гораду гэта магло б стаць падставай для расейскага ўмяшаньня. А так помнік перанесьлі на Вайсковыя могілкі. Іх у нас даглядаюць. Гэта спакойнае месца. Смутак – гэта заўсёды ціха”.
...Дзень смутку ў Эстоніі штогод адзначаюць 14 чэрвеня. У гэты дзень у 1941-м пачалася першая хваля эстонскай дэпартацыі ў Сібір. У Таліне людзі звычайна ідуць да помніка няўцешнай Ліндзе – удаве першага караля старажытных эстаў волата Калева і маці народнага героя Калевіпога. Помнік стаіць у ціхім месцы сярод векавых ліпаў на ўзгорку ў парку. Гэта непадалёк ад старажытнага гарадзкога муру Komandandi tee. Лінда для эстонцаў – сымбаль смутку аб загубленых дзецях. На помніку – надпіс на старажытнай мове аб страце і смутку Лінды.
Шлях зь Вялікай талінскай марской брамы, пабудаванай у 16 ст. для абароны ад нападу з мора, вядзе ў гавань
Пэрсанальны дзякуй адной беларускай дзяўчыне
…У Талін вяртаюся ўвечары. У пару белых начэй, калі ўсё навокал нібыта пакрываецца нейкім дымкава- блакітнаватым флёрам, фарбы прыроды, як ні дзіўна, асацыююцца з эстонскім сьцягам. Сіневатыя неба і мора, чарнаваты лес, белаваты пясок. Шкада, што не атрымліваецца гэта сфатаграфаваць звычайнай «мыльніцай»...
З талінскага вакзалу мне трэба хутчэй у марскі порт на паром да Хэльсынкаў. Квітка няма. У Таліне, да таго ж, два марскія парты. Раскладу, зразумела, ня ведаю. Зьвяртаюся да таксіста, куды ехаць, каб трапіць яшчэ сёньня ў Фінляндыю. Чую вельмі частае за час вандроўкі: “Where are you from?”
Калі кажу “Менск”, бачу, як чалавек натхняецца. Ён кажа, што “Менск – прыгожы горад” (усякі раз чую гэта ад талінцаў са зьдзіўленьнем, але ж як прыемна), расказвае, што ў 1990-м у Менску жыла яго каханая дзяўчына. Таму, калі цяпер ён бачыць чалавека зь Беларусі, ён гатовы зрабіць для яго ўсё.
Таксіст звоніць па сваім мабільніку ў даведку. Потым прапануе мне варыянты, раіць, які лепш выбраць. У порце ён дапамагае мне купіць квіток. Запрашае мяне выпіць каву. За праезд увогуле бярэ палову сумы. Усё ў памяць аб той беларусцы.
Пэрсанальны дзякуй вам ад мяне, зямлячка!..
Эстонія, лета 2010