СЛУХАЦЬ:
Соўсь: У Вашынгтоне Вы тыдзень мелі сустрэчы з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту ЗША, праваабарончых арганізацый. Давайце падсумуем вынікі гэтых сустрэчаў.
Лукашук: Па-першае, хацеў бы адзначыць, што захоўваецца вельмі вялікая цікавасьць да таго, што адбываецца ў Беларусі, да палітычнага працэсу. Асаблівую трывогу многіх людзей, зь якімі я сустракаўся і гаварыў, выклікалі апошнія падзеі, зьвязаныя з ціскам, ператрусам, перасьледам незалежных журналістаў у офісах Хартыі-97, рэдакцыі "Народнай волі". Адна з рэчаў, якая мяне, напрыклад, вельмі ўразіла, гэта тое, што мае суразмоўцы ў розных кабінэтах і офісах Вашынгтону ведалі фактычна адначасна са мной пра тое што адбываецца ў Менску, пра гэтыя дзеяньні, накіраваныя супраць журналістаў. Я сачыў за імі па нашым вэб-сайце svaboda.org і па электроннай пошце. А яны ведалі практычна праз 2-3 гадзіны пра ўсё, што адбылося. Вось гэты ўзровень інфармаванасьці паказвае, што ёсьць пастаяннае зацікаўленьне, людзі сочаць, людзі разумеюць кантэкст у якім адбываецца, і вельмі гэтым устрывожаны. І прадстаўнікі арганізацый, якія працуюць зь беларускімі NGO, і палітыкі, і людзі, якія працуюць у дасьледчых інстытутах, і супрацоўнікі Дзярждэпартамэнту добра інфармаваныя, усё ведаюць і ўважліва сочаць за сытуацыяй.
Соўсь: Вы ўзялі інтэрвію ў былой амбасадаркі ЗША Карэн Ст’юарт, якая цяпер зьяўляецца дарадцам намесьніка сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Майкла Познэра. Якія яшчэ былі сустрэчы, кантакты?
Лукашук: Пакуль я чакаў у Дзярждэпартамэнце, каб увайсьці на гэтую сустрэчу, у Бюро дэмакратыі, правоў чалавека і працы, дзе працуе Сьцюарт, у калідоры я пабачыў знаёмага, чый голас ня раз чулі слухачы Радыё Свабода – Джорджа Крола, колішняга амбасадара ЗША ў Беларусі. Зараз ён намесьнік Дзяржсакратара па справах Цэнтральнай Азіі. Наша размова ішла па-беларуску. Джордж Крол не забыўся на беларускую мову, выдатна памятае пра сваю працу ў Менску, і нашу гутарку ён скончыў словамі: "Маё сэрца ў Беларусі, ня гледзячы на тое, дзе я працую". Такія самыя ўспаміны пра Беларусь і ў Карэн Ст’юарт. Сярод маіх гутарак я бы адзначыў гутарку з амэрыканскім палітыкам, імя якога добра вядомае ў Менску і ў адміністрацыі прэзыдэнта Лукашэнкі, і прадстаўнікам палітычнай апазыцыі, недзяржаўных арганізацыяў. Дэвід Крэмэр, былы намесьнік дзяржсакратара пра правах чалавека, дэмакратыі і працы. Ён прыяжджаў у Менск.
Джордж Крол не забыўся на беларускую мову, выдатна памятае пра сваю працу ў Менску, і нашу гутарку ён скончыў словамі: "Маё сэрца ў Беларусі, ня гледзячы на тое, дзе я працую"
Нагадаю, што палітыка санкцыяў працягваецца, хаця і абмежаваная. Магчыма, стала менш заяваў і гучных словаў, але ў сувязі з тым, што пачало зараз адбывацца ў Беларусі, беларускія ўлады хутчэй самі робяць так, што прыцягваюць больш і больш пільную ўвагу амэрыканскай палітычнай эліты да ўнутранай сытуацыі ў Беларусі.
Соўсь: Вы казалі, што амэрыканская эліта добра інфармаваная пра падзеі ў Беларусі. А што да сайту Радыё Свабода? Ці чытаюць Вашыя суразмоўцы ангельскамоўную ці беларускую старонку нашага сайту?
мае суразмоўцы ў розных кабінэтах і офісах Вашынгтону ведалі фактычна адначасна са мной пра тое што адбываецца ў Менску, пра гэтыя дзеяньні, накіраваныя супраць журналістаў
Я меў магчымасьць сустрэцца зь некаторымі прадстаўнікамі беларускай эміграцыі, беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку і тут у Вашынгтоне. Яны займаюцца даволі актыўнай лабісцкай дзейнасьцю, праводзяць сустрэчы. Імёны лідэраў гэтай дыяспары добра вядомыя ў калідорах улады ў Вашынгтоне, да іх вельмі прыхільнае стаўленьне. Так што знайсьці крыніцы інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі ў век інтэрнэту – невялікая праблема. Было б жаданьне. А жаданьне, выглядае, ёсьць, што і яно, магчыма, будзе нарастаць.