Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літвіна: гэта прыкмета ажыцьцяўленьня цэнзуры


Жана Літвіна
Жана Літвіна
У Беларускай асацыяцыі журналістаў пракамэнтавалі той факт, што большая частка накладу недзяржаўнага штотыднёвіка «Наша Ніва» (№ 25) не паступіла ў шапікі. Нумар прыйшоў толькі падпісчыкам і ў асобныя шапікі Менску і абласных цэнтраў.

У гэтым нумары «Наша ніва» распавяла пра фільм НТВ «Хросны бацька» і рэакцыю на яго беларускіх уладаў.

Камэнтуючы сытуацыю прэс-службе старшыня БАЖ Жанна Літвіна заявіла: «Напрыканцы 2008 году, пасьля вяртаньня ў сыстэму распаўсюду „Нашай нівы“ і „Народнай волі“, былі спадзяваньні, што наступным крокам можа стаць зьняцьцё „блякады“ на распаўсюджаньне астатніх недзяржаўных выданьняў. Але, на жаль, факт зьнікненьня большай часткі накладу „Нашай нівы“, што мела паступіць у шапікі сыстэмы „Саюздрук“, ёсьць сумнай прыкметай ажыцьцяўленьня цэнзуры ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што гаворка ідзе пра дачыненьні двух суб’ектаў гаспадараньня, на якія так любяць спасылацца супрацоўнікі сыстэм распаўсюджваньня.

Тое, што зараз адбываецца, у чарговы раз пацьвярджае, што вяртаньне дзьвюх газэт у сыстэмы „Белпошта“ і „Саюздрук“ было палітычным рашэньнем. Якое, аднак, яшчэ не гарантуе, што гэтыя выданьні будуць пазбаўленыя праблем з распаўсюдам».
Не выпадае чакаць паляпшэньня сытуацыі, пакуль ня скончацца прэзыдэнцкія выбары.

Паводле намесьніка старшыні «БАЖ» Андрэя Аляксандрава, сытуацыя з газэтай «Наша Ніва» цалкам кладзецца ў рэчышча дзеяньняў беларускіх уладаў у дачыненьні да СМІ:

«Увесь 2010 год мы назіраем пагаршэньне сытуацыі зь недзяржаўнымі мэдыямі і журналістамі: у гэтым шэрагу стаяць і папярэджаньне „БАЖ“ і некалькім друкаванымі СМІ, і новая хваля ператрусаў з канфіскацый тэхнікі ў журналістаў. На вялікі жаль, не выпадае чакаць паляпшэньня сытуацыі, пакуль ня скончацца прэзыдэнцкія выбары». «Асоба кіраўніка дзяржавы ўладамі лічыцца недатыкальнай, і любая крытыка — ці яе асьвятленьне — цэнзуруецца рознымі спосабамі: пачынаючы ад „белых плямаў“ на першых старонках газэт у 1994 годзе і заканчваючы адключэньнем вяшчаньня расейскіх тэлеканалаў на тэрыторыі Беларусі ў 2009 годзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG