Шыльда свабоды
Віцебск, вуліца Суворава, 2
У гэтым будынку з 1993 да 1996 году працавала першая ў Віцебску прыватная галерэя сучаснага мастацтва «Ў Пушкіна». 26 лістапада 1996 году ў ёй адбываўся першы зьезд беларускіх нацыяналістаў, які быў разагнаны міліцыяй. На наступны дзень некалькі дэлегатаў зьезду былі арыштаваныя.
У гэтым будынку з 1993 да 1996 году працавала першая ў Віцебску прыватная галерэя сучаснага мастацтва «Ў Пушкіна». 26 лістапада 1996 году ў ёй адбываўся першы зьезд беларускіх нацыяналістаў, які быў разагнаны міліцыяй. На наступны дзень некалькі дэлегатаў зьезду былі арыштаваныя.
Найперш папрасіў дапамогі ў беларускай дыяспары ў ЗША. Тыя сабралі тысячу даляраў. Другую тысячу зарабіў сам на рэстаўрацыі. Паўтысячы зь іх пайшлі на хабар аднаму з кіраўнікоў віцебскіх камсамольцаў. Так атрымаў у доўгатэрміновую арэнду памяшканьне ў цэнтры гораду ў будынку ХVІІ стагодзьдзя. На астатнія грошы зрабіў рамонт.
І 23 сакавіка 1993 году ў 0 гадзін 12 хвілін на вуліцы Суворава (былой Узгорскай) выставай постмадэрністаў адкрылася галерэя «Ў Пушкіна». Гаспадар сабраў разам творы амаль усяго свайго пакаленьня — Натальлі Залознай, Ігара Цішына, Сяргея Грыневіча, Руслана Вашкевіча, Алекса Мірончыка, Юрася Анушкі, Сержука Цімохава, Сержука Бабарыкі, Валэна Юрчанкі, Алеся Ксяндзова, Васіля Васільева.
Аж да 1996 году адбываліся ў галерэі шматлікія выставы, пэрформансы. Тады пачаўся ціск на Пушкіна, перадусім фінансавы. Стала зразумелым, што ўлады ўсё роўна не дадуць яму жыцьця. Таму мастак імгненна пагадзіўся на прапанову сябра, паэта Славаміра Адамовіча, правесьці ў галерэі зьезд беларускіх нацыяналістаў.
І вось 26 лістапада 1996 году, перад днём Караткевіча, які ў Віцебску ў найноўшы час рэгулярна ладзілі мясцовыя патрыёты, на зьезд сабраліся 35 дэлегатаў. Успамінае Алесь Пушкін:
«Мы выступалі, і раптам адчыняюцца дзьверы і заходзіць палкоўнік міліцыі. Кажа, што паступіў званок, што будынак замінаваны, а таму просьба пакінуць памяшканьне, а тых, хто не пакіне, выведуць сілаю. І пачалі ачапляць галерэю. Пад’ехалі машыны, павыскоквала шмат мянтоў. Нас усіх выштурхнулі, паставілі пост і цэлы дзень дзяжурылі. Мы тым часам перайшлі ў маю майстэрню. Скончылі зьезд увечары, а раніцай 27 лістапада мы запалілі паходню і пайшлі да помніка Караткевічу, каб ускласьці вянок. Там нас і арыштавалі. Мне далі 15 сутак, Адамовічу — 10, Рымашэўскаму — 10, Юрасю Карпаву — 7. Астатнія ўцяклі. Але людзі, якія засталіся, зноў пашыхтаваліся, зноў узьнялі сьцяг і пайшлі».
У турму да Пушкіна завіталі людзі з гарсавету і сказалі, што дамова зь ім касуецца, бо памяшканьне давалася для мастацкай дзейнасьці, а не для палітычнай. І параілі мастаку зьвярнуцца ў суд, калі ён хоча атрымаць кампэнсацыю за рамонт. У суд Пушкін падаваць ня стаў, а дакумэнты трымае да лепшага часу, калі зьменіцца склад гарсавету:
«Я пастаўлю пытаньне перад гарсаветам аб вяртаньні памяшканьня па вуліцы Суворава, 2 для адкрыцьця зноў галерэі. І калі ў Віцебску зноў адкрыецца галерэя „Ў Пушкіна“, значыць, прыйшла свабода».