Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нафта хавае саюз”


Пад такім загалоўкам БТ паведамляла ў праграме ”Панарама” пра вынікі беларуска-расейскіх перамоваў аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь у 2010 годзе.

Паводле першага тэлеканалу, у правале перамоваў вінаватая Расея.

Маўляў, спачатку першая асоба, шырока ўсьміхаючыся, кажа, што мы пра ўсё дамовіліся, але калі даходзіць да справы, сытуацыя адразу мяняецца. Расейскія чыноўнікі нібыта і ня чулі свайго кіраўніка, пачынаюць проста “дынаміць” любыя перамовы. Так было не аднойчы з газам і цяпер з нафтай. Паводле тэлеканалу ОНТ, у Расеі стала навагодняй традыцыяй перакрываць ці пагражаць перакрыць які-небудзь стратэгічна важны вэнтыль.

Расея не выконвае ўзятыя на сябе абавязаньні, калі абяцае паставіць 6 мільёнаў тон бяз мыта, бо насамрэч дамаўляліся пра 8 мільёнаў тон. Гэта пацьвердзіў на БТ намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Пятрышэнка. Ён сказаў, што на пасяджэньні Вышэйшага дзяржсавету 10 сьнежня закраналіся бязмытныя пастаўкі нафты ў Беларусь. Кіраўнікі краін даручылі віцэ-прэм’ерам выйсьці на ўзаемапрымальнае рашэньне.

Аднак, як цьвердзяць беларускія дзяржаўныя тэлеканалы, расейскія чыноўнікі ігнаруюць распараджэньні свайго прэзыдэнта. Беларускае тэлебачаньне нагадвае, як 6 студзеня расейскія перамоўнікі павезьлі зацьвярджаць узгодненыя дакумэнты кіраўніцтву свайго ўраду, а тое зноў перакрэсьліла ўсе дамоўленасьці.

Беларускія мэдыі таксама ставяць пастаўкі нафты ў кантэкст Мытнага саюзу, які пачаў дзейнічаць ад 1 студзеня гэтага году. Маўляў, беларускі бок дзейнічаў згодна з падпісанымі дамоўленасьцямі, у тым ліку і аб Мытным саюзе. І вось цягам 10 дзён усе бачаць, як адзін саюзьнік прэсуе іншага.

Паводле БТ, за рамкі Мытнага саюзу выводзяць нафту, а гэта робіць бессэнсоўным удзел у падобных міждзяржаўных утварэньнях. Уся нафтавая галіна ў Беларусі апынулася за рамкамі падпісаных прэзыдэнтамі дамоваў аб Мытным саюзе, адзначае ОНТ у праграме “Контуры”. Тэлеканалы выказваюць меркаваньне, што кожны такі канфлікт паніжае аўтарытэт Расеі як рэгіянальнага лідэра і прывабнасьць як партнэра. Цяжка сказаць, хто будзе імкнуцца ў саюз з такім партнэрам.

Таксама тэлеканалы актыўна цытуюць замежныя мэдыі і эўрапейскіх экспэртаў. Паводле нямецкага выданьня “Хандэльсблат”, Масква стала ня самым надзейным партнэрам. З польскіх мэдыяў выбралі цытаты пра “брутальны паліўны шантаж”, а таксама пра тое, што расейцы “раскручваюць чарговую энэргетычную вайну”. Працытавалі і прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанку, які назваў гэта ціскам Масквы на Менск. Нямецкі палітоляг Аляксандар Рар сказаў:

Аляксандар Рар
“Нямеччына ня можа штогод цярпець, каб такія канфлікты неяк трывожылі нямецкага бюргера. На Захадзе баяцца, што нафта зноў ня будзе паступаць на заходнія рынкі, і Захад будзе дывэрсыфікаваць патокі газу і нафты”.

Таксама тэлеканалы абвінавачваюць расейскі бок у тым, што ён імкнецца “забалбатаць” праблему, а ў мэдыі “укідваецца агітка”.

Маўляў, расейскія мэдыі распаўсюдзілі інфармацыю, што пастаўкі на беларускія НПЗ спынены. У “Белнафтахіме” гэта абверглі і заявілі, што сыравіна ідзе паводле старых кантрактаў. Перадаплата зроблена ў аб’ёме больш за мільён тон нафты, а гэта дазволіць цягам першай паловы месяца забясьпечыць перапрацоўку на беларускіх НПЗ. На “Нафтане” адзначылі, што запасаў яшчэ хопіць тыдні на два.

Паводле ОНТ, нафтавая спрэчка паміж Расеяй і Беларусьсю прывяла да росту сусьветных цэн на вуглевадародную сыравіну.

Бакі мяркуюць што наступны раўнд перамоваў будзе больш плённым, а дамоўленасьці ня будуць супярэчыць Мытнаму саюзу. Маўляў, не пасьпеўшы ўмацавацца, Мытны саюз ужо пачаў страчваць імідж у вачах некаторых назіральнікаў.

Таксама тэлеканалы згадваюць міністра энэргетыкі Расеі Сяргея Шматко, які сказаў пра гатоўнасьць да льготных паставак у абмен на ўваходжаньне расейскага капіталу ў прадпрыемствы беларускай нафтавай інфраструктуры. Цікавасьць выявілі “Лукойл”, “Сургутнафтагаз”, “Роснафта”. Тэлеканал таксама заяўляе, што ў Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласьцях падраблялі прадукцыю, якую выпускае “Нафтан”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG