Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча цалкам пазбавіцца ад расейскай нафтавай залежнасьці


Урад зацьвердзіў стратэгію разьвіцьця энэргетычнага патэнцыялу Беларусі да канца 2020 года. У прыватнасьці, разьлічаная эканамічная эфэктыўнасьць пастаўкі нафты праз парты Ўкраіны, Латвіі, Літвы і Эстоніі.

З дакумэнта, у прыватнасьці, вынікае, што Беларусь мае намер паступова адмовіцца ад нафтавых паставак з Расеі і пераарыентавацца на краіны Паўднёвай Амэрыкі, Закаўказьзя і Пэрсыдзкага рэгіёну. Аналягічныя крокі будуць зробленыя і адносна зьніжэньня залежнасьці ад расейскага газу.

Урадавая стратэгія прадугледжвае істотную дывэрсыфікацыю паставак нафты ў Беларусь. На зьмену Расеі, якая сёлета пачала абкладаць нафту для Беларусі мытнымі пошлінамі, павінны прыйсьці альтэрнатыўныя пастаўшчыкі. Так, мяркуецца выйсьці на паказьнік у 4 мільёны тон нафты, якая будзе імпартавацца з Вэнэсуэлы, з наступным павелічэньнем аб'ёму да 10 мільёнаў тон. Паралельна падрыхтаваны плян распрацоўкі радовішча Хунін-1 у басэйне Арынокі. Згодна з аптымістычным варыянтам, пасьля пабудовы ўсёй інфраструктуры здабыча нафты празь 7-8 гадоў дасягне аб'ёму, блізкага да 12 мільёнаў тон на год.

Гэтаксама пачнецца здабыча нафты ў Іране. Створанае сумеснае прадпрыемства, якое бярэ ўдзел у праекце выведкі радовішча Джафэйр. Мяркуецца, што аб'ём нафты на чацьвёртым годзе распрацоўкі складзе больш за 1 мільён 300 тысяч тон на год. Пэрыяд стабільнай здабычы акрэсьлены на 10 гадоў. Апроч таго, вывучаецца магчымасьць пастаўкі нафты праз балтыйскія і чарнаморскія парты з Азэрбайджану і дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі. Праўда, меркаваныя аб'ёмы кантрактаў пакуль не агучваюцца.

Эканаміст Станіслаў Гусак перакананы, што такую працу неабходна было пачынаць яшчэ ў 1990-х, калі было відавочна — стопрацэнтная сыравінная прывязка да Расеі да добрага фіналу не прывядзе. Але гэта зразумелі толькі пасьля таго, як Масква пачала выстаўляць рынкавыя рахункі:

Станіслаў Гусак
"Расея сябе паводзіць так, як звычайна і паводзіць сябе мэтраполія ў адносінах да сваіх дамініёнаў. Фактычна гэта адна са ступеняў калянізацыі гэтых тэрыторый. І калі нічога не рабіць на гэтых тэрыторыях — у Беларусі, ва Ўкраіне, у Польшчы, у краінах Балтыі — не рабіць крокаў, дзякуючы якім мы можам адстаяць сваю энэргетычную незалежнасьць, а значыць і незалежнасьць палітычную, то тады, зразумела, трэба будзе падымаць ня тое што бел-чырвона-белы і нават не чырвона-зялёны, а проста белы сьцяг. І з гэтым сьцягам крочыць да самай Масквы. Але ўжо шмат страчана часу і пачынаць з нуля будзе нашмат цяжэй".

Стратэгіяй разьвіцьця энэргетычнага патэнцыялу Беларусі таксама пралічаная эканамічная эфэктыўнасьць паставак нафты з улікам многіх фактараў: фрахты да порта, магчымасьць перавалкі з танкераў у чыгуначныя цыстэрны і траспартаваньне на беларускія НПЗ, а таксама выкарыстаньне трубаправодных сыстэмаў. Зроблена выснова, што прыём нафты з марскога транспарту мэтазгодны ў партах Паўднёвы і Адэса ва Ўкраіне, латыскім Вэнтспілсе, літоўскай Клайпедзе і эстонскай сталіцы Таліне. Паказальна, што варыянт дастаўкі і перапрацоўкі нафты непасрэдна на тэрыторыі адной з гэтых краінаў нават не разглядаецца. Экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех тлумачыць сытуацыю так:

Мех з Кобрына
"Справа ў тым, што на ўрадавым узроўні ў першую чаргу ставіцца пытаньне, каб загрузіць беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, а не, прыкладам, аналягічныя заводы ў Прыбалтыцы. Таму пэўная лёгіка ў гэтым прасочваецца. Але тут трэба зьвяртаць увагу яшчэ і на тое, што ў нас шмат кажуць пра неабходнасьць зьмяншэньня энэргаспажываньня ў прамысловасьці. Насамрэч грошы ў мадэрнізацыю не ўкладаюцца, а ўсё ідзе нейкім іншым шляхам".

Антыкрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак лічыць, што пры любым раскладзе беларускія ўлады перасьледуюць старыя мэты — знайсьці больш танную сыравіну і зарабіць на экспарце прадукцыі нафтаперапрацоўкі:
Гэта так званая кубінская схема ...

"Лукашэнка ніколі ня ставіў задачы мадэрнізацыі эканомікі і г.д. Ён вырашаў куды больш простыя задачы на ўзроўні вясковай псыхалёгіі бізнэсу: гандляваць бэнзінам, саляркай па адпрацаванай раней схеме. Гэта так званая кубінская схема. Кубінцы колісь бралі ў Саветаў 5 мільёнаў тон нафты, хоць ім патрэбны быў 1 мільён, астатнія 4 мільёны тон перапрацоўвалі і прадавалі на ўсясьветным рынку па ўсясьветных коштах. І вось па такой схеме вельмі нядрэнна жылі. Дакладна гэткія ж замашкі і ў нас".

Азначаная Менскам патрэба ў сырой нафце перавышае 20 мільёнаў тон. Да нядаўняга часу практычна ўвесь аб'ём, за выключэньнем нязначнай колькасьці, якая здабывалася ў Беларусі, пастаўлялася на льготных умовах з Расеі. Дзякуючы гэтаму, адзначаюць экспэрты, бюджэт меў звышпрыбыткі: пасьля перапрацоўкі на беларускіх НПЗ нафтапрадукты прадаваліся па ўсясьветных коштах. Але пры канцы мінулага году Расея заявіла пра намер пастаўляць па ранейшай схеме толькі аб'ём, неабходны для ўнутраных патрэбаў — 6 мільёнаў 300 тысяч тон нафты. Астатняя частка абкладаецца мытнай пошлінай. У адказ на гэта Аляксандар Лукашэнка загадаў тэрмінова дывэрсыфікаваць нафтавыя пастаўкі і ўжо ад красавіка ў парты Ўкраіны і дзяржаваў Балтыі пацягнуліся танкеры з нафтай для Беларусі. Паказальна, што кошт заакіянскай нафты не названы дагэтуль, таму ў экспэртаў ёсьць сумнеў адносна вялікай рэнтабэльнасьці вэнэсуэльскай схемы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG