Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, вуліца Іванаўская, 56. Газэта “Свабода”


Шыльда свабоды
Менск, вуліца Іванаўская, 56
У гэтым будынку з 1993 да 1997 году працавала рэдакцыя легендарнай апазыцыйнай газэты, галоўным рэдактарам якой быў Ігар Гермянчук. Газэта знаходзілася пад жорсткім ціскам уладаў і была імі ўрэшце забароненая.
Дзеля свабоды, для свабодных людзей і свабоднымі людзьмі рабілася легендарная апазыцыйная газэта 1990-х гадоў «Свабода». Заснаваў газэту літаратар і выдавец Сяргей Дубавец, які пасьля перадаў рэдактарства сябру, журналісту Ігару Герменчуку, дэпутату Вярхоўнага Савету 12 скліканьня.

Зорны час газэты зьвязаны з адрасам: Менск, Іванаўская, 56. Ён зьявіўся ў лістападзе 1993 году ў выходных дадзеных трынаццатага нумару. Дэпутат Ігар Гермянчук змог «выбіць» для рэдакцыі вялізную плошчу ў дзяржаўным будынку амаль у цэнтры гораду. Ужо тады газэта была папулярнай, перадусім дзякуючы артыкулам самога рэдактара і Аляксандра Старыкевіча. Для газэты пісалі журналісты з адкрытай пазыцыяй і вострым пяром — Сяргей Астраўцоў, Алег Грузьдзіловіч, Алесь Дашчынскі, Тэльман Масьлюкоў, Альгерд Невяроўскі, Расьціслаў Пермякоў, Усевалад Рагойша, Віталь Цыганкоў і іншыя.

Газэта перасьледавалася і ўрадам Вячаслава Кебіча, і адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі: ёй забаранялі друкавацца ў дзяржаўных друкарнях, арыштоўвалі яе банкаўскія рахункі, канфіскоўвалі рэдакцыйнае абсталяваньне. На гэты «адрас свабоды» прыходзілі ня толькі журналісты ці чытачы, а і судовыя выканаўцы, міліцыянты, сьледчыя і нават два падпалкоўнікі КДБ з аддзелу барацьбы з тэрарызмам — з-за артыкула пра Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. Рэдакцыя працавала ў экстрэмальных умовах. Займаліся друкам за мяжой, арганізоўвалі сетку распаўсюду, калі ад газэты адмовіўся «Белсаюздрук». Але пасьля кожнага ўдару «Свабода» паўставала, як птушка Фэнікс з попелу. Так было і з нумарам са знакамітым дакладам Сяргея Антончыка аб карупцыі, які быў аддрукаваны накладам 100 тысяч асобнікаў амаль што падпольна, як пазначалася, у «друкарні імя Аляксандра Лукашэнкі».

Рэдакцыя была зьяднаная асобай Ігара Гермянчука і падтрымкай чытачоў, — кажа тагачасны яе супрацоўнік Алесь Дашчынскі:

«У студзені 1995 году ў рэдакцыю на Іванаўскай зьявіўся сьледчы з Генэральнай пракуратуры пасьля публікацыі ў газэце паэмы Ведзьмака Лысагорскага «Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт». Ён шукаў Ведзьмака Лысагорскага і арыгінал яго паэмы. Натуральна, яму далі і арыгінал, і капэрту, у якой паэма трапіла ў рэдакцыю. Сьледчы паведаміў, што супраць галоўнага рэдактара ўзбуджана крымінальная справа за абразу прэзыдэнта, і прапанаваў разам вызначыць кола экспэртаў, якія б прааналізавалі, ці ёсьць у паэме абразьлівыя выразы. Натуральна, галоўны рэдактар на гэта не пагадзіўся і сказаў яму, што Вядзьмак даслаў працяг паэмы. І ўжо ў лютым 1995 году газэта друкуе дзьве паэмы разам на адной старонцы: «Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт» і «Лука Мудзішчаў адказвае Ведзьмаку Лысагорскаму», і побач літаратуразнаўчы артыкул «Вядзьмак нічога ня выдумаў».

Такая «Свабода» дорага каштавала Ігару Герменчуку: некалькі крымінальных спраў і ўрэшце стрэлы па вокнах ягонага дома. 24 лістапада 1997 году «Свабоду» забаранілі, і рэдакцыя пакінула Іванаўскую, 56, хоць яшчэ некаторы час на гэты адрас прыходзіла карэспандэнцыя для адроджанай газэты пад назовам «Навіны».
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG