Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладэчна, вуліца Вялікі Гасьцінец, 72


Шыльда свабоды
Маладэчна, вуліца Вялікі Гасьцінец, 72
У гэтым доме зь сярэдзіны 1980-х і да пачатку 1993 году жыў выдатны беларускі гісторык, патрыёт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху Мікола Ермаловіч.
Мікола Ермаловіч — адзін з найярчэйшых людзей найноўшай гісторыі Беларусі.

Не ў сталіцы, не ў акадэмічным інстытуце ці на ўнівэрсытэцкай катэдры, а ў правінцыйным горадзе, сам-насам з уласнымі думкамі ён зрабіў вялікае адкрыцьцё ў навуцы, якое абгрунтоўвала гістарычнае права беларусаў на дзяржаўную самастойнасьць.

Праца «Па сьлядах аднаго міту» стала культавай для беларускіх патрыётаў, а імя яе аўтара Міколы Ермаловіча — сымбалем плёну навуковага і грамадзянскага вальнадумства.

Ягоная праца ў Маладэчне, па сутнасьці, была працай навукоўца-падпольшчыка. Ягоныя дасьледаваньні — дысыдэнцтвам. А сам факт працы над рукапісамі і першакрыніцамі чалавека, які амаль ня бачыў, быў подзьвігам.

Ён рэгулярна курсіраваў электравікамі ў Менск, дзе ў беларускай залі нацыянальнай бібліятэкі ня толькі чытаў і натаваў. У калідоры яго заўсёды чакалі прагныя да праўды асьпіранты, студэнты. І Ермаловіч апрабоўваў перад імі свае «крамольныя» тэорыі. А ў сваёй маладэчанскай кватэры пісаў ня толькі гістарычныя працы, але і свае «Гутаркі», якія сталіся фактам падпольнай, самвыдавецкай публіцыстыкі. Успамінае тагачасны лідэр маладэчанскай патрыятычнай моладзі, краязнавец Міхась Казлоўскі:

«Ён калісьці гаварыў, што была нейкая нарада, на якой наша мясцовае кіраўніцтва казала пра пагрозу нацыяналізму ў грамадзтве. А Ермаловіч са сьмехам адказаў: „И у нас есть подобное ископаемое“. Якраз у тыя часы, у 1970-я гады, і выходзілі ягоныя „Гутаркі“. Безумоўна, ён гэта не афішаваў. Казаў мне: „Вось людзі пішуць, пачытай“. Пазьней я ўжо зразумеў, што іх ён сам пісаў і друкаваў».

Шмат хто ў Маладэчне і чытаў тыя «Гутаркі», і слухаў публічныя выступы выдатнага гісторыка, прыкладам, у моладзевай суполцы «Беларуская хатка». Мікола Ермаловіч і слынны краязнаўца Генадзь Каханоўскі, якіх часта называлі мясцовымі Кірылам і Мяфодзіем, былі цэнтральнымі фігурамі ўнікальнага беларускага асяродку, які існаваў у Маладэчне.

Міхась Казлоўскі кажа:

«Калі тычылася нейкай важнай, прынцыповай пазыцыі, Ермаловіч казаў: «Разумны чалавек на кампраміс ідзе,а на капітуляцыю — не!»

Мікола Ермаловіч загінуў пад коламі аўтамашыны ў Менску. Яго імя і працы назаўсёды застануцца ў падмурках беларускай незалежнасьці.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG