Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў школах +12?


Многія беларускія школьнікі ў гэтыя марозныя дні вучацца ў верхняй вопратцы. Асноўная прычына — эканомія энэргарэсурсаў. Пра яе і іншыя непрыемнасьці ўстановаў адукацыі сёньня паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».


ГОМЕЛЬШЧЫНА


У пацярпелай ад пажару школе палілі больш як дзясятак печак


У вёсцы Бабунічы Петрыкаўскага раёну згарэла школа. Пажар здарыўся з-за парушэньня правілаў выкарыстаньня пячнога ацяпленьня.

Бабуніцкую сярэднюю школу раёну ацяплялі дзедаўскім спосабам — палілі дровы ў грубках. Іх у школе больш за дзясятак. У спартовай залі грубку неабачліва перагрэлі так, што ноччу 18 сьнежня, тут здарыўся пажар. Пасьля пажару больш за сотню школьнікаў мусілі разьмяркоўваць каго куды:

Апавядае жыхарка Бабунічаў:

«Спартзаля — гэта такая прыбудова збоку. І вось гэтая прыбудова выгарала. Увесь будынак дымам пашкодзіла. Дзеці цяпер вучацца ў сельскім савеце, у дзіцячым садку і ў клюбе».

У сельскім савеце ня тое, што ў школе, там — Ташкент.
Маці школьнікаў, якія навучаюцца цяпер у розных месцах, паведаміла, што сёньня ўранку наведала і клюб, і сельскі савет. У клюбе было цёпла, дзеці сядзелі распранутымі. А ў сельскім савеце ёй спадабалася яшчэ больш, чым у школе:

«У сельскім савеце сын вучыцца. Там вельмі цёпла. Сапраўдны Ташкент! Цёпла-цёпла, горача нават. У школе, што пацярпела ад пажару, грубкі. А ў сельскім — паравое ацяпленьне, батарэі. Абаграюць вельмі цёпла».

У Бабунічах узводзяць новую двухпавярховую школу, але здадуць яе хіба толькі да пачатку наступнага навучальнага году.

Пацярпелую ад пажару старую школу дапамагаюць аднавіць і настаўнікі, і бацькі:

«Старую школу імкнемся адрамантаваць — бацькі дапамагаюць, настаўнікі. Сказалі за канікулы зрабіць. Я асабіста была там — мылі, усё рабілі. Там вельмі шмат работы. Усё сьмярдзіць гарэлым: дым пайшоў па ўсёй школе. Там толькі два кабінэты ацалелі. А ўсё астатняе чорнае, задымленае. Мылі, скрэблі ўсё. Шпалеры будзем новыя клеіць».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Дзеці мерзнуць, бо школы эканомяць паліва


У Магілёве дзеля эканоміі паліва ў школах часам парушаюцца санітарныя нормы ацяпленьня памяшканьняў. Тэмпэратура ў клясах пасьля выходных і канікул — толькі дванаццаць градусаў.

Пасьля шматлікіх бацькоўскіх скаргаў чыноўнікі прызналі, што эканоміць загадалі яны. А афіцыйныя крыніцы апраўдваюць чыноўніцкія распараджэньні тым, што іх дзеяньне закранала толькі той час, калі школы стаяць безь дзяцей. Памяшканьні тады нібыта дазволена ацяпляць у рэжыме прагрэву. Новы старшыня гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка апраўдваецца й публічна называе дзеяньні сваіх падначаленых бяздумнымі:

«Дык што нам даражэй — выкананьне распараджэньня выканкаму або здароўе дзяцей? Тры тыдні мы трымалі дзяцей на канікулах, бо ўзьняліся захворваньні і на грып, і на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі. Потым мы іх прывялі ў клясы з дванаццацьцю градусамі з-за таго, што сьлепа выконвалі распараджэньні выканкаму, і потым зноў мелі пэўны ўзровень хворых».

Прызнаваць памылкі чыноўнікаў змушаюць скаргі


Прызнаць факты парушэньня санітарных нормаў чыноўнікаў змусілі шматлікія скаргі бацькоў. Паводле Станіслава Барадаўкі, свае скаргі бацькі пішуць дробным почыркам на трох аркушах.

Што да настаўнікаў, то на прэтэнзіі бацькоў яны найчасьцей адказваюць — вінаватыя ўлады, мы зрабіць нічога ня можам. Гаворыць маці дзьвюх школьніц Алена:

Калі няма дзяцей у школе, кладуць градусьнік, і калі тэмпэратура вышэйшая за дванаццаць градусаў, то тады школы караюць.
«Першая зьмена, малодшыя клясы сядзяць адзетыя — у куртках, ботах. Пакуль прапаліцца памяшканьне. Калі мы задаем настаўнікам пытаньне, чаму такое адбываецца, — яны адказваюць, што можа ў любы дзень прыйсьці праверка. Калі няма дзяцей у школе, кладуць градусьнік, і калі тэмпэратура вышэйшая за дванаццаць градусаў, то тады школы караюць».

Паводле суразмоўніцы, самі настаўнікі цярпяць ад такой эканоміі. На канікулах яны самі сядзяць у памяшканьнях апранутымі.

Ці зьменіцца сытуацыя пасьля прызнаньня чыноўнікамі праблемы, цікаўлюся ў спадарыні Алены:

«Сытуацыя, я мяркую, ня зьменіцца, бо ўжо проста эканоміць няма на чым. Заводы даўно ўжо адключаныя. А на чым яшчэ эканоміць? Жылыя дамы ж не адключаць, а школы — можна».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У школе вецер гуляе


З-за таго, што ў выходныя зьмяншаюць ацяпленьне, мерзнуць сёньня дзеці і ў школах на Гарадзеншчыне.

Настаўніца смаргонскай школы распавядае: ад пачатку маразоў у іх пачалі рамантаваць сыстэму ацяпленьня. У некаторых клясах батарэі амаль ня грэлі. Бацькі пачалі скардзіцца.

«У пятніцу, напэўна ў мэтах эканоміі, ацяпленьне адключалі, і на панядзелак клясы не награваліся. Але зараз пачалі рэгуляваць, і ў школе цёпла».

На тое, як ацяпляюцца школы, настаўнікі пераважна ня скардзяцца. Праўда, у некаторых старых будынках ёсьць іншыя праблемы. Вось што распавяла мне настаўніца Цыдавіцкай школы, што ў Гарадзенскім раёне:

«Ведаеце, на другім паверсе ў нас занадта цёпла, а на першым вецер гуляе, хаця і дзьверы ўшчыльнілі. Усё роўна нешта ня тое».

Настаўніца з Васілевіцкай школы кажа, што ў кожным клясе зараз у іх ёсьць тэрмомэтры. І, хоць школа ацяпляецца ад аднае кацельні, тэмпэратура ў розных клясах розная:

«З ацяпленьнем у нас сярэдненька: дзе 18, дзе 20 градусаў, у кожнай клясе па-рознаму. Але я не скажу, каб мы ўжо мерзьлі».

ВІЦЕБШЧЫНА


Супрацоўнікі Віцебскага абласнога аб’яднаньня па арганізацыі пазашкольнай працы зь дзецьмі ды падлеткамі скардзяцца на халадэчу ў сваім будынку па вуліцы Фрунзэ.

Дзеці прыходзяць на заняткі, але іншым разам не распранаюцца, бо ў пакоях усяго 13-15 градусаў цяпла, а ў калідорах — зусім холадна. Супрацоўнікі ратуюцца абагравальнікамі, якія прыносяць з хаты, але паведамляюць пра гэта толькі ананімна — баяцца праверкі пажарнай бясьпекі.

Яшчэ згадваюць пра тое, што пару гадоў таму вось у такія перадкалядныя маразы ў «жывым кутку» ад холаду перадохлі птушкі ды рыбкі ў акварыюмах. Пэдагогі баяцца, што сытуацыя сёлета можа паўтарыцца, бо хоць у будынку з тае пары і паставілі новыя вокны, сыстэму ацяпленьня як мае быць не наладзілі.

Калі вецер у вокны — то ўсім холадна.
На тое, што холадна ў палатах, ужо ня першы год скардзяцца пацыенты Багушэўскага сухотнага шпіталя. Шпіталь існуе з 1962 году, новых будынкаў тут няма. Старэйшыя супрацоўнікі памятаюць, што сыстэма ацяпленьня ў шпіталі заўжды была слабым месцам: даўней работнікаў нават выпраўлялі зьбіраць сасновыя шышкі, каб забясьпечыць кацельню вось такім мясцовым палівам.

Зараз ацяпляльная сыстэма працуе як мае быць, цьвердзіць галоўны лекар шпіталя Натальля Лясная. Скаргі пацыентаў яна зьвязвае хіба што зь нядаўняй аварыяй, калі марозу ня вытрымалі трубы:

«Аварыя здарылася на трасе ЖКГ. Яе ліквідавалі за тры-чатыры гадзіны. Раней у нас сапраўды было холадна, а цяпер у будынку тэмпэратура нармальная. Думаю, што і ў вас бывае холадна, калі вецер у вокны? Так і ў нас бывае цяплей і халадней. Але ў прынцыпе ў нас ніхто яшчэ не замерз».

Галоўны лекар Натальля Лясная кажа, што шчыліны ў старых аконных шыбах па мажлівасьці замазалі і заклеілі. Увогуле ж тут ужо даўно чакаюць капітальнага рамонту, на які выдзелена сёлета 750 мільёнаў рублёў. Але грошы найперш пайшлі не на аднаўленьне пяціпавярховага лячэбнага корпусу, а на ўзьвядзеньне плота вакол шпіталя. Справа ў тым, што тут утрымліваюцца ня толькі звычайныя хворыя людзі, але й накіраваныя на прымусовае лячэньне, у тым ліку і зь месцаў пазбаўленьня волі. Плот узводзяць, каб абмежаваць кантакты жыхароў Багушэўску з сухотнікамі, бо тыя раней бесьперашкодна шпацыравалі па мястэчку, ствараючы пагрозу для здароўя іншых. Таму спачатку плот, а потым ужо клопат пра ўмовы ўтрыманьня хворых, якія ўзімку мерзнуць — так вырашылі ў Багушэўскім сухотным шпіталі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG