Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Калінкіна: на такіх падставах санкцыі ўжывацца ня могуць


Госьця “Начной Свабоды” шэф-рэдактар “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна.

Рэдакцыя "Народнай волі" атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі за сэрыю публікацый Ільлі Копыла "Нябышына. Вайна вачыма падлетка", надрукаваных у сакавіцкіх выпусках газэты. Паводле міністэрства, газэта распаўсюдзіла інфармацыю, якая дыскрэдытуе партызанскі рух і дзеяньні Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі.

Соўсь: Сьвятлана, ці тлумачыць мінінфармацыі, якая дакладна інфармацыя ва ўспамінах Ільлі Копыла дыскрэдытуе партызанскі рух і дзеяньні Чырвонай арміі?

Калінкіна: Так, цэлы інстытут гісторыі АН шукаў недарэчнасьці і недакладнасьці ў гэтай публікацыі і знайшоў тры "блыхі". Вельмі спрэчныя – я прывяду толькі адзін прыклад. Ільля Копыл пісаў, што тэрыторыя Беларусі вызвалялася вельмі марудна, а гісторыкі сьцьвярджаюць, што вызвалялася яна вельмі хуткімі тэмпамі. Як гэта аспрэчваць – мне цяжка сказаць. Але мне відавочна, што на такіх падставах папярэджаньні, санкцыі да СМІ выносіцца проста ня могуць.

Шчыра скажу, што для мяне ўвогуле дзіўна, што ў мэмуарах знайшлі толькі гэтыя тры маленькія "блыхі", бо мэмуары – гэта асобы жанр. Чалавек апісвае тое, што яму расказвалі, што ён памятае, гэта не навуковая праца, гэта не патрабуе дакладнай працы з дакумэнтамі. Я чакала, што нейкіх недакладнасьцяў будзе значна болей, бо нават у афіцыйных дакладах – мы з вамі іх чуем і аналізуем – і бачым, што там, мякка кажучы, ня ўсё вельмі выверана.

Соўсь:
Ці будзеце абскарджваць папярэджаньне праз суд? Ці спадзяецеся, што яго скасуюць?

Калінкіна: Мы думаем пра гэта, і наш вопыт падказвае, што такія звароты ў судовыя інстанцыі бессэнсоўныя. Судзьдзі ўсё выслухоўваюць, нават пагаджаюцца з довадамі рэдакцыі, а потым кажуць: "Ну, гэта ж не сур'ёзнае пакараньне – папярэджаньне! Таму хай застаецца. Вы выправіце хібы, на якія вам указала Міністэрства інфармацыі, і ўсе будуць задаволеныя." Хаця суды разумеюць, што папярэджаньне – гэта афіцыйная галачка, якая дазваляе прыпыніць выхад газэты, забараніць выхад, пайсьці на нейкія іншыя санкцыі і г.д.

Таму мы думаем, ці трэба марнаваць час, нэрвы, грошы, альбо проста надрукаваць тэкст гэтага папярэджаньня, тлумачэньні Ільлі Копыла, магчыма, тлумачэньні рэдакцыі – і чакаць разьвіцьця падзеяў.

Бо на самой справе, я ўпэўненая, што гэта не зьвязана з публікацыяй Ільлі Копыла, з пікетамі, якія былі каля рэдакцыі, а гэта чарговае папярэджаньне "Народнай Волі" і ўвогуле рэдакцыям незалежных СМІ, гэта проста адзін з крокаў кампаніі падрыхтоўкі ўлады да прэзыдэнцкіх выбараў. Практычна ўсе недзяржаўныя газэты, якія актыўна цікавяцца тэмай палітыкі і грамадзкага жыцьця, атрымалі ўжо папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі.

Мы зьвярнуліся да наведнікаў нашага сайту з просьбай задаць пытаньні Сьвятлане Калінкінай. Пытаньні можна паглядзець ТУТ

Слухаць гутарку цалкам і адказы на пытаньні наведнікаў:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG