Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дасьць беларускай эканоміцы ўдзел у Мытным зьвязе?


На саміце ЭўрАзЭС падпісаная заява пра ўступленьне ў сілу Мытнага кодэксу Мытнага зьвязу Расеі, Беларусі і Казахстану. Ад 1 ліпеня ён дзейнічае паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Казахстанам, ад 6 ліпеня да Мытнага зьвязу далучаецца Беларусь. Што дасьць беларускай эканоміцы ўдзел у Мытным зьвязе?

Ад пачатку дзеяньня Мытны кодэкс не адаб'ецца на беларускай эканоміцы. Яго ўплыў стане заўважным у больш далёкай пэрспэктыве, мяркуе эканаміст Міхась Залескі:

Міхась Залескі
"Ад 6 ліпеня ён нічога ня зьменіць, бо як і ў Расеі, так і ў нас яшчэ няма інструкцыяў. Таму ў тэхналягічным пляне ўсё застанецца па-ранейшаму. А вось у эканамічным пляне нам давядзецца крыху пасунуцца, бо такія гіганты, як Расея і Казахстан, захочуць карыстацца магчымасьцямі нашага калідору на Захад, намі як рынкам і намі як інвэстыцыйным полем. І вось тут нашым бізнэсоўцам і "камандзірам" давядзецца пасунуцца, бо там гэтыя структуры мацнейшыя за нашыя".

Пэрспэктыву адмоўнага ўплыву на беларускую эканоміку з боку Мытнага зьвязу бачыць эканаміст і палітык Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
"Для беларускай эканомікі гэты Мытны зьвяз ня мае ніякіх аб'ектыўных перавагаў і плюсаў, бо ён быў прыняты пад ціскам Расеі. Таму ў кароткатэрміновай пэрспэктыве тут ніякіх плюсаў няма. У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта мінусы, бо нашым прыярытэтам павінна быць уваходжаньне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Знаходжаньне ў гэтым зьвязе фактычна перакрэсьлівае магчымасьць для Беларусі нават весьці перамовы на гэтую тэму".

На пачатку свайго дзеяньня Мытны кодэкс будзе мець станоўчы ўплыў на беларускую эканоміку, але ў будучыні — адмоўны, заяўляе эканаміст і палітык Леў Марголін:

Леў Марголін
"У кароткатэрміновым пэрыядзе гэта будзе мець пазытыўны характар для беларускай эканомікі. Бо зараз наш экспарт на 80—90% скіраваны на Расею. А вось у доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта будзе ня вельмі добры ўплыў, бо гэта ніяк не паспрыяе нашаму ўступленьню ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Гэта ніяк не паспрыяе нашай інтэграцыі з Эўропай. Бо калі мы ўступаем у Мытны зьвяз, то мы ўніфікуем усе нашы стандарты з стандартамі Расеі і Казахстану. А нам трэба было б больш зьвяртаць увагу на ўніфікацыю стандартаў з Эўропай, бо нашая будучыня — разам з Эўропай".

Сваю ацэнку таго, што дасьць беларускай эканоміцы ўдзел у Мытным зьвязе і у прэсавай службе Дзяржаўнага мытнага камітэту адказаць адмовіліся.



Паводле прэсавай службы беларускага прэзыдэнта, дамоўленасьцямі замацаванае захаваньне да 1 ліпеня 2011 года дзейных ставак мытных пошлін на легкавыя аўтамабілі для фізычных асоб. Таксама цягам году ў Беларусі захаваецца нацыянальны рэжым рэгуляваньня гандлю з трэцімі краінамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG