ЯК Ларыса Геніюш пасварыла Барадуліна з Бахусам
У гады майго школьнага юнацтва ў зэльвенскім касьцёле прымалі пустыя бутэлькі з-пад віна і гарэлкі. У прыёмныя дні каля храму ўтваралася чарга зь дзядзькоў і цётак з азызлымі тварамі, чые бацькі і дзяды, магчыма, таксама стаялі тут у чарзе – да прычасьця. Што ж, савецкі чалавек, адурманены атэістычнай прапагандай, прычашчаўся пераважна з бутэлькі – маліўся шкляному богу, як гаварылі ў народзе.
Ларыса Геніюш магла пачаставаць сяброў чарачкай самаробнага крупніку, але злоўжываньня ў гэтай справе не цярпела.
Паэтка называла гарэлку нацыянальнай хваробай беларусаў.
Яна не стамлялася паўтараць, што беларускаму народу патрэбныя ўсебакова цьвярозыя людзі.
За празьмерна частыя абдымкі з Бахусам Ларыса Геніюш дзе далікатна-памяркоўна, а дзе патрабавальна-катэгарычна дакарала Ўладзімера Караткевіча, Анатоля Вялюгіна, Юрку Голуба…
Жонка паэта Алеся Салаўя з далёкай Аўстраліі прасіла Ларысу Антонаўну паўплываць на мужа, бо толькі слова Геніюш магло адвадзіць яго ад лішняй чаркі. Але якую чарку трэба лічыць лішняй? Яшчэ антычны мысьляр Анахарсіс, які жыў дзьве з паловай тысячы гадоў таму, гаварыў, што на вінаграднай лазе растуць тры гронкі – гронка асалоды, гронка п'яноты і гронка мярзоты. Але наўрад ці магчыма вызначыць дакладную мяжу паміж гэтымі трыма станамі.
У адным зь сяброўскіх лістоў да супрацоўніка акадэмічнага Інстытуту літаратуры Міколы Прашковіча Ларыса Геніюш пісала: "Сябра Мікола, мы ж гінем! Гінем і губім наш народ і фізычна, і маральна – гарэлкай. Каму гэта выгадна, сябра Мікола? Я нядаўна бачыла фільм, у якім стары індзеец аддае апошні залаты пясок за чарку гарэлкі, а калі наліваюць ягонаму сыну, дык той плаціць, а пасьля з абрыдлівасьцю вылівае яе на зямлю, як каляніяльную прыманку і спосаб зьняволеньня і згубы свайго народу… Божа, калі б бачыць сваіх землякоў, выліваючых гэтую чужую атруту чужакам пад ногі!"
Узорам непахіснасьці ў супрацьстаяньні з Бахусам паэтка лічыла Максіма Танка, які ня піў з часоў Заходняй Беларусі. Імпанаваў ёй у гэтай справе і старшыня гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Аляксей Карпюк, які марыў стварыць усесаюзнае таварыства цьвярозасьці.
Але найбольшае занепакоеньне Ларысы Геніюш выклікаў таленавіты з маладосьці Рыгор Барадулін, якога паэтка называла ў лістах: "Барадулька мая харошая, шляхотны пабраціме зубра барадатага".
Аднойчы Барадулін з пахмельля ледзь не запісаўся добраахвотнікам на амэрыканска-віетнамскую вайну. Разумеючы, што паэта ў адпаведным стане і надалей будзе цягнуць да геройскіх учынкаў, Ларыса Антонаўна не магла дапусьціць, каб беларуская літаратура панесла яшчэ адну перадчасную і непапраўную страту.
Неўзабаве на сьвет зьявіўся верш-замова "Ня пі!", які па сіле ўзьдзеяньня пераўзыходзіў, відаць, усе наркалягічныя пігулкі:
Праз час, прастор крычу здалёк:
Ня пі, Рыгор, ня пі, сынок!
Ня п'юць жа людзі ля стырна,
І ксёндз ня п'е ля алтара,
І той ня п'е, хто ў бой ідзе,
І той ня п'е, хто ў бой вядзе!
Хто піў – той без пары замоўк…
Ня пі, Рыгор, ня пі, сынок.
Радзіма – карабель, наш твар,
І бою пляц, і наш алтар.
А ты – і стырнік, і баец,
Сьвятар ад кніг і свой хлапец…
Ня пі!
З тае пары ужо амаль сорак гадоў Рыгор Барадулін і ў рот не бярэ.
Вось як незвычайна праявілася магічная сіла паэзіі Ларысы Геніюш!
Ларыса Геніюш. "Хто?"
Хто ўвесь мой боль зьбярэ і ў словы згорне,
Той жаль душы, якое не змаглі?
Жыцьцё маё — агарак сьвечкі сёньня
на алтары пакутнае зямлі.
Крывавіў боль, надзея палымнела,
сплывалі сьлёзы воскам на алтар.
О Беларусь, мой галубочак белы
ад чысьціні нязьлічаных ахвяр.
Той жаль душы, якое не змаглі?
Жыцьцё маё — агарак сьвечкі сёньня
на алтары пакутнае зямлі.
Крывавіў боль, надзея палымнела,
сплывалі сьлёзы воскам на алтар.
О Беларусь, мой галубочак белы
ад чысьціні нязьлічаных ахвяр.