Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць Оскараў у пустыні рэальнасьці


ШЭСЬЦЬ ОСКАРАЎ У ПУСТЭЛЬНІ РЭАЛЬНАГА

Кэмэран - Бігелоў - 3:6! Улічваючы пракатны ды прастадушны глядацкі посьпех Кэмэранава стварэньня такі вынік можна лічыць менавіта поўным разгромам. Пры гэтым любая спроба розумам спасьцігнуць лёгіку выбару амэрыканскіх кінаакадэмікаў - гэта простая дарога да кансьпіралёгіі той або іншай ступені дасканаласьці.

"The Hurt Locker" вельмі хібна пераназваны ў рускім пракаце "Уладаром буры"; такі назоў наладжвае на чаканьне кананічнага баявіка, i гэтае чаканьне падманвае. "Мэдальён з болем" - менавіта так, з намёкам на знаёмую старэйшым пакаленьням "акопную праўду". Гучыць інтымна і журботна. Я б рызыкнуў растлумачыць трыюмф "Мэдальёна" новымі інтэнцыямі ў розумах кінамастакоў. Пачалося гэта з Вачоўскіх, збольшага згуляла і ў "Аватары" Кэмэрана, але Бігелоў давяла як мастак тэму да лягічнага канца. Сутнасьць - агіда да віртуальнасьці, прага сапраўднага быцьця, якім бы яно ні зьявілася.

А што можа быць рэальнейшым, чым вайна? Рэжысэрка абрала для стужкі канцэнтраваную выяву адной з тых самых войнаў, што былі выкліканыя да жыцьця абвальваньнем вежаў-двайнят, у сувязі зь якім Славой Жыжак сказаў сваю знакамітую фразу: "Сардэчна запрашаем у пустыню рэальнасьці".

Хісткая "дакумэнтальная" камэра і натурныя здымкі ў засушлівай пустыннай атмасфэры, фізычна адчувальны доўгі час - гэта, здавалася б, абсалютнае адмаўленьне рэндэрнай эстэтыкі "Аватара". Але не зусім яно так: фільм Бігелоў кажа "0", дзе фільм Кэмэрана сьцьвярджае "+", або прасоўвае "жоўтае" супраць "лёгкага". І нават у сфэры сэнсу мы бачым не матэматычную замену знакаў. Бігелоў не прымае спрошчанага рашэньня сусьветных праблем, прапанаваных сцэнарам "Аватара", а адмаўляецца іх вырашаць наогул.

Таму спачатку здаецца, што салдаты ў яе кінастужцы ажыўляюць прызабыты рыцарскі (або, калі заўгодна, самурайскі) этас незадуменнага дзеяньня. Яны проста робяць сваю ваенную справу з максымальнай эфэктыўнасьцю, з прафэсійным запалам, пакідаючы абстрактным палітыкам разьбірацца з абстрактным глябальным сьветам. Іх гнеў узьнікае і згасае на адлегласьці выцягнутай рукі - у вобласьці існаваньня асабіста ім знаёмых чалавечых істот. "Добрая праца!" - так яны адгукаюцца аб трапным стрэле, а вораг удалечыні ня злосны й ня добры, ён –частка небясьпечнага вонкавага асяродзьдзя, у якім заўсёды трэба быць напагатове. Але адчуваньне самурайскай абыякавасьці вельмі хутка разьвейваецца, бо ў фільме колькі салдатаў - гэтулькі й непаўторных пазыцый. Мець асабістае меркаваньне, або, хай сабе, асабісты варыянт адмовы ад яго - недазваляльная раскоша для самурая, абавязанага жыць толькі мэтамі свайго гаспадара. У амэрыканскіх байцоў, як яны паказаныя ў "Мэдальёне" гаспадар адзін - сама вайна, і адносіны ў кожнага зь ёй непаўторныя.

- At least I'll die in the line of duty, proud and strong.
- You know, this doesn't have to be a bad time in your life. Going to war is a... is a once in a lifetime experience, it could be fun.

(- Прынамсі, я памру, выконваючы абавязак, горды і моцны.
- Ведаеш, гэта ня так ужо й дрэнна. Патрапіць на вайну… такое здараецца раз у жыцьці, гэта можа быць забаўна.)


Разгубленасьць пасьля 9/11 мінула, пачуцьцё віны замуцілася ў калейдаскапічнай стракатасьці вайсковых апэрацыяў, і калі ўжо нельга вярнуцца ў віртуальны аазіс, то давядзецца звыкацца з новым небясьпечным сьветам, знаходзіць у ім сваю любату. Зь цягам часу сумная ўтульная хатка дзе-небудзь у Тэнэсі й бессэнсоўна-багаты "мол" стануць здавацца невыноснымі, а пустэльня кліча… "Мэдальён" канструюе сваю рэальнасьць больш вытанчана, чым кампутарны сурагат, гэта натур-прадукт новага пакаленьня. З другога боку, ад яго перадазаваньня можа ўзьнікнуць і іншае вострае пачуцьцё, якое выкрыкваў паранены жаўнер Оўэн бліжэй да канца кінафільма:

- Let's get out of this fucking desert!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG